Як жа прыемна бывае: заехаць, здаецца, на край зямлі, у куток паміж лясамі і балотамі, дзе ў маленькай вёсачцы засталася адзіная карэнная жыхарка, і ўпэўніцца, што нашу газету ведаюць і чытаюць. У 82-гадовай Марыі Лук'янаўны Сіплівай на тумбачцы цэлы стос газет, сярод якіх і «Звязда». Аказваецца, дачка выпісвае, часта маці прывозіць нешта цікавае пачытаць. Сама пенсіянерка таксама выпісвае тры выданні, потым дзеліцца з дачкой. Такі вось абмен інфармацыяй. Адзіны сусед бабулі Мані, гаспадар тутэйшай аграсядзібы Сяргей Сідарук сказаў: «Анатоль Кляшчук здымаў наш палявы савіны лагер, так што, можна сказаць, на старонках «Звязды» бывалі».
Родны кут
Марыя Лук'янаўна нарадзілася тут, у Залессі, у 1937 годзе. Калі пачалася вайна, ёй ішоў чацвёрты год. Першы ўспамін дзяцінства — як ехалі з бацькамі на падводзе з клункамі, скрынямі. Выязджалі з вёскі, а дарослыя азіраліся і плакалі, бо хаты гарэлі. Тады не разумела, што робіцца, потым з расказаў бацькоў даведалася пра вясковую бяду. Залессе стаіць у лесе, побач Белавежская пушча. Жыхароў акупацыйныя ўлады адсюль высялялі прымусова. Вось і ім паступіў загад да такога і такога дня выехаць з сем'ямі і пажыткамі ў іншае месца. Вядома, людзі спадзяваліся на лепшае, думалі, можа, вайна скончыцца, што-небудзь памяняецца, вернуцца ў свае мясціны. Але як толькі выехалі на дарогу, хаты запалалі. Карны атрад сваю работу ведаў, праводзіў зачыстку лясных угоддзяў, падораных Герынгу, старанна. Яшчэ, відаць, баяліся чужынцы, што ў гэтых пустых вёсках могуць пасяліцца партызаны. І вёскі палілі датла.
Людзі з Залесся выехалі аж у Ваўкавыскі раён. Там і перабылі ўсю вайну. Потым сталі раз'язджацца хто куды. Некаторыя вярталіся ў родныя мясціны, будавалі жытло наноў, нехта рызыкаваў пашукаць шчасця ў іншых мясцовасцях. Так і бацька Марыі Лук'ян павёз сям'ю ў Літву. Там яна пайшла ў школу, пражылі ў літоўскай вёсцы каля
10 гадоў, а потым, калі сталі арганізоўваць калгасы, бацькі прынялі рашэнне вяртацца на радзіму. Усё роўна цягнула на бацькаўшчыну — так цяпер лічыць сталая жыхарка Залесся. Прыехалі, паставілі хату, сталі жыць. Тут Марыя ў 18 гадоў выйшла замуж. Праўда, і яны з маладым мужам адзін час падаліся ў Мінск, працавалі там, думалі стаць гараджанамі. А потым неяк у адзін дзень сабралі рэчы і прыехалі ў сваю вёску, з часам пабудавалі хату, у якой яна жыве і цяпер. У гэтай хаце з мужам выгадавалі дзвюх дачок. Цяпер у яе не толькі праўнукі, ужо і прапраўнучка ёсць. Але ўжо 25 гадоў, як Марыя Лук'янаўна адна: муж хварэў на сэрца, вось і пакінуў яе рана ўдавой. Працавалі на калгаснай ферме, як і ўсе ў гэтай вёсцы. Ферма была, значыць, і работа была.
Змалку рабіла з маці на калгасных палях. Згадала раптам, як падлеткам дапамагала маці садзіць кукурузу квадратна-гнездавым спосабам. У полі была як сябе помніць. А потым, дарослай ужо, пайшла даяркай, муж глядзеў цялят, летам пасвіў іх. Трэба было ж яшчэ сваю гаспадарку дагледзець, значыць, накасіць травы на ферму і частку яе — для сваіх дзвюх кароў. Таму Марыя, закончыўшы ранішнюю дойку, бегла ў поле пасвіць цялят, а гаспадар ішоў касіць. І так ледзь не ўсё лета. Але тады ўсё паспявалі, цяжкай гэта работа асабліва не здавалася, так усе жылі.
