Выстаўка пад адкрытым небам «Зоі» штогадовага праекта «Мастак і горад» на будучым тыдні поўнасцю памяняецца — 10 ліпеня на плошчы Якуба Коласа карціны Зоі Літвінавай у суправаджэнні адмысловага sіlent-кінапаказу заменяць работы Зоі Луцэвіч.
10 ліпеня арганізатары запрашаюць на творчую акцыю Cіnemascope — пераэкспазіцыю і прымеркаваны да яе паказ аднаго з найлепшых анімацыйных фільмаў мінулага стагоддзя «78 абаротаў» Жоржа Швіцгебеля, які наведвальнікі будуць глядзець з дапамогай бесправадных навушнікаў.
«Мастак і горад» ужо восьмы год выносіць найлепшае беларускае мастацтва за межы фондаў, выставачных прастор і галерэй: на плошчы Якуба Коласа ўжо былі паказаныя Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук, Валянцін Губараў, Георгій Скрыпнічэнка ды іншыя.
Сёлета праект упершыню факусуецца на жаночым мастацтве, прадстаўляе сябе ў Брэсце (летась выстаўка ездзіла ў Віцебск) і ўключае дзве часткі. Наяўнасць двух складаў не проста становіцца намінальнай фішкай восьмага сезона: з пераэкспазіцыі робіцца адмысловая дзея, якая да выяўленчага далучае іншыя віды мастацтва, у прыватнасці кінамастацтва.
За адным захадам нагадаем, што праект Cіnemascope апроч паказу Швіцгебеля на плошчы Якуба Коласа арганізуе штогадовы ореn-аіr фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінемо» — 11 ліпеня ў дворыку музея-майстэрні Заіра Азгура з «Прыгодамі паўрубля» Акселя Лундзіна адбудзецца апошні паказ сёлетняга фэсту.
Што да экспазіцыі «Мастак і горад», то за восем гадоў яна стала неад'емнай часткай гарадской прасторы, што прыцягвае як жыхароў, так і гасцей сталіцы, да таго ж знаёміць з бясспрэчнымі лідарамі нацыянальнага культурнага асяродку.
Такім чынам, 10 ліпеня замест выстаўкі «Зоя Літвінава. Выбранае» запрацуе «Перавернутая рэальнасць» Зоі Луцэвіч і застанецца ў сталіцы да канца лета, пасля чаго пераедзе ў Брэст святкаваць тысячагоддзе горада.
Зоя Літвінава і Зоя Луцэвіч — вядомыя мастачкі як у Беларусі, так і за мяжой, дзе іх работы перыядычна выстаўляюцца, а таксама набываюцца для прыватных калекцый. Зоя Літвінава з'яўляецца ўладальніцай французскага ордэна «За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва» і айчыннага ордэна Францыска Скарыны. Зоя Луцэвіч сярод іншых замежных гарадоў выстаўлялася, напрыклад, у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Мастачак звязваюць стасункі настаўніцы і вучаніцы, а таксама хроснай маці і хросніцы.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/safiya-palyanskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystauka-mastak-i-gorad
[6] https://zviazda.by/be/tags/zoya-litvinava
[7] https://zviazda.by/be/tags/zoya-lucevich