Райцэнтр рыхтуецца да правядзення абласных Дажынак-2019. І цалкам рэканструяваная аўтастанцыя — першы падарунак гораду ў глыбінцы Палесся.
Рэканструкцыю за ўласныя грошы выканаў яе ўласнік — адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельаблаўтатранс». Агульная сума ўкладзеных прадпрыемствам сродкаў складае 390 тысяч рублёў. Справіліся за чатыры месяцы.
Першая ў гісторыі Петрыкава аўтастанцыя знаходзілася ў цэнтры горада. За 45 гадоў значна павялічылася колькасць пасажыраў. Узраслі і іх патрабаванні да камфорту. Пасля рэканструкцыі будынак набыў новае аблічча. Цяпер тут абсталявана сучасная зала чакання з мультымедыйным экранам і Wі-Fі, сістэмай гучнай сувязі, магчымасцю зарадкі мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў, сістэмай відэаназірання і ахоўна-пажарнай сігналізацыяй. Падсілкавацца перад дальняй дарогай пасажыры могуць у кавярні, аформленай з беларускім каларытам.
Цалкам абноўлены перон і тэрыторыя навокал. Будынак упрыгожаны керамагранітам, устаноўлены дэкаратыўная агароджа і новы навес на пероне. Як паведаміў намеснік дырэктара ААТ «Гомельаблаўтатранс» Алег Цылько, падчас рэканструкцыі стварылі безбар'ернае асяроддзе для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі.
Аўтастанцыя ў Петрыкаве сёння прапануе ўвесь спектр запатрабаваных паслуг: ад продажу квіткоў анлайн да афармлення праезду па маршрутах фармату «цягнік+аўтобус». Цяпер аўтастанцыя абслугоўвае 24 прыгарадныя і чатыры міжгародныя маршруты, а штодзённы пасажыраабарот складае 250 чалавек.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/petrykau-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/sistemy-videanazirannya
[5] https://zviazda.by/be/tags/wi-fi
[6] https://zviazda.by/be/tags/autastancyya