Адна на ўсё сяло
Цяпер яна засталася адна з вяскоўцаў. Праўда, дочкі, адна з якіх жыве ў райцэнтры, другая ў іншай вёсцы, прыязджаюць часта. У доме ўсё зробяць, зімой і дроў, і вады наносяць, застаецца толькі ў хаце сваю няхітрую гаспадарку справіць. Калі б не сусед, які з'явіўся з адкрыццём аграсядзібы, дзеці ўжо ўгаварылі б Марыю Лук'янаўну пераехаць да іх, лічыць старшыня Велікасельскага выканкама Таццяна Навіцкая. А так яна ўжо як быццам не адна, людзі побач. У сядзібу часта госці прыязджаюць.
Яшчэ да нядаўняга часу было ў Залессі дзве пастаянныя жыхаркі: баба Маня і баба Валя. Ды траўма Марыі стала прычынай ад'езду суседкі Валянціны.
Летась Марыя Лук'янаўна аступілася і атрымала пералом нагі. Зразумела, было доўгае лячэнне, косці ў гэтым узросце зрастаюцца павольна. На час лячэння, вядома, дзеці яе не пакінулі адну ў хаце, забралі ў гарадскую кватэру. Суседка не захацела быць адна, таксама з'ехала да дзяцей у Кобрын, ды і засталася там. А Марыя Лук'янаўна перазімавала ў гарадскіх выгодах і вярнулася ў родную хату.
Цяпер яна чытае газеты, глядзіць тэлевізар, чакае родных і сваіх суседзяў, якія сталі нібы сваякі. Кажа: «У мяне ўсё ёсць, што трэба. Аўтакрама два разы ў тыдзень прыходзіць. І такія ўжо добрыя ў нас і прадавец, і вадзіцель, каб вы ведалі. У хату самі прыйдуць, усё прынясуць. А калі выйду па пакупкі, то і правядуць, і падтрымаюць. Прывозіць той аўтамагазін усё чыста, што толькі душа пажадае. Паштальён раз на тыдзень газеты прывозіць, мы так дамовіліся, не ездзіць жа штодня да мяне адной. А я тады газеты паступова чытаю, — працягвае пенсіянерка. — А ранічкай да мяне Сяргей альбо Насця (суседзі. — Аўт.) зазіраюць: як я тут, як маё здароўе, пацікавяцца. О, яны добра мяне глядзяць. Сярожа і вады, калі трэба, прынясе. А зімой, бывае, я яшчэ сплю, ён ужо снег да хаты прачысціць. Вось шкарпэтачкі ім калі звяжу альбо нават гасцям іхнім падару».
Запатрабаваныя песні
У свае 82 гады Марыя Лук'янаўна вяжа нават без акуляраў. Ходзіць яна з кіёчкам, але нешта стараецца рабіць на агародзе, словам, без справы не сядзіць.
Даведаўшыся ад старшыні сельскага Савета пра вакальныя здольнасці Марыі Лук'янаўны, задаю пытанне пра песні. Яна спачатку сарамліва адмахваецца, потым шчыра ўсміхаецца: «Вой, цяпер у кожным інтэрнэце нашы з Валяй песні. Знаходзяцца аматары тут запісаць нас, а потым у той самы інтэрнэт і памяшчаюць», — гэта яна пра сваіх суседзяў — гаспадароў аграсядзібы.
Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады Таццяны Навіцкай, менавіта брастаўчане не далі канчаткова зачахнуць вёсцы з характэрнай назвай Залессе. У свой час гэтыя прыгожыя мясціны на ўскрайку вядомага балота Дзікое прыкмеціў Сяргей Сідарук з Брэста, купіў тут хату і пачаў абжывацца. Так з'явілася аграсядзіба «Залессе». Пазней гаспадары купілі яшчэ адну, суседнюю, хату. Цяпер у іх адзін дом жылы, што выкарыстоўваецца для сваёй сям'і, другі — гасцявы. Сяргей і Насця гадуюць дваіх дзяцей, якіх возяць у садок ў вёску Клепачы, гэта кіламетраў восем адсюль. Гаспадар займаецца прыёмам гасцей, экалагічнымі і адукацыйнымі праектамі. Гаспадыня — фалькларыст, музыкант, робіць аранжыроўку песень, выступае на канцэртах у тым ліку з песнямі сваіх аднасяльчанак.
