Еўрапейскі саюз падпісаў найбуйнейшае ў сваёй гісторыі гандлёвае пагадненне. Гэтая дамова адкрывае бізнесу Старога Свету дзверы на рынак чатырох краін Паўднёвай Амерыкі з насельніцтвам каля 300 мільёнаў чалавек. У адказ Бразілія, Аргенціна, Парагвай і Уругвай (аб'яднаныя ў субрэгіянальны гандлёва-эканамічны саюз Меркасур) атрымаюць ільготны доступ да паўмільярда еўрапейскіх спажыўцоў. Пасля 20 гадоў перамоў 28 краін ЕС пагадзіліся прыадкрыць граніцы для заакіянскага мяса і цукру ў абмен на магчымасць бяспошлінна пастаўляць у Паўднёвую Амерыку аўтамабілі, лекі, віно і сыр, перадае «Бі-бі-сі». Больш за тое, перагаворшчыкі пайшлі далей і акрамя абнулення пошлін у гандлі таварамі — сельскагаспадарчымі і прамысловымі — дамовіліся зняць частку нетарыфных абмежаванняў для ключавога сектара паслуг, у тым ліку дзяржзакупак, санітарных нормаў, аўтарскіх правоў. Чаму найбуйнейшыя сусветныя гульцы вырашылі дамовіцца, чаго чакаць у перспектыве?
Меркасур (Mercado Comu'n del Cono Sur — Mercosur) — субрэгіянальны гандлёва-эканамічны саюз, у які цяпер уваходзяць Аргенціна, Бразілія, Парагвай і Уругвай. З іспанскай назва перакладаецца як «Рынак Паўднёвага конуса» — па назве часткі тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі, размешчанай на поўдзень ад 18 градусаў паўднёвай шыраты. На эмблеме арганізацыі намалявана сузор'е Паўднёвага крыжа. На гэтай тэрыторыі жыве больш за палову насельніцтва краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Меркасур фарміруе каля 75 працэнтаў сукупнага ВУП Паўднёвай Амерыкі. Аб'яднанне ўяўляе сабой па памерах і эканамічным патэнцыяле другі ў свеце (пасля ЕС) мытны саюз.
Спробы развіваць тут рэгіянальную эканамічную інтэграцыю на ўзор Еўрасаюза маюць доўгую, але не вельмі ўдалую гісторыю. Яшчэ ў 1960-х у Паўднёвай Амерыцы ўпершыню загаварылі пра стварэнне зоны свабоднага гандлю, а затым і цэнтральнаамерыканскага агульнага рынку. У 1960-м была створана Лацінаамерыканская асацыяцыя свабоднага гандлю (LAFTA), у якую ўвайшлі 10 краін (Аргенціна, Бразілія, Мексіка, Уругвай, Парагвай, Перу, Чылі, Калумбія, Эквадор, Венесуэла і Балівія). Аднак палітычныя і эканамічныя крызісы канца 1960-х не дазволілі ажыццявіць гэты грандыёзны праект. З прычыны моцных адрозненняў паміж дзяржавамі далейшыя спробы развіцця рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі былі накіраваны на аб'яднанне толькі некаторых краін, эканамічна найбольш блізкіх адна да адной. Так, у 1969 годзе ўнутры LAFTA ўтварылася андская група (Балівія, Калумбія, Эквадор і Чылі). Але гэтыя альянсы не здолелі дамагчыся асаблівых поспехаў у развіцці ўзаемнага гандлю.
