Пад Браславам 1 жніўня пачнуцца не зусім звычайныя археалагічныя раскопкі. Што тут дзіўнага, скажаце вы — лета, якраз самы сезон для экспедыцый. І яно было б так, калі б праект «Востраў Кляштар» не ініцыявалі самі месцічы — дакладней, некамерцыйная арганізацыя Цэнтр рэгіянальнага развіцця «Браслаў». Ідэю раскопак падтрымалі ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры», на тэрыторыі якога і размяшчаецца востраў з рэшткамі манастыра, што стаяў тут у 1500-х.
Наогул, поўную загадак гісторыю кляштара шмат даследавалі навукоўцы. У прыватнасці, у 1990-я гады рэшткі манастыра і архіўныя звесткі пра яго вывучаў браслаўчанін, гісторык Канстанцін Шыдлоўскі. Працягне яго работу сучасны вядомы гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі, а дапамогуць у гэтым валанцёры, якіх, між іншым, набіралі па конкурсе. Жаданне ў прамым сэнсе дакрануцца да ўласнай гісторыі выказалі 70 беларусаў. «Пасля першых публікацый пра наш праект трое сутак у мяне літаральна разрываўся тэлефон, — прызнаецца кіраўнік праекта «Востраў Кляштар» Алена ШЭЎЧЫК. — У каманду плануем адабраць каля 50 чалавек, калі справімся фінансава. Як гаворыць Мікалай Плавінскі, вялікая колькасць энтузіястаў — гэта вельмі добра, бо дазволіць не расцягнуць раскопкі на шмат гадоў, а, спадзяёмся, ужо сёлета зрабіць важныя знаходкі».
Што, уласна, шукаюць у возеры і на востраве? Перадусім рэшткі сутарэнняў Прачысценскага манастыра, які стаяў тут у часы Вялікага Княства Літоўскага. Паводле падання, менавіта на востраве яго ўзвялі дзякуючы абразу Божай Маці — яго знайшлі на суседняй, меншай выспе і перанеслі ў гарадскі касцёл. Але абраз знік і зноў з'явіўся на выспе, і так тройчы. Тады на востраве і пабудавалі кляштар, а да абраза Божай Маці Уладальніцы азёраў, які лічыўся цудадзейным, прыязджалі паломнікі з усяго свету. (Пераскочыўшы ў сучаснасць, заўважым, што дзесяць гадоў таму, у 2009-м, абраз Маці Божай Браслаўскай урачыста каранавалі — то-бок, з блаславення Папы Рымскага прызналі на найвышэйшым узроўні цудатворныя яго ўласцівасці.)
Вядома, што спачатку манастыр быў праваслаўны, а пазней стаў уніяцкі. Таксама тут стаялі жылыя будынкі для манахаў і званіца. Аднак у 1832 годзе здарыўся моцны пажар, які цалкам знішчыў усе збудаванні. Ацалеў толькі абраз, які знайшлі на суседнім востраве Святым, а вось званы наогул зніклі і дагэтуль не знойдзены — мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што часам іхні гук чутны з-пад вады. Затое рэшткі аднаго з двух мастоў, што злучалі востраў і бераг, вадалазы знайшлі летась.
— На жаль, няма дакладнай інфармацыі, як выглядаў кляштар, — зазначаюць у Цэнтры рэгіянальнага развіцця «Браслаў». — Аднак наша каманда ўпэўненая, што, калі атрымаецца аднавіць кляштар з усімі яго збудаваннямі і мостам, гэта месца стане ўнікальнай адметнасцю Браслава, якое прыцягне не толькі нашых суайчыннікаў, але і замежных турыстаў. Пытанні аднаўлення базіліянскіх кляштараў у Беларусі з нашай падачы архімандрыт Сергій Гаек ужо абмяркоўваў нават у Рыме... А раскопкі, якія адбудуцца на востраве з 1 да 15 жніўня, дапамогуць удакладніць памеры манастыра і месца знаходжання асноўных збудаванняў — і ўжо на гэтай падставе можна будзе стварыць праект далейшага аднаўлення кляштара.
Дапамагчы ў раскопках на добраахвотных пачатках гатовыя два дайверскія клубы, якія будуць працаваць пад вадой, таксама ёсць спецыялісты, якія правядуць пошукі з металашукальнікамі. Праз краўдфандынгавыя пляцоўкі камандзе ўдалося сабраць пэўную суму грошай на арэнду неабходнага абсталявання, арганізацыю пражывання і побыту валанцёраў. Аднак ёсць і нявырашаныя пытанні — напрыклад, з транспартам (даставіць 50 чалавек з Мінска ў Браслаў і назад — справа нятанная) і наладжваннем трохразовага харчавання для ўдзельнікаў. Можна паўдзельнічаць у праекце фінансава [4] альбо прапанаваць іншую падтрымку Цэнтру рэгіянальнага развіцця «Браслаў». Арганізатары будуць удзячныя за любую дапамогу, каб адрадзіць разам частку нашай агульнай гісторыі.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/arhitektura
[4] https://molamola.by/campaigns/814
[5] https://zviazda.by/be/tags/arhealogiya