Проза Навума Гальпяровіча — гэта, як правіла, строгая дакументалістыка (сёння яе прынята называць модным словам «нон-фікшн»), у якой ён абапіраецца на ўласныя ўспаміны, звязаныя з пэўным перыядам свайго жыцця альбо з людзьмі, што пакінулі ў яго лёсе прыкметны след. Але гэта дакументалістыка менавіта мастацкая, бо аўтар не проста дзеліцца ўспамінамі, а стварае запамінальны малюнак, сюжэт. А яшчэ ён падкупляе чытача сваёй шчырасцю і даверлівым тонам размовы.
Алесь Бадак
Патэлефанавалі з аднаго з літаратурных музеяў: «Ладзім сустрэчу з літаратарамі, чый жыццёвы лёс быў звязаны са спортам. Чыталі вашы ўспаміны, як вы гулялі ў футбол. Вы ж былі прафесійным футбалістам».
Я запярэчыў, што прафесійным футбалістам не быў, проста гуляў за зборную школы, розныя юнацкія каманды ў маім родным Полацку. Але футбол люблю па сённяшні дзень, і на полі майго жыцця ён сыграў далёка не апошнюю ролю.
Дык вось пра футбол...
Уявіце сабе хлапчука, школьнага выдатніка, актывіста, маленькага, хударлявага, з непаслухмянай капой чорных кудзераў, і — зухаватых хуліганістых хлопцаў, якія штодня ганяюць мяч на школьным стадыёне.
Калі я праходзіў міма, шмат цікавага мог пачуць у свой адрас.
«Такія, як ён, толькі на скрыпках могуць іграць ды кніжкі пачытваць», — гучна, каб я чуў, расцягваючы словы, гаварыў на ўроку фізкультуры, дзе мы гулялі ў футбол, адзін з дваровых аўтарытэтаў па мянушцы «Боб», які ў кампаніі сваіх прыхільнікаў назіраў за нашым тузаннем вакол мяча на лавачцы збоку поля. Прычым мне даставалася ў гульні далёка не самае пачэснае месца.
І столькі гідлівасці і злосці было ў яго словах, што я тут жа сам сабе рашыў: «Хоць кроў з носу, а я буду гуляць лепш, чым ты!» Скрыпкі, праўда, я ў рукі не браў, а вось кніжкі сапраўды любіў.
І пачаліся мае «чорныя ад працы» канікулы. Чорныя, бо я сапраўды літаральна знясільваў сябе штодня, займаючыся па сем-восем гадзін з мячом на пятачку каля нашага дома. Я скупіў усе кніжкі пра тое, як трэба трэніравацца, з апісаннем фінтоў і практыкаванняў. Сябрукоў-суседзяў Ваську і Мішку я прымушаў ганяць са мной мяч, адбіраць і штурхацца, ствараючы перашкоды маім рэйдам да варот.
Я «набіваў» мяч абедзвюма нагамі, не даючы яму спусціцца на зямлю, адпрацоўваў сілу ўдару рознымі прыёмамі — «шчочкай», «пырам», знешнім бокам стапы...
Сённяшнім падлеткам і моладзі цяжка ўявіць, якой славай і ўсенароднай любоўю карысталіся футбалісты ў такім невялікім горадзе, як мой Полацк. Сапраўды «народныя» гульцы, атрымаўшы футбольныя ўніверсітэты ў дваровых гульнях, былі кумірамі для дзятвы і дарослых. Памятаю ледзь не бойкі паміж пацанамі за права паднесці чамаданчык са спартыўнай формай майму суседу Івану Улдукісу, які гуляў за каманду завода шкловалакна на першынстве рэспублікі.
У дні матча на стадыёне «Лакаматыў» цяжка было знайсці вольнае месца. Сюды прыходзілі цэлымі сем'ямі як на свята. У перапынку можна было купіць марожанае і бутэльку газіроўкі.
Гэта ў каго былі грошы. А былі і такія, пераважна дваровая шпана, што пералазілі праз высокі плот. І роў магутных глотак заўзятараў быў чуваць дужа далёка, бо ён нават перакрываў гудкі блізкіх да чыгуначнага вакзала цягнікоў.
А між тым мая футбольная навука працягвалася.
— Ты што дзяцінішся? — дакорліва гаварыла мама. — Трэба пра будучыню дбаць, вучобу, прафесію, а ты з малымі мячык ганяеш!
Але спыніць мяне было немагчыма. Нават па начах мне сталі сніцца шматхадовыя камбінацыі, гулкія ўдары ў «дзявятку», радасны гул стадыёна.
У верасні наш восьмы «В» сабраўся пасля вакацый у поўным складзе. Паколькі школа наша была гарадская, а вучыліся ў ёй разам дзеці ўскраіны і прыгарадных вёсак, а таксама саўгаснага пасёлка, то за лета мы крыху адвыкалі адно ад аднаго. І цікава было глядзець, хто падрос ці яшчэ як-небудзь змяніўся.
