Жыхары вёскі Новае Поле распрацавалі лагатып паселішча і эскіз сцяга
Сучасныя жыхары памятаць былую гісторыю, захоўваюць яе і паралельна ствараюць сваю, сучасную. У вёсцы Новае Поле Мінскага раёна жыве шмат неабыякавых да спадчыны продкаў людзей. Яны сабраліся ў супольнасць і развіваюць свой населены пункт, робяць яго больш утульным, камфортным для пражывання.
— У Год малой радзімы мы актыўна ўключыліся ў работу па зборы, апрацоўцы, сістэматызацыі гістарычных матэрыялаў. І на іх аснове ствараем пазнавальныя, культурныя аб’екты, — расказала мастачка Дар’я Чыбуева.— Сіламі жыхароў распрацавалі лагатып вёскі, эскіз сцяга, арганізавалі і правялі святы «Гарбузы і слімакі Новага Поля», «Калядкі ў парку». У выніку сумеснай работы з’явіўся дызайн карты, сабрана інфармацыя, ўстаноўлены стэнд, зарэгістраваны ўласны сайт і старонкі ў сацыяльных сетках. І ўсе гэта за адзін толькі год!
А на 28 ліпеня запланавана ўрачыстае адкрыццё «Хаткі творчасці», па сутнасці цэнтра народнай творчасці і культуры. У Новым Полі ёсць нямала самабытных ўмельцаў, якія пякуць хлеб па старажытных рэцэптах, займаюцца рознымі рамёствамі, што навучыліся ад сваіх прашчураў. Яны змогуць у стылізаванай хаціне праводзіць майстар-класы, перадаваць сваё ўменне ўсім ахвотным.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[5] https://zviazda.by/be/tags/scyag
[6] https://zviazda.by/be/tags/god-maloy-radzimy-u-belarusi