Тэму кнігі аповесцей «Закон захавання кахання» Зінаіды Дудзюк адлюстроўвае назва серыі, у якой выданне пабачыла свет, — «Жаночыя лёсы» (серыя заснавана сёлета выдавецтвам «Чатыры чвэрці»). Любы твор такога кшталту абяцае асаблівую вандроўку па жаночай душы, але мэта ў кожнага падарожжа свая.
Нягледзячы на тое, што ў полі зроку аўтара мінулае, узнікае адчуванне: героі сучасныя і з іх вуснаў гучаць надзённыя выказванні. Сувязь з сённяшнім часам вынікае праз аналіз шматлікіх акалічнасцей жыцця і вёскі, і горада ў 90-я гады мінулага стагоддзя: гэта развагі пра асабістыя стасункі, мастацтва і літаратуру, а галоўнае — мінулае і будучыню савецкага і постсавецкага чалавека. Гаворка ў асноўным пра аповесць, якая дала назву кнізе. Характэрнае апісанне часу ў кантэксце літаратуры дае галоўная гераіня: «Цяпер усё змянілася, запанавала спажывецкая зацікаўленасць, у тым ліку і ў літаратурных прыярытэтах, дзе пераважае лёгкае чытво: дэтэктывы і любоўныя раманы. У метро мала хто чытае. Мінуў час лірыкаў, настаў час эканамістаў і юрыстаў». З гэтым выказваннем можна пагадзіцца, улічваючы асаблівасці таго часу, пачуцці разладу і пакінутасці, што панавалі ў душах людзей. Але ёсць лагічнае пытанне: ці маглі людзі, нібыта ўсё жыццё схільныя да чытання лепшых узораў сусветнай літаратуры, раптам перакінуцца на сумніўныя любоўныя раманы і дэтэктывы?
Галоўная гераіня аповесці Ада насуперак маці і мужу паступіла на Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце ў Маскве. Перад тым скончыла філфак Мінскага педінстытута, працавала ў раёнцы (сувязь з біяграфіяй самой З. Дудзюк). Адметна тое, што замуж яна пайшла пад націскам маці, паставіўшы адну ўмову: дзяцей не будзе, пакуль не скончыць педінстытут. Хутчэй нібыта хацела патлумачыць: Ада ў такіх умовах зрабіла неймаверны крок да свабоды, адмовіўшыся ад звыклай працы і сям’і на карысць справы, якой хоча займацца незалежна ад меркаванняў сваякоў.
У марах — той адзіны, якога яна некалі прысніла, а праз некаторы час сустрэла. На пачуццях да гэтага вобраза, па сутнасці, і будуецца гісторыя працягласцю ў два гады вучобы ў Маскве. Ада піша вершы, прысвечаныя каханню да Лятаўчыка (так ласкава яна называе каханага ў думках). Дык што ж зацікавіла ў ім гераіню, акрамя знешнасці і спеваў? Логіка паводзін гэтага героя незразумелая, а калі гаварыць пра вартасці асобы, то той жа эгаіст, якімі паказаны амаль усе астатнія мужчыны ў творы. Летуценні гераіні ў поўным дысанансе з патокам прыземленых пачуццяў і сімпатый, скіраваных на яе з боку іншых мужчын. «Недаступная жаноцкасць» — так ахарактарызаваў адзін з кавалераў тое, чым прываблівае Ада. Не знаходзячы магчымасці адказаць каму-небудзь узаемнасцю, гераіня аднойчы трапна прыкмячае: «…ты шчыры праваслаўны вернік, можаш сабе дазволіць награшыць, потым пакаешся і зноў будзеш рабіць тое самае. А я нехрышчоная, мне нельга грашыць, бо няма перад кім каяцца, толькі перад сабою, а гэта значна цяжэй і страшней, чым перад Богам».
Каханне — натхненне — творчасць: такі, згодна з творам, ланцужок закона захавання кахання. Імкненне сваімі вершамі адгукнуцца ў нечай душы захапіла Аду. Пра гэта сведчыць і канец аповесці: надзеі на шчаслівае жыццё гераіні ў чытача мала. Больш жыццесцвярджальным твор мог бы стаць, калі б Ада пазбавілася пакут, асэнсаваўшы сумніўнасць адносін з жанатым і ў сутнасці далёкім ад яе чалавекам, але яна працягвае тужыць, выліваючы пачуцці ў творчасць, бо гэта і ёсць закон захавання кахання. Але ці каханне гэта?..
