Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі традыцыйна ў топе навінных стужак сусветных інфармагенцтваў. Перш за ўсё, дзякуючы абвешчанаму яшчэ ў 2016 годзе выхаду з Еўрасаюза — брэксіту. Днямі ў астраўной дзяржаве адбылася насамрэч гістарычная падзея — змяніўся прэм'ер-міністр. У адстаўку пайшла Тэрэза Мэй, якая займала гэтую ключавую пасаду ў каралеўстве на працягу апошніх трох гадоў. Ёй на змену прыйшоў яркі, неардынарны палітык, новы лідар брытанскай Кансерватыўнай партыі Аляксандр Борыс дэ Пфефель-Джонсан. Ад яго дзеянняў будзе залежаць не толькі ўласна становішча астраўной дзяржавы, але і шмат у чым канфігурацыя сусветнай палітыкі. Куды павядзе Вялікабрытанію новы прэм'ер?
Дрымотны асілак
«Джэрэмі Хант — 46 656 галасоў, Борыс Джонсан — 92 153. З прычыны гэтага я заяўляю, што Борыс Джонсан абраны кіраўніком Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі», — гэтымі словамі Шэрыл Гілан, выканаўца абавязкаў старшыні Камітэта па арганізацыі выбараў кіраўніцтва торы, пацвердзіла тое, у чым многія не сумняваліся, паведаміў Euronews. Дзякуючы сваім 66,4 працэнта галасоў аднапартыйцаў Джонсан у якасці лідара кансерватараў стаў 77-м прэм'ер-міністрам Злучанага Каралеўства і ў гэтай якасці ў чацвер правёў першае пасяджэнне новага ўрада.
Борысу Джонсану прадказвалі пасаду прэм'ера яшчэ падчас перадвыбарчай гонкі 2016 года. Тады ўнутры Кансерватыўнай партыі пачалася кампанія «Спыні Борыса». Майкл Гоўв быў паплечнікам і правай рукой Джонсана. У дзень, калі Гоўв абвясціў аб сваім удзеле ў барацьбе за пасаду прэм'ера, Борыс Джонсан нечакана для ўсіх зняў сваю кандыдатуру.
Сёлетнія выбары новага прэм'ера не вылучаліся асаблівай інтрыгай. Борыс Джонсан змог заручыцца важкай падтрымкай дэпутатаў-кансерватараў яшчэ ў першым туры перадвыбарнай гонкі. Тады за яго прагаласавалі 114 членаў партыі з 313 (удзельнічалі толькі дэпутаты-торы). Другое месца дасталося Джэрэмі Ханту, ён атрымаў 43 галасы. Такі вялікі адрыў Джонсан захоўваў на трох наступных этапах галасавання, а ў фінале брытанскія букмекеры ацэньвалі імавернасць перамогі Ханта толькі ў адзін працэнт.
Новы лідар торы быў абраны ў выніку галасавання, у якім прыняло ўдзел амаль 140 тысяч членаў партыі. «Ажыццявіць брэксіт, аб'яднаць краіну, перамагчы Джэрэмі Корбіна! (лідара апазіцыйнай лейбарысцкай партыі. — Рэд.) — паабяцаў Джонсан у кароткай прамове, пасля таго як былі абвешчаныя вынікі галасавання. — Мы верым у сябе і ў тое, што нам удасца ўсяго дасягнуць. Нібы дрымотны асілак, мы ўстанем і скінем з сябе кайданы сумневаў і негатыву».
Нашчадак караля
Борыс Джонсан атрымаў грунтоўную адукацыю — ён выпускнік Ітана і Оксфарда. Сваю кар'еру пачаў з журналістыкі: пасля звальнення з газеты The Tіmes за выдуманую цытату ён уладкаваўся ў The Daіly Telegraph і стаў брусельскім карэспандэнтам выдання. У сваіх рэпартажах Джонсан прадстаўляў кіраўнічы апарат ЕС як бюракратычную машыну, дзе прымаюцца непатрэбныя і дробязныя законы. Еўраскептыцызм дапамог яму заваяваць сімпатыі брытанскіх кансерватараў: у 2001 годзе журналіст стаў членам парламента ад гэтай палітсілы.
