11 ліпеня на плошчы лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» адкрылі іменную зорку народнай артысткі Украіны, спявачкі Таісіі Павалій.
Танцавальныя пары і белыя жывыя скульптуры сустрэлі артыстку на адмысловай дарожцы, упрыгожанай валошкамі – сімваламі «Славянскага базару». Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар нагадаў, што менавіта ў Віцебску ў 1993 годзе Таісія Павалій упершыню ў гісторыі фэсту ўзяла Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў. З таго часу і па цяперашні дзень артыстка застаецца добрай сяброўкай фестывалю, выступае тут з канцэртамі і ўдзельнічае ў рабоце міжнароднага журы.
Спецыяльны падарунак для цырымоніі падрыхтаваў мэтр віцебскай мастацкай школы, майстар акварэльнага жывапісу Фелікс Гумен, які падарыў спявачцы адну са сваіх работ. Як адзначылі арганізатары, такія падарункі ад горада мастакоў лаўрэатам высокай прэміі надалей стануць добрай традыцыяй.
Таісія Павалій шчыра падзякавала за ўзнагароду і іменную зорку ўсім беларусам. «Менавіта «Славянскі базар» стаў тым фестывалем, які адкрыў для мяне дарогу на вялікую сцэну. Таму ў сённяшнім адкрыцці зоркі я бачу пэўны знак: напэўна, у маім жыцці зноў адбудзецца штосьці важнае», - сказала артыстка.
Фэст у лічбах...
За без малога 30 гадоў правядзення «Славянскага базару» яго гасцямі і ўдзельнікамі стала каля 170 тысяч артыстаў, прадзюсараў і журналістаў з розных краін, а больш чым 5,5 мільёна гледачоў убачылі знакавыя мерапрыемствы і падзеі.
На сёлетнім фэсце працуюць 23 пляцоўкі, дзе запланавана правесці 190 мерапрыемстваў. Дарэчы, на канцэрты, спектаклі і выстаўкі, якія адбываюцца ў межах «Славянскага базару», ужо прададзена звыш 67 тысяч білетаў! Тыя ж, хто не ўбачыць гэтыя падзеі на свае вочы, прачытаюць, паслухаюць або паглядзяць на іх у шматлікіх рэпартажах і трансляцыях — на форуме працуе больш як 350 беларускіх і замежных журналістаў.
Адзіная лічба, якая сёлета, на жаль, аказалася менш за запланаваную, — колькасць удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў «Віцебск-2019». Як расказаў кіраўнік «Славянскага базару» Глеб Лапіцкі, канкурсанты з Кубы і Славеніі «ў сувязі з юрыдычнымі нюансамі, і некаторымі пытаннямі па стане здароўя» датэрмінова выбылі з творчага спаборніцтва. Аднак яны застануцца гасцямі фестывалю і змогуць ацаніць гасціннасць беларускай публікі і падтрымаць іншых маладых артыстаў.
...і рытмах
Пад барабанны дробат, духавы аркестр і ўспышкі фотакамер ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі прайшло больш за 700 удзельніц ІІІ міжнароднага фестывалю-конкурсу барабаншчыц і мажарэтак. Сярод удзельніц ад Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана — як зусім маленькія дзяўчаты, так і пажылыя, але вельмі бадзёрыя жанчыны. «Ці не холадна?» — на бягу пытаемся ў госці з Цвярской вобласці Расіі. — «Горача!» — звонка рапартуе дзяўчынка.
На плошчы Перамогі, дарэчы, горача будзе ўвесь тыдзень: тут пройдзе пяцідзённы опэн-эйр, насычаны самымі разнастайнымі падзеямі, ад прадстаўленняў фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» і канцэртаў папулярных беларускіх гуртоў да фестывалю кавер-бэндаў, чэмпіянату па аўтагуку і выстаўкі класічных рэтра-аўтамабіляў.
А 14 ліпеня тут пройдзе, мабыць, самая маштабная ў Беларусі зарадка, на якую чакаюць каля 1000 удзельнікаў, у тым ліку вядомага музычнага педагога Святлану Стацэнку, удзельніцу «Еўрабачання-2019» Зену і папулярную ў падлеткаў блогера Ілону Камоску. З такой незвычайнай размінкі пачнецца новае для «Славянскага базару» мерапрыемства — міжнародны танцавальны батл Drеаm Dаnсе Fеst, на якім 12 гадзін бесперапынна будзе гучаць музыка, а танцоры з розных краін, ад Арменіі і Беларусі да Кітая і Грэцыі, пакажуць свае ўменні і дадуць усім ахвотным майстар-класы па харэаграфіі.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Ганна ЗАНКАВІЧ
г.ВІЦЕБСК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/muzyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku