Сёлета для абітурыентаў дзейнічае новая сістэма падліку балаў на ЦТ. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК лічыць, што такая методыка дазваляе лепш ацаніць рэальныя веды хлопцаў і дзяўчат, чым папярэдняя.
Ён адзначае, што сёлета працэнт абітурыентаў, якія набралі 70—75 балаў, такі ж, як і летась, таму і канкурэнцыя паміж імі будзе трымацца на аднолькавым узроўні. Мінімальныя прахадныя балы не вельмі адрозніваюцца ад паказчыкаў папярэдняга года, аднак у далейшым чакаецца іх павышэнне.
— Ёсць меркаванне, што новая методыка недаацэньвае добра падрыхтаваных абітурыентаў. Лічу, што такое меркаванне некарэктнае. Методыка не адбірае балы, яна іх налічвае. Той, хто атрымлівае больш першасных балаў, мае і больш тэставых. Трэба адзначыць, што шкала падліку балаў не з'яўляецца лінейнай. Можна трактаваць гэта з пункту гледжання спорту: апошнія метры перад фінішам самыя каштоўныя. Сёлета мы не ацэньваем кожнае заданне паасобку, бо гэта суб'ектыўна: хтосьці лічыць пэўнае заданне лёгкім, а некаму яно здаецца цяжкім. Таму новая методыка падліку балаў — гэта інструмент адлюстравання паўнаты ведаў, а не пэўных выкананых задач. І сумнення ў яе эфектыўнасці, аб'ектыўнасці не павінна быць ні ў абітурыентаў, ні ў іх бацькоў, настаўнікаў або рэпетытараў.
Юрый Міксюк не адмаўляе, што магчымасць «угадаць» правільныя адказы існуе, аднак яна зводзіцца да мінімуму. Таксама абітурыенты павінны ведаць, што часткова правільны адказ — гэта не палова рашэння. Ён дапускае толькі адну памылку.
— Напрыклад, у пэўным заданні часткі «А» павінна быць тры правільныя варыянты адказу. Калі хлопец або дзяўчына адзначае да гэтых трох чацвёрты або дае два правільныя пункты з трох — адказ часткова правільны. Калі ж вызначаецца лішні варыянт, а другі не дапісваецца, заданне не залічваецца.
Юрый Міксюк дадае, што сёлета па матэматыцы толькі 50 працэнтаў абітурыентаў змаглі рашыць больш за дзесяць заданняў.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/centralizavanae-tesciravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/rikv
[6] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty