Карыстальнікі Facebook высмеялі інструкцыю для гасцей вяселля, якую напісала невядомая нявеста. На маштабныя ўказанні маладой звярнуў увагу таблоід The Sun.
Ліст на дзвюх старонках, адрасаваны гасцям, пачынаецца з выбачэнняў нявесты за тое, што яна доўга не паведамляла нікому падрабязнасцяў мерапрыемства. Паводле яе слоў, яны з жаніхом не чакаюць, што ўсе госці змогуць наведаць імпрэзу. «Цырымонія будзе запісана на відэа ў Facebook для прагляду падчас урачыстасці або ў любы час пасля яе», — заўважыла яна. Жанчына запатрабавала, каб усе запрошаныя апавясцілі яе пра сваё рашэнне: у адваротным выпадку, запэўнівала яна, нечаканых гасцей папросяць пакінуць мерапрыемства. Далей нявеста патлумачыла, што будзе апранута ў сукенку «ружовага колеру з дэталямі з ружовага золата», молячы гасцей не апранаць вопратку такіх колераў. Таксама яна падрабязна апісала пачастунак і папрасіла запрошаных прыйсці на вяселле сытымі. «Гэта невялікі прыём, так што ежы няшмат. Калі ласка, з'ешце што-небудзь перад прыездам», — заявіла яна.
Многія каментатары прыйшлі ў жах ад інструкцый нявесты і абсмяялі яе. Яны назвалі яе ліст «плынню свядомасці» і ўдакладнілі, што дзяўчына паводзіць сябе неадэкватна. «Адчуваю, што я заслугоўваю запрашэння на вяселле, выдаткаваўшы столькі часу, каб прачытаць гэты ліст», — адзначыў адзін з іх.
Аднак некаторыя карыстальнікі заўважылі, што жанчына відавочна вельмі хвалюецца за сваё вяселле. «Небарака адчувае стрэс і належыць да такога тыпу людзей, які не хоча прыносіць нязручнасці ўсім», — расчуліліся яны.
Іван КУПАРВАС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/zamore