А ў мяне ў дадатак да ранейшых праблем, як на тое, над верхняй губой сталі прабівацца чорныя валаскі, якія вельмі ўжо аддалена нагадвалі вусы, хутчэй не вусы, а так — нібыта нехта вугалем мазнуў.
На ўроку фізкультуры наш Валерый Антонавіч, як заўсёды, кінуў нам мячык і, загадаўшы разбіцца на дзве каманды і пагуляць самім, звыкла пакінуў пляцоўку, адправіўшыся займацца гімнастыкай з дзяўчаткамі, што ён вельмі любіў.
Права падбіраць сабе каманды мелі нашы самыя лепшыя спартоўцы — Колька па мянушцы Бурма і Юрка Тапуноў, які гуляў за зборную школы і нават ездзіў на зборы як кандыдат у юнацкую горада. Такія ж, як я, былі нібы разменная дробная манета, якую і браць ніхто не хацеў, але і выкінуць няможна.
Пасля доўгіх спрэчак я трапіў да Тапунова.
— У абароне пабудзеш, — незадаволена буркнуў ён. Гэта лічылася апошняй справай, бо кожны хацеў гуляць нападаючым і забіваць галы.
Узгадваючы той першы свой трыумф, я і зараз адчуваю каля сэрца нейкае трымценне. А тады я ўвесь быў як напятая струна, здаецца, нічога не бачыў і не чуў, акрамя свайго дыхання, акрамя мячыка і поля.
Пра гэты матч я мог бы расказваць гадзінамі! Колькі разоў перад вачамі зноў і зноў паўставалі яго эпізоды, і кожны з іх быў напоўнены прагаю да перамогі, да запаветнай мэты. Скажу толькі, што такога майго спрыту ніхто не чакаў, і гэта па першым часе мне надта спрыяла. Калі хвілін праз пяць пасля пачатку я, атрымаўшы мяч ля ўласных варот, аднаго за адным абыграўшы на хуткасці сапернікаў, выйшаў на ўдарную пазіцыю і ўдарыў так, што перакладзіна, якраз там, дзе знаходзіцца запаветная «дзявятка», загудзела, ніхто яшчэ нічога не зразумеў. Толькі Тапун, падбегшы ўшчыльную, неяк дзіўна паглядзеў і як роўнаму сказаў:
— Пасаваць трэба! А то ўсё сам хочаш!
Гэта прагучала для мяне як музыка. Але яшчэ большае здзіўленне чакала ўсіх, калі я за гульню забіў тры галы, зрабіў безліч трапных перадач і выбіў мяч з уласных пустых варот.
Брудны, потны і шчаслівы, я гэтак жа, як і ўсе нашы ранейшыя «зоркі», пакульгваючы, ішоў з поля, а сэрца спявала адно слова — «перамога». І чамусьці хацелася плакаць, і было крыху шкада нечага, і быццам нешта беззваротна заставалася ззаду, быццам у іншым жыцці.
Здзівіўся і Валерый Антонавіч. Дарэчы, у той час у нашу школу прыйшоў працаваць другім фізруком трэнер дзіцячай спартыўнай школы па футболе. Я быў пакліканы на прагляд.
— А што! — сказаў трэнер. — Упаўне гадзіцца. Бяром у групу.
Так я стаў займацца футболам «па навуцы». Наша група была па колькасці нават занадта вялікая. Мы не толькі гулялі ў мяч, мы займаліся так званай «фізухай» у спартыўнай зале: падцягваліся, адціскаліся ад падлогі, а на вуліцы «намотвалі» кросы.
Потым трэнер аб'явіў, што адбярэ лепшых пасля таго, як здадзім нарматывы.
Адзінае, чаго я баяўся, дык гэта скачкоў у вышыню. І трэба ж было, каб гэты нарматыў мне ніяк не мог скарыцца. Такім чынам, я трапляў на адлічэнне.
Пасля таго як трэнер аб'явіў склад тых, хто застаецца і будзе працягваць трэніроўкі, і майго прозвішча не назваў, ён папрасіў мяне застацца.
— Гуляеш ты нядрэнна, — сказаў ён, — але для ўсіх закон адзін. Можаш, калі хочаш, усё ж хадзіць на трэніроўкі, але па-за спісам. Падцягнеш «фізуху», уключым у спіс зноў.
У мяне нават слёзы навярнуліся. Вельмі ж не хацелася быць «выкінутым» з любімага занятку. Так, я палюбіў гэтую гульню, і ўжо не для самасцвярджэння, як раней, а за змест барацьбы і прыгажосці, што даваў футбол.
Некалькі месяцаў я хадзіў «пазаштатна» на трэніроўкі і ўрэшце дамогся, каб мяне зноў вярнулі ў групу афіцыйна.
Тым часам насоўвалася першынство горада сярод школ. Дарэчы, наша дзявятая школа ў папярэднім турніры была на перадапошнім месцы. Рэч у тым, што многія тыя хлопцы з нашага раёна, што бавілі час на школьным стадыёне, або ўжо не вучыліся ў нашай школе, або былі закаранелымі двоечнікамі і другагоднікамі, і іх Валерый Антонавіч «прабіваў» у заяўку на матчы з вялікай цяжкасцю.