У вялікай палітыцы Джонсан тут жа прыцягнуў да сабе ўвагу жартамі і дэманстратыўнай экстравагантнасцю. Публіцы падабалася, што палітык не баіцца памыліцца і здацца смешным; многія ўбачылі ў ім «свайго хлопца», адзначаюць аглядальнікі. Брытанцы ўжо давяралі яму адказныя пасады: у 2008-м жыхары Лондана выбралі Джонсана мэрам і затым перавыбралі на другі тэрмін. Сярод яго дасягненняў на гэтай пасадзе аналітыкі называюць адчувальнае зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў горадзе (адразу на 20 працэнтаў) і стварэнне шырокай веласіпеднай інфраструктуры. Важным дасягненнем стала паспяховае правядзенне летняй Алімпіяды 2012 года ў Лондане. Зрэшты, на думку крытыкаў, мэру Джонсану бракавала практычнасці: ён не задаволіў высокі попыт на даступнае жыллё, затое паспеў запусціць канатную дарогу, пабудаваць 180-метровую горку-атракцыён ArcelorMіttal Orbіt.
Палітык не раз дазваляў сабе рэзкія выказванні расісцкага і сексісцкага характараў. Аднойчы ў сваёй калонцы для The Telegraph ён назваў афрыканцаў «негрыцятамі», а пазней параўнаў мусульманскіх жанчын у бурках з рабаўнікамі банкаў і паштовымі скрынямі. Нягледзячы на такую недыпламатычнасць, у ліпені 2016-га Джонсан атрымаў пасаду міністра замежных спраў у кабінеце Мэй і падаў у адстаўку толькі праз два гады — з-за нязгоды з мяккай стратэгіяй у перамовах з ЕС.
Бі-бі-сі высветліла, што Джонсан — нашчадак караля Вялікабрытаніі Георга ІІ, які кіраваў у XVІІІ стагоддзі і быў другім манархам у дынастыі, якая працягваецца дагэтуль. Увогуле брытанскі прэм'ер — сваяк адразу некалькіх манаршых дынастый Еўропы, у тым ліку Раманавых. Джонсан быў двойчы жанаты. З першай жонкай — прызнанай прыгажуняй Оксфарда — ён абмяняўся пярсцёнкамі ў студэнцкія гады, а ў 1992 годзе пара развялася. Праз два тыдні ён зноў быў жанаты — з сяброўкай дзяцінства Марынай Уілерам, юрысткай і праваабаронцай, якая пасля нарадзіла яму чацвярых дзяцей. Яшчэ адно дзіця з'явілася ў палітыка ў выніку пазашлюбнай сувязі. Цяперашняя спадарожніца Джонсана — Кэры Сімандс, і яна добра вядомая работнікам медыя Вялікабрытаніі з цэлага шэрагу прычын. Перш за ўсё, яна дачка сузаснавальніка газеты The Іndependent. Цяпер Кэры Сімандс лічаць адной з самых уплывовых постацяў у сферы брытанскага палітычнага піяру.
Без руля і вятрыл
Борыс Джонсан абяцае рашуча вывесці краіну з Еўрасаюза ў прызначаны тэрмін — 31 кастрычніка. Але на гэтым шляху яго чакае амаль немінучы правал, адзначае «Бі-бі-сі». Ён абяцае зрабіць гэта, нават калі не ўдасца дамовіцца з Бруселем аб новых умовах выхаду, якія задаволілі б урад і парламент. Джонсан дэманструе гатоўнасць да «жорсткага брэксіту» — выхаду з ЕС без пагаднення.
Але новага прэм'ера ў гэтым выпадку, прадказвае большасць брытанскіх палітычных каментатараў, чакаюць жорсткі і хуткі палітычны разгром і прыкладна такое ж прыніжэнне, якое перажыла Тэрэза Мэй. Само з'яўленне Борыса Джонсана на пасадзе прэм'ера і яго цвёрдая пазіцыя ў дачыненні да ЕС павялічаць і кансалідуюць нефармальную групу яго праціўнікаў у фракцыі кансерватараў у Палаце абшчын. І гэтая група, якая выступае супраць «жорсткага брэксіту», у супрацоўніцтве з апазіцыяй зможа тарпедаваць любыя пачынанні новага кіраўніка ўрада.
Падаў у адстаўку крытык новага прэм'ера, адзін з самых аўтарытэтных палітыкаў у партыі, намеснік міністра замежных спраў сэр Алан Данкан. «Мяне вельмі турбуе, што яго нясе без руля і вятрыл, усё ў яго без плана, па натхненні, на жывую нітку, — сказаў «Бі-бі-сі» Алан Данкан, які да лета мінулага года быў намеснікам Джонсана — міністра замежных спраў. — Я не маю да яго ніякай асабістай варожасці. Я проста думаю, што ён уляпаецца ва ўрадавы крызіс». У аўторак у адстаўку падала міністр адукацыі Эн Мілтан.
Паводле ацэнак аналітыкаў, да тых, хто ўжо заявіў пра сыход, амаль напэўна далучацца кіраўнік апарату Мэй у рангу міністра Дэвід Лідынгтан і іншыя члены ўрада рознага ўзроўню.