Новая хваля ўвагі да інтэграцыйных пагадненняў паднялася ў 1980-я, калі расчараванне лацінаамерыканскіх краін у дапамозе ЗША пасля Фалклендскай вайны Аргенціны з Вялікабрытаніяй стымулявала іх цікавасць да збліжэння на рэгіянальнай аснове. У 1985 годзе прэзідэнты Аргенціны і Бразіліі — Рауль Альфансін і Жазэ Сарней — падпісалі Праграму эканамічнай інтэграцыі і супрацоўніцтва. Адной з шэрагу мер прапанавалася ўвесці выкарыстанне гаўча ў якасці валюты для рэгіянальнага гандлю. Дзве найбуйнейшыя эканомікі Лацінскай Амерыкі вылучылі сумесны праект развіцця супрацоўніцтва і наступнай інтэграцыі, абвясціўшы яго адкрытым для далучэння іншых краін. Уругвай і Парагвай неўзабаве адгукнуліся на гэтую ініцыятыву. У сакавіку 1991 года ў парагвайскай сталіцы Асунсьён быў падпісаны чатырохбаковы дагавор аб стварэнні мытнага саюза і агульнага рынку. У 1995-м ён уступіў у сілу — на знешніх межах блока пачалі дзейнічаць агульныя мытныя тарыфы на імпарт тавараў з трэціх краін.
Эксперты адзначаюць, што стварэнне блока неаднойчы дапамагала стабілізаваць эканоміку краін, якія ў яго ўваходзяць. Напрыклад, у перыяд эканамічнага застою ў Бразіліі ў 1991—1993 гадах мясцовая прамысловасць здолела выжыць у значнай меры дзякуючы доступу на рынак Аргенціны, эканоміка якой у той час была на ўздыме. А ў 1994—1995-м, ва ўмовах эканамічнага спаду ў Аргенціне, выратавальным кругам для яе стаў доступ на рынак Бразіліі, які ў той час дынамічна развіваўся. Чылі, Калумбія, Балівія, Эквадор, Перу, Гаяна і Сурынам цяпер маюць статус асацыяваных членаў. Мексіка і Новая Зеландыя кваліфікуюцца як афіцыйныя назіральнікі. Таксама праводзяцца кансультацыі аб пашырэнні супрацоўніцтва з Кубай.
Перамовы паміж ЕС і Меркасур, у які тады ўваходзіла яшчэ і Венесуэла, пачаліся ў 1999 годзе і ішлі, мякка кажучы, не надта паспяхова. Гісторыя ўзаемадзеяння двух блокаў была напоўнена драматычнымі момантамі, калі бакі літаральна выпрабоўвалі адзін аднаго на трываласць. Двойчы (у 2004-м і 2012-м) дыялог перарываўся праз няўступлівасць еўрапейцаў у пытанні павышэння квоты на паўднёваамерыканскую сельгаспрадукцыю, асабліва на цукар і ялавічыну. Не так ужо лёгка было дамовіцца і самім членам Меркасура ўнутры арганізацыі — з прычыны рознага ўзроўню развіцця прамысловасці і аграрнага сектара і часта рознанакіраваных інтарэсаў. Справа дайшла да таго, што некаторыя палітолагі і эканамісты наогул казалі пра магчымы распад інтэграцыйнага аб'яднання, настолькі сур'ёзныя рознагалоссі выклікала пагадненне з ЕС. Гістарычны дагавор саспеў не толькі па прычыне доўгіх перамоў. Еўрасаюз, па звестках Reuters, з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам Меркасур. Летась сукупны экспарт прадпрыемстваў з ЕС склаў 45 мільярдаў еўра, адначаcова з краін паўднёваамерыканскага блока ў Еўропу было пастаўлена тавараў на суму €42,6 млрд.
Другая цягам года гандлёвая мегаздзелка ЕС (калі лічыць таксама грандыёзную дамову з Японіяй) складзеная на фоне росту пратэкцыянізму ў свеце і гандлёвых войнаў паміж дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі планеты — ЗША і Кітаем. Яна стала не толькі адлюстраваннем адрозненняў у поглядах на сусветны гандаль паміж адыходзячай Еўракамісіяй і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, але і доказам таго, што на заключэнне гандлёвых пагадненняў сыходзяць гады і нават дзесяцігоддзі.
