Старшыня Гродзенскага аблвыканкама адзначыў рост зваротаў з гарадоў Ліда і Слонім. Гэта адны з самых вялікіх райцэнтраў рэгіёна. Так, Ліда ў ліку 11 гарадоў краіны ўвайшла ў комплексны план па паскораным развіцці. У Слоніме сёлета пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Не дзіва, што жыхароў цікавіць, як будуць вырашацца праблемы жыццезабеспячэння гэтых населеных пунктаў.
Напрыклад, сланімчан турбуе добраўпарадкаванне горада. Яны звяртаюць увагу на стан дарог і дваровых тэрыторый. А між тым 1 верасня тут пройдзе рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства. Чакаецца вялікая колькасць гасцей. І горад актыўна рыхтуецца да гэтай значнай падзеі, часткова вырашаюцца і пытанні добраўпарадкавання. Работа ў гэтым кірунку будзе працягнута, запэўніў Уладзімір Краўцоў. На гэтыя праблемы будзе скіравана ўвага не толькі раённых, але і абласных уладаў.
Намеціўся і рост зваротаў з Ліды. І гэта невыпадкова. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы ў краіне адпаведны комплексны план паскоранага развіцця 11 гарадоў з насельніцтвам больш за 80 тысяч чалавек. У гэты спіс увайшла і Ліда. Для раёна распрацаваны план паскоранага развіцця да 2020 года. У першую чаргу будуць вырашацца ключавыя праблемы рэгіёна, што павінна забяспечыць рост эканомікі і яе канкурэнтаздольнасць. У рэшце рэшт усе мерапрыемствы накіраваны на рост даходаў насельніцтва. Гэта павінна адбыцца за кошт мадэрнізацыі і эфектыўнага выкарыстання прамысловага, аграрнага, турыстычнага і прыроднага патэнцыялаў. Значная роля адводзіцца прадпрымальніцкай дзейнасці і нарошчванню экспарту. Мяркуецца, што падчас рэалізацыі комплекснага плана будуць зняты многія праблемы, якія хвалююць жыхароў Лідчыны, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.
Старшыня аблвыканкама заўважыў падчас размовы з журналістамі, што жыхары рэгіёна актыўна звяртаюцца на прамыя тэлефонныя лініі, якія праходзяць ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны.
— Па-ранейшаму нямала пытанняў, якія датычацца камунальнай службы, а таксама будаўніцтва жылля. У краіне прыняты дзейсныя меры па падтрымцы шматдзетных сем'яў, аднак людзі імкнуцца ўдакладніць тое ці іншае пытанне. Да таго ж характар падыходаў да вырашэння такіх праблем разнастайны, і сем'і розныя, ёсць свае асаблівасці ў іх пражыванні, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.
Па яго словах, жыхары рэгіёна часта тэлефануюць з нагоды выдзялення зямельных участкаў, а таксама наконт стану раёнаў індывідуальнай забудовы. Пакуль там шмат праблем, звязаных з інфраструктурай, не паўсюль добрыя дарогі і пракладзены інжынерныя сеткі.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/lida
[5] https://zviazda.by/be/tags/slonim
[6] https://zviazda.by/be/tags/grodzenshchyna
[7] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-liniya
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-kraucou-0