І — о, радасць! — у заяўку ўключаюць мяне, васьмікласніка!
Не ва ўсіх, праўда, гэтая навіна выклікала пазітыўныя эмоцыі. Мая класная кіраўніца, Тамара Фёдараўна, неяк са здзіўленнем і перасцярогай загаварыла пра тое, што маё захапленне футболам адаб'ецца на паспяховасці, што ў зборнай школы пераважна далёка не самыя лепшыя вучні... Я, канечне, ёй запярэчыў, хоць, шчыра кажучы, адчуў і сам, што ацэнкі па некаторых прадметах папаўзлі ўніз. Але радасць ад таго, што буду ўдзельнічаць у першынстве па футболе, была куды вышэйшая.
Першы ж матч для нашай каманды аказаўся сур'ёзным выпрабаваннем. Нам выпала гуляць з мінулагоднім чэмпіёнам — зборнай шостай школы. Мала таго, што ў гэтай камандзе гулялі пераважна рослыя старшакласнікі, двое з іх спрабаваліся ў склад дарослай каманды таго ж завода шкловалакна, якая прымала ўдзел у першынстве рэспублікі.
Гэты матч мне запоўніўся сваім накалам і жарсцю на ўсё жыццё. Мы хоць былі і слабейшыя, але так моцна хацелі перамагчы ці хоць бы атрымаць нічыю, што супернік ніяк не мог рэалізаваць сваю перавагу. Больш за тое, у сярэдзіне другога тайма падчас адной з рэдкіх контратак Валодзя Варпаховіч забівае гол!.. І да канца матча мы выстаялі!
Мокрыя ад поту, стомленыя, мы прымалі віншаванні, а іхні трэнер разам з дырэктарам школы прыбеглі ў нашу імправізаваную раздзявалку і прыдзірліва звяралі спіс, шукаючы падстаўных. Іх нават зацікавіла мая асоба, бо ўжо надта я выдзяляўся знешнім выглядам ад сваіх таварышаў.
Гэты чэмпіянат аказаўся для нас трыумфальным: мы ўпершыню за гісторыю ўдзелу школы ў першынстве занялі прызавое, трэцяе месца.
Праўда, не ўсе гульні для мяне асабіста аказаліся ўдалымі. У адным матчы мяне нават давялося замяніць, настолькі не ладзілася ў мяне гульня. Яшчэ паспрыяла гэтаму несяброўская кампанія падлеткаў на трыбуне. Як толькі мне трапляўся мяч, яны пачыналі здзекліва выкрыкваць маё імя і свістаць, што мяне, безумоўна, бянтэжыла. Дарэчы, падчас, так бы мовіць, маёй далейшай футбольнай «кар'еры» мне не раз даводзілася сустракацца з рознымі кпінамі, насмешкамі, варожасцю, што загартоўвала, і такі вопыт спатрэбіўся потым у дарослым жыцці.
А апошні, жаданы матч перад ад'ездам на вучобу ў Мінск так і не адбыўся. Мне ўжо давялося пагуляць у юнацкай зборнай горада, атрымаць прапанову на сталы пераезд у Гродна ў каманду майстроў. Яе выказаў адзін з трэнераў мясцовай каманды «Нёман», які бачыў маю гульню ў дваровым стадыёне ў час школьных канікулаў, якія я праводзіў у гэтым горадзе, дзе тады жыла мая цётухна Вера.
Дык пра матч, які не адбыўся. У Полацку тады права выступаць на першынство рэспублікі заваявала каманда мясцовай воінскай часці, дзе служылі некаторыя ўжо даволі знакамітыя футбалісты з розных каманд майстроў, якія былі прызваныя ў войска.
Пры гэтай камандзе быў створаны «дубль» — юнацкі калектыў, які таксама выставілі на ўдзел у першынстве.
Форма для нашай каманды знаходзілася ў старшыны Траскова, нам яе насіць з сабой было не паложана. Якое ж было наша расчараванне і крыўда, калі ён на матч на стадыёне «Лакаматыў» не з'явіўся разам з нашай формай і нам запісалі тэхнічнае паражэнне.
На гэтым мая футбольная адысея і скончылася. Далей была вучоба, работа ў газеце — зусім іншы лёс.
А некаторыя мае тадышнія «калегі» гулялі потым у розных дарослых камандах. Праўда, ніхто з іх да ўзроўню, скажам, славутага Пракапенкі з мінскага «Дынама» не дацягнуўся, нават у каманды вышэйшай лігі не ўвайшлі.
Праз пэўны час аднаго з былых сваіх таварышаў я выпадкова сустрэў у кінатэатры.
— Ты дзе цяпер гуляеш? — было яго першае пытанне. А мне чамусьці сказаць, што я працую ў газеце, было цяжка. Хоць і было прыемна, што ён памятае маю гульню.
Так футбол застаўся юначым шчырым захапленнем.
Але тыя ўрокі, якія ён мне даў у жыцці, засталіся са мной і па сённяшні дзень.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/navum-galpyarovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/na-konkurs-apavyadannyau