Асноўныя мерапрыемствы 1000-гадовага юбілею Брэста запланаваныя на першыя выхадныя верасня. Але свята ў традыцыйны Дзень горада абласны цэнтр не пераносіў і не адмяняў. Свята будзе. І пачаткам яго стала ўрачыстае адкрыццё фантана па вуліцы Савецкай. У гэты ж дзень на тэрыторыі дворыка філармоніі прайшоў канцэрт «Любімаму гораду».
У суботу па традыцыі да Вечнага агню ў крэпасці будуць ускладзены кветкі. Горад у свой дзень нараджэння аддае даніну памяці абаронцам Брэсцкай крэпасці і воінам-вызваліцелям. Па вуліцы Гаўрылава мікрараёна Усход запланаваны вялікі суботні фестываль «Экватар». Тут будуць працаваць дзясяткі зон для ўсёй сям'і. Госці свята змогуць паўдзельнічаць у інтэрактыўным квэсце і спартыўных эстафетах. На сцэнах фестывалю абяцаюць толькі жывую музыку. А ўвечары гэтага дня на плошчы Леніна пройдзе гала-канцэрт з удзелам вялікага зводнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага. Канцэрт назвалі «Вячэрняя сімфонія тысячагоддзя».
А ў нядзелю на гэтай жа плошчы пройдзе канцэрт фестывалю «Класіка ля Ратушы з velcom І А1». Праграма прысвечаная «каралю вальса» — знакамітаму аўстрыйскаму кампазітару і дырыжору Іагану Штраусу — і называецца «Vіva, Штраус!». Яшчэ брастаўчан і гасцей горада чакаюць фестываль кветак, «Берасцейскі канцэрт-баль» з удзелам Тома Сінатры і шмат іншых мерапрыемстваў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/brest
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-gorada