— Калі мы прыехалі сюды, — згадвае Сяргей Аляксандравіч — бабулі ўжо не спявалі, яны крыху прызабыліся свае песні. Мы сумелі іх угаварыць, падбухторылі згадаць песні сваёй маладосці. І яны, як той казаў, расталі. Успомнілі тыя, якія спявалі іх маці і бабулі. І працэс пайшоў. І ведаеце, ёсць даволі цікавыя песні. Некаторыя Насця выконвае на канцэртах, яна выступае ў групе «Крыві», іншых гуртах.
Святы ў сядзібе
Так што праўду казала Марыя Лук'янаўна, што песні можна знайсці «ва ўсіх інтэрнэтах», прычым як іх аўтэнтычны варыянт, так і прафесійнае выкананне. Але залескія песні жывуць. А яшчэ дзякуючы Сідарукам музыку ў Залессі часам можна пачуць не толькі ў інтэрнэце. Тут праходзяць фестывалі, апошнім часам былі святы «Гуканне вясны», «Купалле». Некалькі гадоў таму прайшло даволі вялікае мерапрыемства пад назвай «Прызба-фэст». Так што сядзіба час ад часу становіцца цэнтрам маштабных імпрэз з удзелам нават соцень людзей.
Пра што, дарэчы, баба Маня расказвала так: «Што тут рабілася: аўтобусы стаялі, і міліцыя, і «хуткая», а людзей колькі было, з розных краін нават!» Гэта менавіта «Прызбу-фэст» яна згадала, але сціпла прамаўчала, што яна там была адной з зорак, бо выступіла з песняй, якую публіка ўспрыняла вельмі нават прыязна. А яшчэ Залессе праславілася правядзеннем савіных лагераў, калі сюды прыязджалі арнітолагі і аматары жывой прыроды з розных краін назіраць за птушкамі. Балота Дзікое многія ведаюць як тэрыторыю пражывання вяртлявай чаротаўкі. Цяпер дзякуючы гучным экалагічным мерапрыемствам пад эгідай «Залесся» яго сталі ведаць як месца пасялення барадатай кугакаўкі. Адзін з такіх савіных лагераў і здымаў калега Анатоль Кляшчук ( «Звязда» за 2 красавіка 2014 г. — Аўт.).
Новыя праекты
Аграсядзіба развіваецца, праводзіць новыя праекты, сустракае новых гасцей. А побач з'явілася яшчэ адна. Дзве суседнія хаты набыла Наталля Грыцко з Брэста і ўладкоўвае тут яшчэ адну сядзібу, якая спецыялізуецца на вырабе чорнаглянцавай керамікі. У іх і падворак аздоблены адпаведным чынам. Праходзілі пленэры майстроў керамікі. Праўда, Грыцко бываюць тут наездамі, а Сідарукі жывуць пастаянна.
Цяпер яны ўсе разам думаюць, як працягнуць даволі папулярны ў Польшчы турыстычны маршрут «Белы бусел», які праходзіць па той бок граніцы. Тут жа граніца зусім побач: калі ўладкаваць яшчэ адну нітку маршрута, захапіць цікавінкі балот Дзікое і Шарашова — мястэчка на былым каралеўскім тракце — можа атрымацца даволі захапляльнае падарожжа.
Старшыня сельскага Савета ганарыцца, што на іх тэрыторыі функцыянуюць такія самабытныя аграсядзібы, якія займаюцца экалагічнай, асветніцкай і культурніцкай работай:
«Цікавыя людзі, яны пакінулі горад, перасяліліся ў аддаленую вёску, не ўсе іх разумеюць. Мне аднойчы Сяргей сказаў, што і ў нас некалі надыдзе мода на пражыванне бліжэй да прыроды. Толькі баюся, што не скора прыйдзе гэты час...» — заўважыла Таццяна Навіцкая.
А на маё пытанне, ці не шкада яму выгод цывілізацыі, ад якіх адмовіўся, Сяргей Сідарук сказаў так: «Цяпер, калі цывілізацыя перамясцілася ў інтэрнэт, шкадаваць няма чаго. А тут наогул самае лепшае месца».
Вось так і Марыя Сіплівая лічыць, што Залессе — месца самае лепшае на свеце, таму і не едзе нікуды.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/aposhniya-zhyhary