Захапленне, здзіўленне, натхненне — музей здольны разбудзіць у чалавеку шмат розных пачуццяў, але, каб іх адчуць, трэба яшчэ дайсці да гэтага музея. У некаторых раённых установах можна быць адзіным наведвальнікам за ўвесь дзень, калі не запланаваны візіт якой-небудзь арганізаванай групы з ліку школьнікаў або студэнтаў, якія прыходзяць замацаваць веды па пэўным перыядзе гісторыі. На жаль, чэргі, як у Эрмітаж або Траццякоўку, у нас не стаяць нават у абласныя музеі. І справа нават не ў тым, што там глядзець няма на што. Проста трэба неяк зацікавіць чалавека, абудзіць у ім прагу да ведаў, жаданне бачыць больш, чым проста экспанат. І музеі вобласці працуюць над гэтым, у тым ліку і з «асаблівымі» людзьмі. Бо яны яшчэ больш «закамплексаваныя», чым астатнія. Музейныя эксперыменты дапамагаюць ім адчуваць сябе ў жыцці больш упэўнена.
Мастацтва без абмежаванняў
Магілёўскі музей В. Бялыніцкага-Бірулі нядаўна рэалізаваў цікавы праект «Гукі жыцця», у якім удзел бралі менавіта людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
— Гэта была інклюзіўная праграма на базе выстаўкі з Траццякоўскай галерэі і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, — кажа загадчыца музея Святлана Строгіна. — Мы запрасілі людзей розных па ўзросце, самаму малодшаму з іх было 17 гадоў. Шукалі іх праз таварыства інвалідаў, тэлефанавалі ўсім персанальна і запрашалі паўдзельнічаць у праекце. У выніку шмат хто адгукнуўся, з імі прыехалі іх бацькі — прадстаўнікі былі з Магілёва, Гомеля, Мінска і нават бялыніцкай вёскі Вішоў Магілёўскай вобласці. Да праекта далучылася прафесійная каманда, у якой быў вопыт работы з такімі праграмамі. Прыехалі супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, прадстаўнікі Шведскага інстытута, саўнд-артысты. Усе тры дні нашай работы былі напоўнены асаблівай атмасферай, усё рабілася ў гульнявой форме, былі кава-паўзы, мы разам хадзілі на абед — усім было вельмі камфортна, кожны адчуваў сябе сваім у камандзе. І разнявольваўся. Чым усё закончыцца, не ведаў ніхто. Усё залежала ад таго, як спрацуе каманда, як атрымаецца апісаць карціну гукамі, рухамі. Мы падзяліліся на невялічкія групы і працавалі то з адным, то з другім чалавекам, потым інфармацыя апрацоўвалася, і ў нас з'явіўся такі фільм «Гукі жыцця», або «Ажыўшыя карціны», які даў магчымасць нетрадыцыйным спосабам прачытаць мастацкія творы. Гэта было нешта зусім не падобнае на тое, як магло бачыцца пры стандартнай экскурсіі. Мы далі магчымасць кожнаму расказаць пра карціну так, як ён яе бачыць. У выніку да кожнай стварылася свая «агучка». «Залілі» ўсё гэта ў аўдыя-, відэагіды і запрасілі экспертаў. На мой погляд, атрымалася вельмі цікава. Калі карцінка перад вачыма, і ты слухаеш гукі да яе — успрыманне зусім іншае. Напрыклад, «Зімовы сон» Бялыніцкага-Бірулі — там спрэс зіма, удалечыні стаіць каплічка. Бялыніцкі-Біруля любіў пісаць цішыню, і я не ўяўляла, што ў карціну можна ўвесці брэх сабак або рыпенне снегу. Пачынаеш бачыць тое, чаго раней не бачыў. Тую ж вёсачку непадалёк.
