Канфіскацыя аўтамабіля і штраф у памеры 300 базавых велічынь — так быў пакараны расіянін, які прыехаў у Магілёў да сваякоў жонкі з... пісталетам і патронамі.
— У Расіі дазволена захаванне і нашэнне агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння, а ў Беларусі — не. Але госць пра гэта не ведаў і з пісталетам у сумцы пайшоў у Магілёве на плошчу Славы адзначаць свята. Пры асабістым даглядзе ён прад'явіў пісталет супрацоўнікам АМАП і адразу ж быў затрыманы, — паведаміла старшы памочнік пракурора Магілёва Марыя ІВУЦІНА.
У дачыненні да расіяніна былі распачатыя адразу дзве крымінальныя справы — за незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі і за яе незаконнае захаванне, перавозку і нашэнне. З улікам выключных абставін яму прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 300 базавых велічынь і канфіскацыі аўтамабіля, на якім ён прывёз пісталет, — па законе гэта сродак здзяйснення злачынства.
Абвінавачаны не пагадзіўся з канфіскацыяй аўто і абскардзіў рашэнне суда. Аднак судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда прысуд першай інстанцыі пакінула без змены, ён ужо ўступіў у законную сілу.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/pistalet