Вёска Бабруйшчына на Глыбоччыне, нягледзячы на тое што тут жывуць амаль адны дачнікі, захоўвае прыгожую сакральную традыцыю — асвячэнне вады і кветак. Не толькі праваслаўныя вернікі, але і іх землякі-каталікі збіраюцца на ўскрайку вёскі, там, дзе пад царкоўнай гарою б'е крыніца. Менавіта на сёмае ліпеня, на Яна Хрысціцеля, тут адбываецца хросны ход з абразом святога, праводзіцца адмысловая літургія каля каплічкі з асвячэннем вады. Гэтаю вадой святар акрапляе кветкі: па народным павер'і, пасля гэтага яны набываюць гаючыя якасці.
Святар з вёскі Падсвілле протаіерэй Вячаслаў Пяшко, высілкамі якога царква ў Бабруйшчыне зноў дзейнічае, ужо не першае дзесяцігоддзе праводзіць набажэнства каля вытоку. Мне ўжо некалькі гадоў даводзіцца здымаць бабруйшчынскую традыцыю, і кожны раз я сустракаю знаёмых. Вось, напрыклад, наш падпісчык з вёскі Кішы Іван Баран (на фота). «Звязду» ён выпісвае з дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, не прапусціў ніводнага фэсту на Яна. Таксама тут штодня бывае аднавяскоўка Івана Тамара Папкова. Заўсёдная паломніца свята — жыхарка вёскі Баяры Людміла Семеж, а Тамара Млечка прыехала з Падсвілля... Нават дождж, які то сціхаў, то зноў пачынаўся, не сапсаваў ім святочны настрой.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-babruyshchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/glybocki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/tradycyya