У Джыма Джармуша свой зомбі-апакаліпсіс — бязглузды, недарэчны, бессэнсоўны. Я не маю на ўвазе, канешне, што ў самога па сабе зомбі-апакаліпсіса павінен быць нейкі вышэйшы сэнс, але ў мастацкім творы ён па вызначэнні развіваецца па пэўных драматургічных законах. Калі па толку, мерцвякі не могуць (увага, спойлер!) вылезці з магіл і ўсіх пазабіваць, усё, канец. А ў апантанага тэмай смерці Джармуша могуць: яго новая карціна «Мёртвыя не паміраюць», што цяпер ідзе ў беларускім пракаце, — суцэльная насмешка з жанру. Рэжысёр адкрыта забаўляецца з кінематаграфічнымі патэрнамі, і фільм свой, пакінуўшы ў ім некалькі трапных упляценняў, таксама робіць гуллівай забаўкай.
На гэтае імя грэх не купіцца: хоць некаторыя творы аднаго з самых неардынарных аўтараў сучаснасці — «Кава і цыгарэты», «Ноч на зямлі», «Мярцвяк», «Паміраюць толькі палюбоўнікі», «Патэрсан» — бачыў кожны. Джармуш — прыцягальны. Джармуш — асаблівы. Джармуш — модны. Прэм'ерай фільма «Мёртвыя не паміраюць», зноў, як ні дзіўна, пра смерць, у маі адкрыўся Канскі кінафестываль.
У нашэсці зомбі на невялікі амерыканскі гарадок Сэнтэрвіль сыграла зорная каманда — у ролі паліцэйскіх выступілі Біл Мюрэй, Адам Драйвер і Хлоя Севіньі, дзіўнаватай уладальніцай рытуальнага агенцтва стала Цільда Суінтан, сварлівага жыхара горада ў кепцы з заклікам «зрабіць Амерыку «белай» зноў» сыграў Сціў Бушэмі і так далей.
«Мёртвыя не паміраюць» — гэта камедыя пра смерць. Як у фільме «Мярцвяк» герой Джоні Дэпа ідзе да свайго непазбежнага канца, так і новая карціна Джармуша не пакідае Сэнтэрвілю нават шанцу. У горадзе адбываюцца дзіўныя рэчы — спыняюцца гадзіннікі, разраджаюцца тэлефоны, збягаюць жывёлы. Тэлебачанне паведамляе пра «разрыў палярнага пласта» і фіксуе наступствы ў сваіх сюжэтах (а галоўным наступствам становіцца паўстанне мёртвых). «Дабром гэта не скончыцца», — кажа афіцэр, і сапраўды сітуацыя робіцца ўсё горшая і горшая: ад двух пагрызеных трупаў у мясцовай кавярні да апошняй няроўнай схваткі.
Зомбі-апакаліпсіс правакуецца аперацыяй праўладных сіл па змяшчэнні восі планеты. «Але нафтавікі і ўрад сказалі, што гэта ўсё хлусня», — кажа афіцэр Міндзі і замаўкае, зразумеўшы, якую агучыла недарэчнасць. Мясцовыя паліцэйскія насуперак клічу жанра не становяцца героямі, што абараняюць горад і яго жыхароў. «Ну, напэўна, мы паедзем патруляваць горад, у рэшце рэшт гэта наш абавязак», — меланхалічна адказвае шэф паліцыі на прамое пытанне ўладальніцы рытуальнага агенцтва Зэльды Уінстан. Потым, напрыклад, каля магазінчыка, які атакуюць зомбі, паліцэйскія хоць і прамаўляюць ідэю дапамагчы тым, хто ўнутры, але праязджаюць міма. Загадкавая Зэльда Уінстан, што лёгка спраўляецца з мерцвякамі, набірае нейкі код на камп'ютары аддзялення паліцыі і пакідае планету на лятаючай талерцы, так і не адыграўшы ў сюжэце ніякай ролі.
Выпадковыя прыезджыя, што прэтэндуюць на ўвагу, будуць знойдзены памерлымі, проста так, без сэнсу і нават без сцэн барацьбы; мы будзем сачыць за некаторымі персанажамі, а пасля чарговай перабежкі больш іх не ўбачым; два героі надзейна замуруюцца ў памяшканні, а зомбі прыйдуць праз другія дзверы, пра якія тыя быццам забылі. Паўсюль абсурд і невытлумачальнасць, а над імі — карыкатурны персанаж самотніка, які за ўсім гэтым сочыць і прамаўляе высакамоўныя словы аб чалавецтве.
Джармуш іграе з кожнай сцэнай, а галоўнае — з самімі вызначэннямі: хто тут жывы, а хто мёртвы. Толькі што жывыя становяцца хоць і мёртвымі, але зомбі, якія ходзяць, жадаюць і дзейнічаюць. У такім выпадку хто, згодна з назвай карціны, не памірае — зомбі альбо людзі, і ці не з'яўляюцца жывыя «мёртвымі»?
Джым Джармуш склаў свой новы фільм з насмешак — насмешак з кіно, чаканняў гледача, ураду, расізму і самой смерці — і ўвасобіў іх у запаволеным, амаль што пад кайфам, жыцці правінцыйнага гарадка. «Адкуль ты ведаў, што гэта дабром не скончыцца?» — пытаецца шэф паліцыі. — «Я прачытаў сцэнарый», — адказвае афіцэр.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/film
[6] https://zviazda.by/be/tags/kanski-kinafestyval