Apple плануе вярнуць свой вясёлкавы лагатып на «некаторыя прадукты гэтага года». Пра гэта паведамляе [1] аўтарытэтны рэсурс MacRumors са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Дакладны спіс прылад, у якіх можа выкарыстоўвацца вясёлкавы лагатып, пакуль не называецца. Але ў MacRumors мяркуюць, што аднымі з самых відавочных кандыдатаў для гэтага з'яўляюцца цяперашнія Mac. Бо на арыгінальным Macintosh ў 1984 годзе выкарыстоўваўся падобны знак, як і на іншых камп'ютарах Apple ў наступным.
Зрэшты, вясёлкавы лагатып можа з'явіцца на некаторых iPhone і iPad. Напрыклад, на гаджэтах, якія ўваходзяць у серыю (PRODUCT) RED. У MacRumors удакладняюць: на 100% гэтая інфармацыя пакуль не пацверджана, але яна зыходзіць ад кансультанта, «які мае даўнія сувязі з Apple і з іншымі сумежнымі галінамі».
Вясёлкавы лагатып Apple упершыню з'явіўся на камп'ютары Apple II ў 1977 годзе і выкарыстоўваўся аж да 1998 года. З таго моманту на прыладах вытворцы лагатып сталі прыводзіць да аднаколернага варыянту, які выкарыстоўваецца і сёння.
Спасылкі
[1] https://www.macrumors.com/2019/07/16/apple-rainbow-logo-products-rumor/
[2] https://zviazda.by/be/tags/apple