Па руках і нагах
На мінулым тыдні Палата абшчын ужо распачала адзін заканадаўчы манеўр, мэта якога — пазбавіць прэм'ер-міністра магчымасці прыпыніць работу парламента ў прамежку паміж 9 кастрычніка і 18 снежня, каб ён не перашкодзіў жорсткаму выхаду краіны з ЕС. Пры гэтым 36 торы праігнаравалі нормы партыйнай дысцыпліны: 17 з іх галасавалі за гэтую папраўку, 19 устрымаліся.
У апазіцыі, у фракцыі лейбарыстаў, ёсць прыхільнікі брэксіту любым коштам, гатовыя падтрымаць Джонсана, але іх менш за дзясятак, і гэтая «гірка» занадта малая, каб ураўнаважыць мяцежнікаў-торы. Усе астатнія лейбарысты, як і дэпутаты ад чатырох малых апазіцыйных партый, як мінімум супраць выхаду з ЕС без пагаднення, а як максімум — за яго адмену з дапамогай другога рэферэндуму.
Разам з апазіцыяй гэтыя дэпутаты-кансерватары могуць не толькі скаваць Джонсана па руках і нагах, але і — у крайнім выпадку — адправіць яго ў адстаўку. Лейбарысты не выключаюць, што ўнясуць прапанову аб вотуме недаверу прэм'еру, прычым, магчыма, у самы бліжэйшы час. «У яго, магчыма, не застанецца іншага выйсця, акрамя як аб'явіць датэрміновыя выбары, хоць ён і казаў, што не будзе звяртацца да краіны, пакуль не ажыццявіць брэксіт», — разважае рупар кансерватараў-еўраскептыкаў газета Daіly Telegraph.
Між тым перамога на пазачарговых выбарах кансерватарам ні на чале з Джонсанам, ні без яго зусім не гарантаваная. Па звестках апытанняў, якія ў ліпені праводзілі вядучыя сацыялагічныя кампаніі YouGov, Comres і Opіnіum, Кансерватыўная партыя цяпер сабрала б 23-25 працэнтаў, і па некаторых з гэтых апытанняў саступае лейбарыстам, а ў патыліцу ім дыхае новая Партыя брэксіту. Зрэшты, у брытанскай сістэме выбараў рэйтынгі не транслююцца наўпрост у долю месцаў у Палаце абшчын. Калі праціўнікі Джонсана ў парламенце не атакуюць яго неадкладна пасля прызначэння, то барацьба разгорнецца на поўную сілу ў пачатку восені. 25 ліпеня Палата абшчын сышла на вакацыі, якія працягнуцца да 3 верасня.
Як выйсці з тупіка?
Свае віншаванні Борысу Джонсану ўжо перадалі Еўракамісія, якая выказала надзею, што супрацоўніцтва з новым кіраўніком брытанскага ўрада будзе «аптымальным», прэзідэнт ЗША, які заявіў, што Джонсан стане «выдатным» прэм'ерам, і прэзідэнт Францыі, які паведаміў, што «гарыць жаданнем» працаваць з ім. «Кампанія скончана, цяпер — за справу», — заявіў новы брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан, паабяцаўшы надаць эканоміцы краіны новы імпульс. Пытанне толькі ў тым, як менавіта ён збіраецца дасягнуць такога выніку, бо пасля правядзення рэферэндуму па брэксіце Вялікабрытанія апусцілася на апошняе месца ў спісе вядучых эканомік «вялікай сямёркі».
У брытанскім упраўленні па бюджэтнай адказнасці адзначаюць, што ў выпадку выхаду з ЕС без здзелкі ўзровень беспрацоўя перавысіць пяць працэнтаў, цэны на нерухомасць зваляцца на 10, а ВУП зменшыцца на два працэнты. У Нацыянальным інстытуце эканамічных і сацыяльных даследаванняў лічаць, што ў эканоміцы ўжо пачалася рэцэсія. У дзелавых колах заклікаюць новага прэм'ер-міністра ўнесці пэўнасць, а ў ідэале — правесці спарадкаваны брэксіт.
Брытанскі журналіст Джэймс Батлер на старонках The New York Tіmes назваў абранне Джонсана пачаткам канца Вялікабрытаніі, а яго самога — прэм'ерам, які прывядзе краіну да развалу. Каб развеяць усе асцярогі і ўвайсці ў гісторыю краіны як герой, а не як няўдалы прэм'ер, у Джонсана застаецца зусім мала часу. Верасень-кастрычнік абяцаюць быць гарачымі палітычнымі месяцамі ў Вялікабрытаніі. І галоўным іх героем (або антыгероем) стане Борыс Джонсан.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/borys-dzhonsan
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyalikabrytaniya
[6] https://zviazda.by/be/tags/premer-ministr-0