Старшыня Праўлення Ашчаднага банка Расіі Герман Грэф высока ацаніў вынікі працы Парку высокіх тэхналогій і прапанаваў дэталёва вывучыць магчымасці двухбаковага ўзаемадзеяння.
Кіраўнік Ашчадбанка наведаў ПВТ, дзе выступіў з лекцыяй пра тэндэнцыі развіцця штучнага інтэлекту ў Расіі і свеце.
Нефармальная сустрэча з беларускай IT-супольнасцю доўжылася больш за дзве гадзіны. На ёй прысутнічалі стваральнікі і распрацоўшчыкі ўнікальных беларускіх прадуктаў у сферы штучнага інтэлекту, машыннага навучання, дапоўненай і віртуальнай рэальнасці. Абмяркоўваліся пытанні лічбавай даступнасці банкаўскіх паслуг і галоўныя трэнды ў мабільным свеце.
Эксперты сышліся ў меркаванні, што штучны інтэлект непазбежна заменіць сабой многія традыцыйныя прафесіі. Разам з тым, з развіццём тэхналогіі з'яўляюцца цэлыя галіны для новых ведаў і дзесяткі мільёнаў новых працоўных месцаў па ўсім свеце.
Дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі пазнаёміў Германа Грэфа з асноўнымі напрамкамі работы парку, асаблівасцямі беларускага заканадаўства ў сферы высокіх тэхналогій і перадавымі распрацоўкамі рэзідэнтаў ПВТ.
Кіраўнікі Ашчадбанка і ПВТ дамовіліся аб актыўным супрацоўніцтве ў праектах інавацыйнай адукацыі. Усевалад Янчэўскі адзначыў, што перадавы вопыт Ашчадбанка ў гэтай сферы заслугоўвае самай пільнай увагі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/ashchadbank
[3] https://zviazda.by/be/tags/park-vysokih-tehnalogiy