Ці ведаеце вы, што ў Беларусі колькасць адукаваных жанчын перавышае колькасць адукаваных мужчын, што першыя часцей падпрацоўваюць дадаткова, і пры гэтым іх сярэдні заробак амаль на траціну меншы? Апроч пералічанага, і гэта, напэўна, самае галоўнае, пасля работы — дома, бясплатна — жанчыны працуюць удвая больш за мужчын.
«Хоць бы аднаго вырасціць»
Такім чынам, жанчына ў нашым грамадстве — ламавік. Яна цягне сям'ю і работу, атрымлівае меншыя заробкі, пры гэтым радзей прызначаецца на кіруючыя пасады або валодае бізнесам. А ўзнагародай ёй — больш доўгае, але адзінокае і небагатае жыццё з абавязковымі выдаткамі на лекі. Бо мужчыны жывуць на 10 гадоў менш, хоць і адчуваюць сябе больш здаровымі. Моладзі (12 % насельніцтва) ў нас таксама недастаткова, каб чакаць забяспечанай старасці — шмат дзяцей не нараджаеш у такіх умовах, бо проста не выцягнеш. На ахвяравальнасці далёка не паедзеш. Таму на другое дзіця ў нас рашаюцца нямногія, а на трэцяе — адзінкі. Вось такая атрымліваецца карцінка. І ў ёй хаваецца сакрэт нашай агульнай, скажам мякка, небагатасці. Так, сацыёлагі і спецыялісты па гендарных пытаннях сцвярджаюць: калі б жанчыны атрымлівалі больш, то краіна ў цэлым стала б багацейшая.
— Жанчына, калі працуе, 90 % свайго прыбытку вяртае ў сям'ю, тым самым ствараючы мультыплікацыйны эфект (мужчына вяртае значна менш). У выніку сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны павышаецца, узровень беднасці ў грамадстве зніжаецца, — тлумачыць праграмны спецыяліст па гендарных пытаннях Рэгіянальнага офіса ЮНФПА па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Нургуль КІНДЭРБАЕВА. — Жанчыны і дзяўчаты — вельмі добры патэнцыял для эканамічнага росту тэрыторыі, на якой яны пражываюць. І калі мы будзем зніжаць і ліквідаваць гендарны разрыў у сферы чалавечых рэсурсаў, жанчыны прынясуць даход у сярэднім ад 5 да 30 працэнтаў ВУП.
У Беларусі гендарны разрыў у аплаце працы складае 72,7 %. Намінальны налічаны сярэдні заробак у жанчын амаль на 350 рублёў меншы, чым у мужчын.
Пра тое, чаму не толькі асобна ўзятаму грамадству, але чалавецтву ў цэлым важна ствараць умовы для захавання балансу «сям'я — работа», ішла размова на форуме «Актуальныя кірункі гендарнай палітыкі ў кантэксце Мэт устойлівага развіцця» ў Мінску.
На гэтым форуме, які сабраў беларускіх парламентарыяў, прадстаўнікоў кампаній, міжнародных і грамадскіх арганізацый, замежных і айчынных экспертаў, гаварылі, што гендарная роўнасць выконвае важную ролю ў эканоміцы, у яе пераходзе на «зялёную», гэта значыць, устойлівую з пункту погляду як развіцця, так і захавання экалогіі. Што, калі жанчына прымае кіраўніцкія рашэнні, яна больш звяртае ўвагі на патрэбы ўразлівых катэгорый людзей, сем'яў і на ліквідацыю гендарных стэрэатыпаў.
Іншымі словамі: трохі разгрузіце жанчыну дома, заплаціце ёй больш на рабоце і даверце прыманне рашэнняў — і вы атрымаеце квітнеючую краіну, шчаслівае грамадства і добрую экалогію, а гэта значыць — будучыню.
