На сталічным катку «Алімпік Арэны» са сваімі новымі праграмамі выступілі вучні прызёра Алімпійскіх гульняў, заслужанага трэнера Расіі па фігурным катанні Аляксандра Жуліна.
Сваё майстэрства прадэманстравалі іспанцы Сара Уртада і Кірыл Халявін, сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету ў танцах на лёдзе, сярэбраныя прызёры фіналу Гран-пры, чэмпіёны Расіі, бронзавыя прызёры каманднага чэмпіянату свету Вікторыя Сініцына і Мікіта Кацалапаў, чэмпіёны зімовай Універсіяды ў танцах на лёдзе, бронзавыя прызёры юніёрскага чэмпіянату свету, трохразовыя чэмпіёны Украіны Аляксандра Назарава і Максім Нікіцін, а таксама кітайскі танцавальны дуэт Чэнь Сізі і Сінь Цзяньін, і чэмпіёны Кіпра Ангеліна Кудраўцава і Ілля Каранкевіч. Не абыйшлося шоу і без удзелу беларусаў, найлепшай пары краіны Ганны Кублікавай і Юрыя Гуліцкага. Таксама чатыры беларускія юніёрскія пары, якія трэніруюцца ў Аляксандра Жуліна, прадставілі свае нумары. Усяго ў шоу была прадэманстравана 21 праграма.
- Пасля гэтага шоу, спадзяюся, у Беларусі з'явіцца больш дзетак, якія займаюцца фігурным катаннем, - адзначыў Аляксандр Жулін. - Гэта шоу атрымалася ў нас спантанна, мы толькі-толькі паставілі гэтыя праграмы, будзем іх яшчэ дапрацоўваць. Працаваць трэба вельмі шмат.
Пары Жуліна напярэдадні скончылі працяглы збор у Раўбічах. Настаўнік адзначыў, што гэта былі першыя зборы ў Беларусі і іх якасць яму вельмі спадабалася.
- Трэніровачная база ў Раўбічах мне вельмі спадабалася, нам далі дзевяць гадзін лёду ў дзень, а часта менавіта часу на лёдзе і не хапае. Мы б хацелі працягваць і ў наступным годзе трэніравацца ў Беларусі, будзем абмяркоўваць гэтае пытанне. Што тычыцца вашай пары Гуліцкі/Кублікава, яны вельмі стараюцца, іх прагрэс заўважны, бо беларусы трэніруюцца разам з другой парай у свеце Вікторыяй Сініцынай і Мікітам Кацалапавым.
Далей група Жуліна пераязджае трэніравацца ў Маскву, а ў верасні ў спартсменаў ўжо пачнуцца міжнародныя турніры.
- Наша падрыхтоўка праходзіць нядрэнна, праграмы пакуль яшчэ “сырыя”, але нам яны падабаюцца, засталося толькі працаваць над іх чысцінёй, мы дадалі шмат новых элементаў, у тым ліку падтрымкі максімальнай складанасці - адзначыў Юрый Гуліцкі.
- Сёлета мы будзем танчыць пад музыку з мюзіклаў і блюз, нам яна вельмі падыходзіць, мы яе адчуваем, - дадала Ганна Кублікава.
У канцы верасня беларуская пара пачне новы спаборніцкі сезон стартам на першым міжнародным турніры.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/figurnae-katanne