Апошнім часам сярэднія навучальныя ўстановы імкнуцца пашыраць веды вучняў не толькі ў рамках абавязковай школьнай праграмы, але і ў сферы прадпрымальніцтва. Са з'яўленнем тры гады таму ў Даматканавіцкай сярэдняй школе Клецкага раёна бізнес-кампаніі «Фармат» тут зніклі праблемы з тым, дзе раздрукаваць рэферат, зрабіць фота на дакументы ці набыць незвычайны падарунак сябру. А самі школьнікі задаволеныя магчымасцю паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных бізнесменаў!
У «Фармаце» можна набыць вокладкі, нататнікі, ручкі, календары... Пры жаданні кліенты могуць заказаць канцылярскія тавары з выявай роднага горада, каханай дзяўчыны ці формул па фізіцы. Пры ўдзеле ў розных конкурсах ці навуковых канферэнцыях можа аказацца зручнай паслуга брашуроўкі лістоў — атрымліваецца папка, у якой усё сістэматызавана.
На пазабюджэтныя школьныя сродкі для бізнес-кампаніі быў набыты прынтар для сублімацыйнага друку. Спектр паслуг павялічыўся: з'явілася магчымасць наносіць выявы на кубкі, талеркі, магніты і іншыя загатоўкі. Такія вырабы часцей за ўсё набываюць у якасці падарунка.
У аказанні друкарскіх паслуг у «Фармату» амаль няма канкурэнтаў, што вельмі пазітыўна ўплывае на колькасць кліентаў. Таксама да бізнесменаў-пачаткоўцаў часам звяртаюцца з просьбай пераўстаноўкі Wіndows.
— Мы нядрэнна разбіраемся ў камп'ютарах, таму можам дапамагчы мясцовым жыхарам, — кажа Ілья Сідаровіч, выпускнік школы гэтага года, дырэктар школьнай бізнес-кампаніі.
На пытанне, ці прыносіць бізнес прыбытак, Яўген Фалетар, выпускнік 10 класа і фінансавы дырэктар «Фармату», адказаў:
— Зараз наша мэта не ў тым, каб зарабіць шмат грошай, а ў тым, каб паспрабаваць сябе ў якасці прадпрымальнікаў. У будучыні мы ўсе марым імі стаць, бо бізнесмены дзякуючы сваёй працы — паспяховыя людзі.
У найбліжэйшай будучыні «Фармат» плануе развівацца і пашыраць спектр паслуг. У хуткім часе тут можна будзе заказаць нанясенне выявы на майку, бірульку ці фотаальбом. Таксама плануецца стварыць Іnstagram-акаўнт, дзе будуць выстаўлены ўзоры вырабаў і навінкі. На думку юных прадпрымальнікаў, гэта дапаможа пашырыць кліенцкую базу і спрасціць азнаямленне з прадукцыяй. А цяпер інфармацыю пра бізнес-кампанію можна знайсці на сайце школы.
Пасля гутаркі з прадстаўнікамі «Фармату» на фестывалі «Школа прадпрымальніцтва», які праходзіў у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, у мяне не засталося ні кроплі сумнення ў тым, што такія мэтанакіраваныя школьнікі абавязкова прыйдуць да сваёй мары: стануць паспяховымі прадпрымальнікамі і шмат чаго дасягнуць у жыцці!
Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/palina-prakapenya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/klecki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/biznes-kampaniya