У СВК «Маяк Браслаўскі» Браслаўскага раёна на жніве шчыруюць 18 камбайнаў, якімі ўжо апрацавана больш за тысячу семсот гектараў збожжавых. Лідзіруюць на жніве браты Міхаіл і Віктар Вайтанец — імі абмалочана з пачатку кампаніі больш за восемсот тон збожжа.
Учора мне давялося пабыць на хлебным полі вытворчага аддзялення № 1 гэтай гаспадаркі. Камбайнамі «Палессе» кіравалі вопытныя спецыялісты сваёй справы: Валерый Ваштаевіч, Міхаіл Іваноў, Юрый Бабуль, Іван Ветраў, Іван Кульпа, браты Міхаіл і Віктар Вайтанец. Яны малацілі азімую пшаніцу на плошчы 66 гектараў. Добрай рабоце спрыялі і добрае надвор'е, і абед — гарачы, смачны, які па раскладзе прывезлі на поле. Некалькі хвілін на перакус — і хлебаробы гатовыя ісці заводзіць свае машыны.
На хлебнае поле прыехала і галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Таўкінь. Летась Валянціну Віктараўну ўзнагародзілі ганаровым званнем «Чалавек года Віцебскай вобласці».
— На сённяшні дзень СВК «Маяк Браслаўскі» ўбраў больш за сорак працэнтаў збожжавага кліна, — сказала галоўны аграном. — Тэмпы добрыя, каб толькі надвор'е нас не падвяло.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/svk-mayak-braslauski
[4] https://zviazda.by/be/tags/kambayny
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo-2019