Вобраз галоўнай гераіні прапісаны аўтарам дэталёва, асабліва што тычыцца імкнення да справядлівасці. Так, у гутарках з людзьмі з розных краін яна праз гісторыю даводзіць самастойнасць беларусаў як нацыі. Але прысутнасць прыкмет публіцыстычнага жанру пайшла не на карысць: шматлікія гістарычныя даведкі, закладзеныя ў дыялогі, выглядаюць неяк неарганічна, хаця некаторыя з іх сапраўды былі неабходныя. Так, не раз згадваецца трагічная гісторыя Марыны Мнішак, на прыкладзе якой выяўляецца стаўленне Ады да жанчын.
Нягледзячы на прытрымліванне традыцыі рэалізму, відавочнае і імкненне аўтара да рамантызму. Пра гэта кажуць перш за ўсё імёны герояў: Ада Літвінка, яе муж — Мечыслаў, каханы — Касьян Цымбалевіч і інш. Крыху больш набліжана да жыцця другая, найбольш дасканалая, аповесць — «Ніка». Гэта ўспаміны Веры, якая ўступае ў дарослае жыцце. Яна імкнецца жыць суладна з уласным сумленнем, і развіццё яе характару цалкам паддаецца разуменню. У аповесці захаваны патрэбны псіхалагізм, створана дакладная карціна часу (што важна, без ацэнак), гісторыю дапаўняюць непадобныя адно да аднаго персанажы, за якімі цікава назіраць. Твор выклікае пачуццё цеплыні, якое прыходзіць са згадкамі пра дзяцінства.
Трэцяя аповесць «Бедагоны» падобная да спрэчнага жаночага рамана, якому імкнуліся дадаць наватарства. Тут ёсць і сцэны кахання, і дыялогі, і нават апісанні псіхілагічнага і фізічнага гвалту. Аповесць пакідае неадназначнае ўражанне, у тым ліку з-за такіх эпізодаў: «Зялёны світар споўз з яе, быццам змяіная скура. Яго адзенне аказалася зваленым на падлогу, як паламаныя крылы Ікара». Некаторыя дыялогі выглядаюць банальнымі.
Галоўная гераіня Нона — асоба нясталая, з-за гэтага, а не з-за жыццёвых умоў, як вынікае з сюжэту, і ўзнікаюць праблемы. Больш за ўсё Нону можа ўразіць уменне сказаць тое, што хочацца пачуць. Абраннікі карыстаюцца яе наіўнасцю. Апошнім кавалерам аказаўся транссексуал, за якога яна пайшла замуж, на чым і будуецца праблематыка твора. Але ў параўнанні з папярэднімі гісторыя не надта праўдзівая, хоць і завяршаецца сыходам Ноны з сям’і, дзе муж яе зневажае і б’е. Так ён дэманструе мужчынскія якасці.
Пераважная большасць герояў твораў Зінаіды Дудзюк няшчасныя: лічаныя выпадкі, дзе, сустрэўшыся маладымі і прыняўшы поўнасцю адно аднаго, людзі прайшлі жыццёвы шлях, няхай нават цяжкі, разам. У асноўным персанажы твораў абдзелены любоўю і вымушаны трываць жыццё адзінокімі або з нялюбымі. Як правіла, гэта жанчыны. Так, у творах яны заўсёды пакутуюць ад кахання, а мужчыны падаюцца як вольныя асобы, якія патрабуюць падпарадкоўвацца. Можна прасачыць знакі прыблізнасці: мужчына — сіла, жанчына — пачуцці.
Размежаванне лёсу мужчын і жанчын у Зінаіды Дудзюк відавочнае. Не супрацьстаянне — рознасць, якая носіць у кнізе негатыўны пасыл. Большасць мужчын выступаюць як знаўцы «сапраўднага прызначэння» жанчыны. У сваю чаргу адна з гераінь дае такую характарыстыку: «… мужчыны не ведаюць, з якімі цяжкасцямі даюцца дзеці. Яны толькі паляўнічыя, якія жадаюць лёгка жыць і не абцяжарваць сябе лішнімі праблемамі». Далей яна прыводзіць прыклады, з аднаго боку, красамоўныя, з іншага — неадназначныя: Петрарка, які моцна кахаў Лаўру, але меў шмат пазашлюбных дзяцей; Блок, які шукаў ідэальнае каханне, але, ажаніўшыся, хадзіў па публічных дамах. Але персанажам-мужчынам нададзена не так шмат увагі, каб можна было нешта пацвердзіць альбо абвергнуць. Вобразы не заўсёды выглядаюць пераканаўча. Жанчыны ж вымалёўваюцца з любоўю, ім хочацца верыць. Праўда, ва ўсіх аповесцях думкі і памкненні гераінь настолькі падобныя, што пад канец чытання іх ужо цяжка адрозніць. Цікава прасачыць і за асобамі, у чымсьці няправільнымі, не цалкам станоўчымі, якіх хапала ў аповесці «Ніка». Але яны засталіся другараднымі.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/krytyka