Федэрацыя прафсаюзаў прыме актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні парламенцкіх выбараў, якія павінны будуць прайсці ў лістападзе. Пра гэта паведаміў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда перад Х пленумам Савета ФПБ.
Мы, як і любое цывілізаванае грамадства, жывём па законах. І якасць законаў вызначае якасць нашага жыцця. Таму вельмі важна, каб заканадаўчы орган быў высокапрафесійным, лічыць прафсаюзны лідар.
— Мы зацікаўлены ў тым, каб людзі, якія прапануюць свае кандыдатуры для абрання дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў 7-га склікання і будуць абраныя, ведалі сітуацыю ў працоўных калектывах, разбіраліся ў пытаннях, чулі і разумелі праблемы насельніцтва, — заявіў Міхаіл Орда. — І нам вельмі важна, каб у тых законапраектах, якія будуць прымацца, дэпутатамі ўлічвалася меркаванне прафсаюзаў і работнікаў.
Федэрацыя прафсаюзаў — адна з самых масавых грамадскіх арганізацый у краіне. Яна ніколі не заставалася ўбаку ад важных палітычных, грамадскіх падзей. І гэтым разам ФПБ плануе вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў і прыме актыўны ўдзел у назіранні за выбарамі. «Мы падтрымаем кандыдатаў у дэпутаты і праграмы, сугучныя з кірункамі і прынцыпамі, якіх прытрымліваецца ў сваёй рабоце Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі», — адзначыў кіраўнік прафсаюзаў.
У 2016 годзе больш за шэсць тысяч назіральнікаў ад ФПБ былі акрэдытаваны для маніторынгу парламенцкіх выбараў. У складзе ўчастковых выбарчых камісій працавала каля дзевяці тысяч прафсаюзных прадстаўнікоў.
Святлана БУСЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/parlamenciya-vybary
[6] https://zviazda.by/be/tags/federacyya-prafsayuzau
[7] https://zviazda.by/be/tags/gramadstva