Рэктар БДУ Андрэй Кароль сёння, адказваючы на пытанні журналістаў аб кошце навучання ў ВНУ, паведаміў, што непрыемных сюрпрызаў для студэнтаў і іх бацькоў не будзе, перадае БЕЛТА [1].
Андрэй Кароль лічыць недарэчным казаць пра тое, што кошт навучання ў БДУ можа кагосьці шакаваць. "Гэта ўсё з вобласці эмоцый і журналісцкіх трэндаў", - сказаў ён.
Рэктар БДУ растлумачыў, што цана "разлічваецца зыходзячы з сабекошту падрыхтоўкі, дзе адбываецца калькуляцыя выдаткаў, уключаючы зарплату спецыялістаў, матэрыяльна-тэхнічную базу і іншыя рэчы". "Пакуль усё тут у планавым парадку", - дадаў Андрэй Кароль. Ён паабяцаў, што ВНУ своечасова праінфармуе студэнтаў.
Сёння беларускія ВНУ пачалі прымаць дакументы ад абітурыентаў. У БДУ сёлета плануюць набраць 5193 студэнта, што складае 101% да плана прыёму 2018 года. Па словах рэктара, больш абітурыентаў будзе прынята на IT-спецыяльнасці, сярод астатніх адбылося пераразмеркаванне, напрыклад, дзесьці паменшылі колькасць месцаў на скарочаную форму навучання.
З гэтага года ўпершыню ў БДУ правядуць набор у сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ-ДПУ (Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт) па спецыяльнасцях "фізіка (вытворчая дзейнасць)", "механіка і матэматычнае мадэляванне", "сусветная эканоміка". У інстытут плануецца прыняць 58 чалавек - 28 на бюджэт і 30 на платнае. Падрыхтоўка студэнтаў будзе весціся на першых двух курсах на рускай мове, а з 3-га курса шэраг дысцыплін - на англійскай. Мяркуецца таксама вывучэнне кітайскай мовы на базавым узроўні. Выпускнікі беларуска-кітайскага інстытута атрымаюць два дыпломы: БДУ і ДПУ. У прафесарска-выкладчыцкі склад увойдуць прадстаўнікі беларускага і кітайскага ўніверсітэтаў. Выпускнікі інстытута будуць запатрабаваныя прамысловымі, адукацыйна-навуковымі прадпрыемствамі і IT-кампаніямі Беларусі і Кітая, а таксама кампаніямі індустрыяльнага парку "Вялікі камень". "Гэта ўнікальны праект не толькі з пункту гледжання кампетэнцыі выпускнікоў. Гэта будзе элітная адукацыя", - падкрэсліў Андрэй Кароль.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/rektor-bgu-o-stoimosti-obuchenija-neprijatnyh-sjurprizov-dlja-studentov-ne-budet-354701-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[3] https://zviazda.by/be/tags/andrey-karol
[4] https://zviazda.by/be/tags/kosht-navuchannya