«Гэта — гістарычны момант, і, паверце, я старанна выбіраю словы, — сказаў прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер (дарэчы, яго паўнамоцтвы як кіраўніка ЕК завяршаюцца ў канцы кастрычніка. — «Зв.»). — Пагадненне сэканоміць абодвум бакам чатыры мільярды еўра пошлін у год, што робіць яго найбуйнейшым у гісторыі ЕС. Сярод нарастання напружанасці ў міжнародным гандлі мы пасылаем нашым амерыканскім партнёрам выразны сігнал пра тое, што выступаем за гульню па правілах».
Перамогі на гэтым фронце прыносяць Еўропе ачкі як у спаборніцтве за лідарства ў свеце, так і ў барацьбе за адзінства уласных шэрагаў у кантэксце рашэння Вялікабрытаніі пакінуць ЕС. Прыхільнікі брэксіту сцвярджаюць, што ў адзіночку Лондан хутка дамовіцца з усімі краінамі аб выгадным гандлі. Праціўнікі кажуць, што ад імя найбуйнейшага ў свеце адзінага рынку ЕС дамаўляцца прасцей, ды і ўмовы лепшыя. Іх аргумент — за апошнія пяць гадоў ЕС заключыў паўтара дзясятка гандлёвых пагадненняў, у тым ліку эпахальныя здзелкі з Канадай і Японіяй.
Аднак урачыстае падпісанне, абмен ручкамі і папкамі з дагаворам яшчэ не азначаюць, што бяспошлінныя нямецкія BMW даедуць да Патагоніі, а бразільская ялавічына заваліць нямецкія супермаркеты. Ратыфікаваць здзелку будуць ужо іншы Еўрапарламент і іншая Еўракамісія. Да восені ўлада ў ЕС абновіцца, і ёй давядзецца зноўку дамаўляцца з незадаволенымі, перш за ўсё з фермерамі Францыі, Германіі і асабліва Ірландыі. На процілеглым беразе акіяна здзелцы пагражае ўздым левага папулізму ва ўнутранай палітыцы. Перш за ўсё ў Аргенціне, дзе на кастрычніцкіх прэзідэнцкіх выбарах прыхільнік адкрытай эканомікі Маўрысіа Макра рызыкуе саступіць уладу праціўнікам гандлёвага пагаднення з ЕС.
Бразілія і Аргенціна наогул неахвотна дапускаюць чужынцаў на свой рынак, і пагадненне з ЕС заклікана дапамагчы ім выйсці з гавані пратэкцыянізму ў адкрытыя воды свабоднага гандлю. Да гэтага часу самай істотнай спробай было стварэнне Меркасур. Аднак за амаль 30 гадоў членам гэтай арганізацыі так і не ўдалося дамовіцца паміж сабой. Яны не змаглі стварыць ні паўнавартаснага мытнага саюза, ні адзінага рынку. Буйная здзелка з ЕС можа надаць паскарэнне кантынентальнаму гандлёваму праекту. За гэта выступае новы прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару — «трапічны Трамп» з вельмі ліберальнай эканамічнай праграмай. «Гістарычны момант! Адно з найважнейшых гандлёвых пагадненняў усіх часоў прынясе велізарную карысць нашай эканоміцы. Вялікі дзень!» — напісаў ён у «Твітэры». Яго надзеі звязаныя перш за ўсё з гатоўнасцю Еўропы прыадкрыць самы абаронены таварны рынак — сельскагаспадарчы. ЕС паабяцаў выдзеліць квоты на ялавічыну, мяса птушкі і цукар.
