20 ліпеня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» смачная прэм'ера — забаўляльна-пазнавальнае шоу «Тваё месца на кухні». І хоць назва гучыць правакацыйна, але гендарных спрэчак у праграме няма.
Затое ёсць кулінарыя: 14 навічкоў і прафесійных кухараў, сярод якіх і мужчыны, і жанчыны, перамяшаныя і ў прыблізна роўных прапорцыях падзеленыя на дзве каманды, спаборнічаюць у хуткасці ды якасці прыгатавання страў высокай кухні.
Заданне — «страву дня» — у кожным выпуску дае шэф-повар аднаго з мінскіх рэстаранаў, Тамаза д'Амата на пару з вядучым, шоўменам Арцёмам Рыбакіным. Напрыканцы ён жа выносіць вердыкт, чыя страва лепшая і правільна прыгатаваная. Тая з камандаў, якая не ўклалася ў час альбо парушыла тэхналогію, лічыцца прайграўшай і будзе вымушаная пазбавіцца аднаго са сваіх удзельнікаў. «Пакінуць праект можа і не адзін удзельнік, — інтрыгуе прадзюсар шоу, — канчатковае слова за нашым шэф-поварам. А ён карэнны італьянец, вельмі імпульсіўны, і калі, палічыць, што нехта сапсаваў страву, — развітаецца без літасці!»
А вось кухара-пераможцу ў фінале арганізатары абяцаюць адзначыць спецыяльным прызам — сертыфікатам на навучанне ў маскоўскай кулінарнай школе. Гледачы ж змогуць занатаваць цікавыя рэцэпты і запомніць дзякуючы фота паслядоўнасць усіх этапаў гатавання, а потым паспрабаваць паўтарыць стварэнне рэстараннай стравы ў сябе на кухні.
Выходзіць шоу «Тваё месца на кухні» будзе па суботах і нядзелях у дзённым эфіры — усяго запланавана 12 выпускаў.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота дадзена студыяй Rуbаkіng Рrоduktіоn
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen