Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» плануе заключыць дагаворы аб супрацоўніцтве з двума расійскімі музеямі на будучым Форуме рэгіёнаў. Пакуль што доўгатэрміновы дагавор аб супрацоўніцтве крэпасць мае толькі з Музеем Перамогі ў Маскве. Дарэчы, дакумент падпісалі летась на Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме. А цяпер падрыхтаваны пакет дакументаў на дагаворы з музеем-панарамай «Барадзінская бітва» ў Маскве і гісторыка-мемарыяльным музеем-запаведнікам «Сталінградская бітва» ў Валгаградзе.
— Мэтай пагадненняў вызначылі пашырэнне доступу наведвальнікаў да гістарычнай спадчыны дзвюх краін, прыцягненне турыстычных патокаў у кожны з музеяў, — расказала намеснік дырэктара Брэсцкай крэпасці Ларыса БІБІК. — Пасля заключэння дагавораў стануць рэальнасцю сумесныя выставачныя праекты, удзел музейных работнікаў у навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, іншых мерапрыемствах. І для любога наведвальніка экспазіцыі ў любой з краін будуць несумненныя плюсы. Скажам, зазірнуў у Музей абароны крэпасці і пазнаёміўся з гісторыяй Барадзінскай бітвы альбо сталінградскай эпапеі. Тое ж самае і для турыста ў Маскве альбо Валгаградзе — з'явіцца магчымасць дакрануцца да гісторыі першых дзён вайны і абароны Брэсцкай крэпасці.
Прыклады паспяховага супрацоўніцтва Брэста з калегамі ўжо ёсць. Год таму ў Музеі абароны адкрылася выстаўка «Бессмяротны горад нашай славы» з фондаў Дзяржаўнага музея гераічнай абароны і вызвалення Севастопаля. У адказ у гэтым горадзе таксама адкрылася выстаўка, прысвечаная 180-гадовай гісторыі крэпасці над Бугам. Нашы музеі запатрабаваныя ў грамадзян абедзвюх краін. Пра гэта сведчыць наступны факт: у маі гэтага года мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» ушанаваў 25-мільённага наведвальніка. Ім стала масквічка Марыя Васіна, якая прыехала з сям'ёй на экскурсію ў Брэст.
Папярэдняя дамоўленасць аб заключэнні пагадненняў была дасягнутая ў красавіку на сумеснай калегіі міністэрстваў культуры Расіі і Беларусі. Паводле інфармацыі дырэктара мемарыяльнага комплексу, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Рыгора БЫСЮКА, менавіта расійскія калегі прапанавалі замацаваць дагаворамі сумесныя праекты, якія павінны набыць пастаянны характар.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/vi-forum-regiyonau-belarusi-i-rasii
[7] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-krepasc