Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з прадпрымальнікам Міхаілам Гуцарыевым будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната і перспектывы рэалізацыі прадукцыі, перадае БЕЛТА [3].
«Самае галоўнае, я хацеў бы сёння пачуць ад вас аб тым, як ідзе будаўніцтва асноўнага нашага праекта — камбіната па здабычы калійных солей, угнаенняў, якія вы бачыце ўжо цяпер перспектывы па здабычы і рэалізацыі гэтай прадукцыі», — сказаў Прэзідэнт.
«Нам вельмі важна, каб мы склеілі адносіны „Славкалія“ з Беларускай калійнай кампаніяй і на рынак вы выходзілі ўзгоднена. Пасля таго, як мы ўвядзём Нежынскі камбінат, і пасля таго, як мы ўвядзём на Прыпяці (мы адкрылі прадпрыемства ўжо), мы зоймем практычна першае месца па здабычы калійных угнаенняў у свеце. Гэта значыць, у нас будзе магчымасць дыктаваць умовы рэалізацыі. Хацелася б ужо цяпер пачынаць у гэтым напрамку працаваць, як некалі мы з вамі дамаўляліся. Мяне цікавіць гэты праект, як ён рэалізуецца», — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Міхаілу Гуцарыеву за яго дабрачынную дзейнасць у Беларусі. «Дзякуй за храм. Гэта ўнікальны выпадак, калі мусульманін будуе праваслаўны храм для людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў словы ўдзячнасці і за падтрымку спорту, пабудаваную школу.
Нежынскі горна-абагачальны камбінат на базе Старобінскага радовішча калійных солей будзе другім прадпрыемствам у Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў. Яго магутнасць складзе да 2 млн т хларыду калію ў год. Інвестыцыйны праект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Яго рэалізуе ЗТАА «Славкалій», што ўваходзіць у групу «Сафмар» Міхаіла Гуцарыева. Будаўніцтва ГАК запушчана ў 2017 годзе.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/gandal
[3] https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-abmerkavau-z-gutsaryevym-budaunitstva-nezhynskaga-gak-i-perspektyvy-realizatsyi-praduktsyi-79559-2019/
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-guceryeu
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/nezhynski-gorna-abagachalny-kambinat