Накіруйце дзяўчат на грашовыя прафесіі
Што нам перашкаджае зрабіць такія справядлівыя і лагічныя крокі? У Беларусі няма няроўнасці сярод хлопчыкаў і дзяўчатак у сферы даступнасці да адукацыі. А значны гендарны разрыў у аплаце працы з'яўляецца з-за таго, што дзяўчынкі часцей выбіраюць спецыяльнасці, якія мала аплачваюцца. Спецыялісты раяць накіроўваць дзяўчат падчас выбару будучай прафесіі. «Трэба іх больш навучаць інфармацыйным тэхналогіям, тэхнічным спецыяльнасцям, інжынерыі, матэматыцы, — лічыць Нургуль Кіндэрбаева. — Мы прывыклі да таго, што жанчыны працуюць у сацыяльным сектары, а мужчыны — у энергетычным і эканамічным. Гэта называецца галіновая сегрэгацыя».
Спецыялісты даводзяць: пераадолець сітуацыю можна з дапамогай STEM-адукацыі. STEM — абрэвіятура навукі (scіence), тэхналогіі (technology), інжынерыі (engіneerіng) і матэматыкі (mathematіcs), якія павінны быць інтэграваныя ў адзін навучальны працэс. Уваходжанне вучняў у навуку і тэхналогіі яшчэ ў школьныя гады матывуе на абранне прафесіі, звязанай з імі. Гэта важна для краіны, дзе навукова-тэхнічны патэнцыял прадвызначае эканамічнае развіццё.
Аднак мала дзяўчыне стаць праграмістам альбо інжынерам ці вынаходнікам. Рана ці позна яна паўстане перад выбарам: нараджаць дзіця альбо будаваць кар'еру, займацца навукай. Жанчыне прыходзіцца прыносіць свой прафесійны рост у ахвяру мацярынству. Альбо наадварот.
Для балансу патрэбны ўмовы
Так атрымліваецца, бо водпуск па доглядзе за дзіцем у нас доўгі — тры гады, за гэты час жанчына цалкам выпадае альбо моцна адстае ад тэмпу развіцця сучасных тэхналогій, галіны, у якой працуе. Аддаць жа дзіця ў садок раней за тры гады праблематычна: малое пачне часта хварэць, бо групы перапоўненыя і выхавацелькам, якія атрымліваюць невялікія заробкі, складана ўдзяліць дастатковую ўвагу кожнаму. А альтэрнатывы дзяржаўным дзіцячым садкам і групам падоўжанага дня ў школе ў нас практычна няма.
Прыватныя формы прафесійнага догляду за дзецьмі да трох гадоў не запатрабаваныя з-за высокага кошту паслуг, і, магчыма, іншых, яшчэ пакуль недастаткова вывучаных перашкод (напрыклад, складанасць вядзення такога бізнесу, наяўнасць стэрэатыпаў у грамадстве і іншае).
Доля жанчын, якія маюць дзяцей да трох гадоў і працуюць, у нашай краіне — менш за 10 працэнтаў, у той час як у большасці еўрапейскіх дзяржаў такіх 50 і 70 %. Практычна не выкарыстоўваецца ў нас прапісаны ў заканадаўстве няпоўны працоўны дзень. Толькі 20 працэнтаў дзяцей да трох гадоў наведваюць яслі. Гэта адзін з найбольш нізкіх паказчыкаў на еўрапейскай прасторы. У многіх краінах Паўночнай і Заходняй Еўропы больш за палову дзяцей да трох гадоў ахоплена прафесійнымі паслугамі па доглядзе і дашкольнай адукацыяй.
Такім чынам, дапамагчы жанчыне не страціць свае прафесійныя навыкі, не адстаць ад вытворчага працэсу і не адарвацца ад калектыву магло б развіццё дашкольных устаноў. Нам патрэбны такія, у якія дзіця ідзе без плачу і дзе не падхоплівае інфекцыю ў першы або другі дзень наведвання. Акрамя таго, яны павінны быць даступныя па сродках і па месцы размяшчэння, а таксама зручныя для бацькоў па сваім рэжыме работы. Але і гэтага недастаткова.
Важна, каб і на рабоце да супрацоўніка, які мае дзіця, ставіліся як да каштоўнасці. Бо, насамрэч, гэта так і ёсць. Для кампаніі і арганізацыі работнік, які мае сям'ю і дзяцей — гэта залог стабільнасці і добрага іміджу. Трэба толькі аднесціся да яго з разуменнем, падтрымаць.
