Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з намеснікам прэм’ер-міністра Сірыйскай Арабскай Рэспублікі
Чарговы крок у развіцці двухбаковых адносін зроблены сёння ў Палацы Незалежнасці: Прэзідэнт абмяркаваў з намеснікам прэм’ер-міністра — міністрам замежных спраў і па справах эмігрантаў Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Валідам аль-Муалемам шырокае кола пытанняў.
Перш за ўсё кіраўнік краіны запрасіў госця чарговы раз упэўніцца, што ён прыехаў да сяброў і ў дружалюбную краіну. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўважліва сочыць за сітуацыяй у Сірыі,за падзеямі, якія разгортваюцца на арабскай зямлі.
«Заўсёды, з першых дзён канфлікта мы на баку сірыйскага народу, вашага прэзідэнта. Мы ўсяляк падтрымлівалі справедлівую пазіцыю Сірыі, заўсёды будзем прыхільныя гэтай пазіцыі», — Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць самыя цёплыя пажаданні народу і кіраўніку Сірыі Асаду Башару ад беларусаў і сябе асабіста.
«Закрытых тэмаў для супрацоўніцтва няма, і Беларусь гатовая зрабіць усё, на што здольная», — выказаў Прэзідэнт гатоўнасць дапамагаць аднаўленню арабскай рэспублікі.
Валід аль-Муалем узаемна перадаў прывітанне Асада Башара і яго пажаданні кіраўніку Беларусі моцнага здароўя і шчасця, а народу краіны — росквіту. Віцэ-прэм’ер выказаў удзячнасць сірыйскага народу за падтрымку, якую Беларусь і яе кіраўнік аказвала з першых дзён крызіса.
«Спадзяемся і разлічваем, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у працэсе аднаўлення рэспублікі», — падзяліўся Валід аль-Муалем.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся таксама дзеянні, дзякуючы якім абодва бакі здолеюць узняць узровень эканамічнага супрацоўніцтва да ўзроўню палітычнага. Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў гатоўнасць працягнуць праграму аздараўлення і вучобы дзяцей з Сірыі ў Беларусі. Закранулі і шляхі вырашэння канфлікту ў Сірыі.
За некалькі дзён знаходжання ў Беларусі госць адзначыў вялікі прагрэс, якога дасягнула краіна. Гэта афіцыйны візіт у адказ віцэ-прем’ера Сірыі ў Беларусь па запрашэнні міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін налічвае больш за 30 пагадненняў. Беларусь і Сірыя актыўна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях, падтрымліваюць адна адну ў выбарныя органы сістэмы ААН.
Беларускі экспарт у Сірыю фарміруецца пераважна за кошт паставак прадукцыі прадпрыемстваў Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту, у стадыі рэалізацыі знаходзяцца кантракты па лініі Дзяржваенпрамкама на суму каля 35 мільёнаў долараў.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/siryya