Але самае вялікае дасягненне ў тым, што праграма дапамагла адаптавацца асаблівым людзям, зразумець, што яны не адзінокія. І гэта не адзіны праект з іх удзелам. Да Каляд у музеі была прымеркавана выстаўка інваліда-калясачніка Галіны Шыкуновай «Калядная паштоўка». У гэтым снежні плануецца падобная выстаўка інваліда па слыху Зоі Ракузавай. У жанчыны, дарэчы, вельмі цікавы лёс. Маці дапамагла сваёй асаблівай дачцэ скончыць віцебскую ВНУ і адбыцца як мастачцы. Цяпер Зоя замужам, у яе дзве свае дачкі. Яны, як і іх бацькі, таксама глуханямыя. Але маці з імі актыўна займаецца, і яны таксама дэманструюць поспехі.
Па-Сямейнаму
На працягу года музей В. Бялыніцкага-Бірулі арганізуе дамашнія канцэрты. Для гэтага тут на другім паверсе ёсць камерная зала з раялем. Ствараецца атмасфера тых гадоў, калі было модна запрашаць у дамашнія музычныя салоны. І музей адраджае гэтыя традыцыі. На канцэрты прыходзяць цэлымі сем'ямі.
— Мы запрашаем вельмі якасных выканаўцаў і музыкантаў, — удакладняе Святлана Строгіна. — Знаёмім з новымі музычнымі інструментамі і праграмамі. У нас былі канцэрты фартэпіяннай музыкі, скрыпкі і фартэпіяна, нават пяціактаўнай марымбы. Выступала наша оперная спявачка мецца-сапрана Наталля Акініна. Быў канцэрт нашага земляка Аляксандра Музыкантава — вядомага выканаўцы фартэпіяннай музыкі. Шмат прыйшло моладзі, прыхільнікі яго творчасці прыехалі нават з Мінска.
У музыкі з карцінамі самая прамая сувязь, лічыць Святлана Строгіна. Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля вырас у сям'і, дзе стала гучала музыка. Ён нават бачыў яе ў фарбах. «А сыграй мне, матуля, жоўценькі», — прасіў ён сваю маці, маючы на ўвазе ліпень. Не дзіўна, чаму яго карціны такія тонкія, лірычныя. Самым першым прадметам на яго лецішчы «Чайка» ў Цвярской губерні быў менавіта нямецкі раяль. Той самы, на якім калісьці іграла Соф'я Куўшыннікава Ісаку Левітану, а ён пісаў свой «Вечны спакой». Тут усё ўзаемазвязана.
З 1 чэрвеня музей адкрыў сезон летніх канцэртаў у сваім дворыку. Аркестр «ВКА» з Мінска парадаваў дзяцей і іх бацькоў цудоўным творам «Пеця і воўк» Сяргея Пракоф'ева. Гледачоў было столькі, што нават не хапіла загадзя падрыхтаваных крэслаў, і людзі сядзелі проста на газонах, на пледах і дыванках. Усім было вельмі камфортна і ўтульна. Была магчымасць заказаць кубачак кавы. З водарам гэтага напою яшчэ лепш успрымаецца мастацтва. Яшчэ адзін канцэрт прысвяцілі Чарлі Чапліну, атрымалася нешта накшталт «кінемо» — гэтакі ореn аіr на свежым паветры. Спецыяльна да яго была падрыхтаваная выстаўка мастакоў Валерыя Плаксіна і Уладзіміра Пахаўцова, якія ў сваёй творчасці звярталіся да гэтага персанажа.
Гульня ў «хованкі»
Гэты інтэрактыўны праект быў прэзентаваны падчас «Ночы музеяў» і меў вялікі поспех. У ім удзельнічалі як знакамітыя мастакі, так і пачаткоўцы. Перад наведвальнікам стаяла задача раскрыць у творы тое, што аўтар схаваў. Малады мастак Яўген Зайцаў прадэманстраваў эксперымент з зялёным колерам, як той хаваецца на працягу года — зараджаецца вясной, буяе летам, змяняе фарбу восенню і амаль знікае зімой. Або трэба было адгадаць, хто там схаваўся ў натоўпе. Усе людзі або жывёлы, напрыклад, з расплюшчанымі вачыма, а нехта адзін з заплюшчанымі — паспрабуй яшчэ знайдзі яго.
Мастацтва пашырае кругагляд, робіць чалавека больш адукаваным і цікаўным. Вядомы мастак Васіль Паленаў, дарэчы, настаўнік Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, стварыў у 1920-м годзе цікавую 3D-дыяраму для сялянскіх дзяцей, дзе паказаў кругасветнае падарожжа і ўсё гэта апісаў. Бо ведаў, што большасць з хлопчыкаў і дзяўчынак маладой савецкай краіны наўрад ці ведае пра тую ж Паўднёвую Амерыку ці Кітай. Гэтая дыярама знаходзіцца ў музеі Васіля Паленава ў Тульскай вобласці, з ім у музея В. Бялыніцкага-Бірулі вельмі вялікае сяброўства. І гэта паспрыяла таму, каб выстаўка на некаторы час пераехала ў Магілёў. На яе таксама хадзілі сем'ямі. І дзеці казалі, што гэта нават займальней, чым сядзець у інтэрнэце.
— А цяпер мы рыхтуемся да наступнага інтэрактыўнага праекта — прывозім калекцыю жывапісу Лідзіі Русланавай, якая захоўваецца ў фондах Нацыянальнага музея, — дзеліцца планамі Святлана Строгіна. — Будзе створана цікавая інтэрактыўная зона з патэфонам і пласцінкамі з запісамі песень Лідзіі Русланавай, яе фотаздымкамі, кнігамі, альбомамі. Будзе стаяць стол з карункавым абрусам, на ім — настольная лямпа, шалік, у якім выступала артыстка. Усё гэта асабістыя рэчы Лідзіі Андрэеўны, якія ў свой час паклапацілася набыць колішні дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея БССР Алена Аладава.
У тэму
Шмат цікавых разнастайных праектаў рэалізуюць і іншыя музеі Магілёўшчыны. Гэта вясельныя абрады, майстар-класы, навуковыя лекцыі. І вельмі часта музейныя праграмы ствараюцца з разлікам на «асаблівых людзей». Абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава дапамагае дзецям з асаблівасцямі псіхічнага развіцця хутчэй адаптавацца ў грамадстве.
— Па сумесным плане мы працуем са спецыялізаванай школай, дзе вучацца такія дзеці, — удакладняе старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Бондарава. — Праект называецца «Музей і дзеці». Запусцілі мы яго тры гады таму. Да нас прыходзяць школьнікі малодшых класаў, і мы праводзім з імі заняткі на базе нашых экспазіцый. Улічваючы, што гэта менш уседлівыя і ўважлівыя дзеці, нашы заняткі праходзяць з інтэрактыўнымі гульнямі, віктарынамі. Тэмы вельмі розныя. Апошняе, што мы рабілі, гэта малюнкі да Дня абароны дзяцей. У нас у музеі праводзілася выстаўка гэтых работ. Карысць ад такіх заняткаў вельмі вялікая. Дзяцей цяпер не пазнаць. Да нас яны прыходзяць замкнутымі, шмат хто саромецца ўзяць у рукі аловак. Паступова гэта праходзіць, развіваюцца іх творчыя схільнасці, з'яўляецца цікавасць. Гэта ім дапамагае хутчэй сацыялізавацца ў грамадстве, знайсці агульную мову з аднагодкамі. Мастацтва не толькі адукоўвае, але і яднае, наш праект прамое таму сведчанне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Святланы СТРОГІНАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[4] https://zviazda.by/be/tags/navedvalniki
[5] https://zviazda.by/be/tags/lyudzi-z-abmezhavanymi-magchymascyami
[6] https://zviazda.by/be/tags/magilyou