Напрыклад, у Швецыі кампаніі, якія пазіцыянуюць сябе як сяброўскія да бацькоў (Parentsmart Companіes), праводзяць гутаркі з супрацоўнікамі перад тым, як адправіць іх у дэкрэтны водпуск. Высвятляюць, ці жадае чалавек падчас водпуску ўдзельнічаць у планёрках, агульных сустрэчах і абмеркаваннях вытворчага працэсу. Самі сходы арганізуюць у зручны для бацькоў з малымі дзецьмі час. Ёсць таксама магчымасць працаваць некалькі дзён у тыдзень (няпоўны водпуск), заробак у такіх кампаніях пераглядаюць і рэгулярна павышаюць у тым ліку для тых, хто даглядае малых дзяцей. Але самае галоўнае — узровень дапамогі бацькам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, практычна роўны заробку (часткова даплачваюць самі кампаніі).
Уключыць тату
Але і гэта яшчэ не ўсё. Можна даць жанчыне з малым дзіцем магчымасць працаваць і нават добра ёй заплаціць, але калі яна будзе прыходзіць з работы стомленая, а ёй яшчэ трэба забраць малое з садка, купіць прадукты, прыгатаваць вячэру, адпрасаваць вопратку на заўтра, пагуляць з малым, пагутарыць з ім, прыбрацца, а раніцай усіх сабраць і накарміць, прыгатаваць «ссабойкі»... То як на доўга яе хопіць?
Таму нічога з гэтага не спрацуе, пакуль абавязкі па доме мужчына не падзеліць пароўну з жанчынай. Мы пакуль, як і ў заробках, вельмі далёкія тут ад ідэалу. У Беларусі жанчыны працаздольнага ўзросту больш за 19 працэнтаў свайго часу выдаткоўваюць на неаплатную працу — на работу і клопат па доме, мужчыны — 9,5 працэнта. Жанчына на адну гадзіну 44 хвіліны даўжэй займаюцца вядзеннем хатняй гаспадаркі, чым мужчыны. А калі скласці ўсю тыднёвую працоўную нагрузку (аплачаную і не), то ў жанчын яна акажацца на 7,5 гадзіны большай, чым у мужчын. Па сутнасці — яшчэ адзін рабочы дзень. Мужчыны адпачываюць, а жанчыны шчыруюць.
І вось каб кардынальна памяняць сітуацыю, патрэбны больш актыўны ўдзел мужчын у выхаванні дзяцей і вядзенні хатняй гаспадаркі. І самы эфектыўны спосаб зрабіць гэта — даць татам водпуск па доглядзе за дзіцем. Наша заканадаўства нават вельмі «за», але сярод тых, хто выкарыстоўвае водпуск па доглядзе за дзецьмі, толькі адзін працэнт татаў. І прычын таму некалькі. Першая — гэта, вядома, страта значнай часткі сямейнага даходу. Нараджэнне дзіцяці само па сабе адчувальна павялічвае сямейныя расходы. Дапамога на дзіця значна меншая за заробак таты, як і заробак маці (у большасці выпадкаў).
Акрамя таго, гэта якраз тая сітуацыя, дзе, на жаль, вялікае значэння маюць стэрэатыпы. Дарэчы, у той жа Швецыі ў кампаніях, якія падтрымліваюць бацькоўства, прыклад у справе імкнуцца падаваць кіраўнікі — мужчыны. Яны самі і неаднойчы сыходзяць на некалькі месяцаў у водпуск па доглядзе за дзіцем і лічаць, што гэта вельмі збліжае іх і з малымі, і з жонкай. І яшчэ адно важнае назіранне: у сем'ях, дзе жанчына адчувае сябе рэалізаванай на рабоце і не загружанай дома, сексуальнае жыццё больш якаснае, што станоўча ўплывае на ўсіх яе членаў. Проста людзі, усе — і мама, і тата, і дзіця — адчуюць сябе больш шчаслівымі.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zarobki
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhanchyna