Такую думку выказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі Марціньшам Вірсісам, якая адбылася на пачатку тыдня.
Тэрмін кадэнцыі дыпламата падышоў да заканчэння, таму спікер верхняй палаты беларускага парламента падзякаваў яму за асабісты ўнёсак ва ўмацаванне і развіццё беларуска-латвійскіх адносін і супрацоўніцтва.
— Я мяркую, што той зачын, які быў зроблены дзякуючы вам, будзе добрым прыкладам для вашага пераемніка, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Ён звярнуў увагу на тое, што беларускі бок заўсёды будзе імкнуцца да далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і садзейнічаць умацаванню інтарэсаў дзвюх краін на міжнародных пляцоўках.
Дарэчы, тавараабарот, які склаўся летась, дэманструе нядрэнную дынаміку: прыкладна 600 мільёнаў долараў і рост на траціну ў параўнанні з 2017-м.
— Гэта добра, — ахарактарызаваў вынікі двухбаковага гандлю за 2018 год спікер верхняй палаты беларускага парламента і падкрэсліў, што не толькі таварапатокі з'яўляюцца асновай стасункаў: сёння існуе шмат сумесных кампаній, якія вядуць бізнес як у Беларусі, так і ў Латвіі.
— І ў мяне няма такой інфармацыі, што існуюць непераадольныя пытанні ці тыя, што маюць вялікія складанасці ў вырашэнні, — адзначыў ён.
Акрамя эканамічных стасункаў бадай што цэнтральнае месца, на думку старшыні Савета Рэспублікі, займаюць міжпарламенцкія кантакты: візіты і падтрымка рабочага дыялогу — гэта вельмі добры вынік двухбаковага супрацоўніцтва, якое мае перспектывы для свайго далейшага развіцця.
— Я хацеў бы, каб нашы рэгіёны супрацоўнічалі паміж сабой не толькі дзякуючы кантактам з цэнтра, але і на месцах, бо у нас агульная мяжа і шмат навуковых, універсітэцкіх кантактаў, — агучыў пажаданне Міхаіл Мясніковіч. — Нам таксама трэба досыць актыўна працаваць у сферы турызму, у тым ліку выкарыстоўваючы магчымасці курортаў і здраўніц. Мы будзем рады прымаць вашых грамадзян для аздараўлення.
Спікер верхняй палаты беларускага парламента звярнуў увагу на тое, што нашы народы заўсёды былі дастаткова блізкія, нягледзячы на сур'езныя асаблівасці кожнага з іх, але гэта ніколі не выклікала ніякіх супярэчнасцяў.
У сваю чаргу Марціньш Вірсіс адзначыў, што тыя адносіны, што склаліся за час яго кадэнцыі, могуць стаць добрай пляцоўкай для развіцця розных праектаў, як на міжурадавым, так і міжпараламенцкім узроўнях.
Што датычыцца новага пасла, ён адзначыў, што гэта вельмі вопытны дыпламат, які валодае досведам работы ў такіх краінах як ЗША, Кітай, Польшча, Літва і Фінляндыя.
— У нас ёсць цікавасць да праекта «Вялікі камень» і магчымасці далучыцца да ўдзелу ў ім. Тут дастаткова шмат невядомага, але як чалавек, знаёмы з гэтай краінай, ён будзе садзейнічаць гэтаму працэсу, — ахарактарызаваў Марціньш Вірсіс свайго пераемніка, які прыедзе ў Беларусь у пачатку жніўня.
Вольга АНУФРЫЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/latviya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihail-myasnikovich-2