У адказ краіны Меркасур адменяць імпартныя тарыфы на еўрапейскую прадукцыю, якія цяпер складаюць ад 14 да 20 працэнтаў на хімікаты, прамысловае абсталяванне і лекі і 35 працэнтаў — на аўтамабілі, вопратку і абутак. І ў дадатак дазволяць бязмытны ўвоз віна, кандытарскай прадукцыі, моцнага алкаголю і сыроў, якія цяпер абкладаюцца па стаўках ад 20 да 35 працэнтаў. Адначасова паўднёваамерыканцы падпісаліся пад абаронай геаграфічных указанняў еўрапейскіх далікатэсаў: яны забароняць мясцовым вытворцам называць свой сыр, напрыклад, пармезанам, а вяндліну — пармскай.
Яшчэ мінулай восенню прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адмаўляўся падпісваць гэтае пагадненне, таму што Балсанару пагражаў услед за ЗША выйсці з Парыжскага кліматычнага пагаднення. Цяпер у тэкст унеслі абавязацельства Бразіліі, якую эколагі абвінавачваюць у бяздумнай высечцы трапічных лясоў, змагацца са зменай клімату. Макрон асцярожна пагадзіўся, папярэдзіўшы, што будзе вельмі ўважліва сачыць за развіццём гэтага гандлёвага пагаднення — з прыцэлам на абарону не толькі планеты ў цэлым, але і французскіх фермераў у прыватнасці. А яны вельмі незадаволеныя. «Пагадненне з Меркасур непрымальнае, яно абернецца нядобрасумленнай канкурэнцыяй супраць нашых фермераў і татальным падманам спажыўца. Не вязіце сюды нікому не патрэбную сельгаспрадукцыю і ежу!» — заклікаў Крысціян Ламбер, кіраўнік найбуйнейшага французскага прафсаюза работнікаў сельскагаспадарчай галіны.
У Еўропе шмат сямейных фермаў, жорсткія правілы абароны жывёл, абмежаванні на прымяненне лекаў і пестыцыдаў. Гэта дорага, і фермеры баяцца наплыву таннай заакіянскай прадукцыі аграхолдынгаў, не абцяжараных еўрапейскімі абмежаваннямі, адзначае «Бі-бі-сі». «Здзелкай з Меркасур цяперашняя Еўракамісія адкрывае «скрыню Пандоры» падвойных стандартаў у сельскай гаспадарцы», — выступіў ад імя еўрапейскага аб'яднання фермерскіх саюзаў Copa-Cogeca яго генеральны сакратар Пека Песанен і заклікаў ЕС перагледзець дамову пасля абнаўлення Еўракамісіі гэтай восенню.
А ў цяперашнім выглядзе пагадненне не падтрымае парламент Ірландыі, упэўненая фермерская асацыяцыя краіны. Кароўнікі прыносяць Ірландыі тры мільярды еўра штогод, і яна залежыць ад вытворчасці ялавічыны як ніхто іншы ў ЕС. «Гэты дагавор — вынік закулісных дамоўленасцяў і пакланення перад буйнымі кампаніямі накшталт Mercedes і BMW. Іх хвалююць толькі продажы машын у Паўднёвую Амерыку. Гэта ганебная здача значнай часткі нашага самага каштоўнага рынку ялавічыны лацінаамерыканскім каўбоям і аграхолдынгам», — незадаволены прэзідэнт Асацыяцыі фермераў Ірландыі Джо Хілі.
Еўракамісія прызнала, што пагадненне «абяцае некаторыя складанасці еўрапейскім фермерам», і паабяцала выдаткаваць да 1 мільярда еўра на субсідыі.
«Каб дагавор стаў узаемавыгадным, мы будзем старанна вызначаць квоты на сельскагаспадарчую прадукцыю з краін Меркасур з мэтай выключыць рызыку яе наплыву на еўрапейскі рынак і пагрозу дабрабыту фермераў у ЕС», — паабяцаў еўракамісар Філ Хоган. Так што перспектыва разгортвання найбуйнейшага сусветнага рынку пакуль пад пытаннем. Мост праз Атлантыку даволі хісткі.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/europa
[6] https://zviazda.by/be/tags/paudnyovaya-ameryka
[7] https://zviazda.by/be/tags/gandlyovae-pagadnenne