За перыяд са жніўня 1941 да жніўня 1944 года выйшла 16 Указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні ордэнамі і медалямі ўдзельнікаў партызанскага руху ў Беларусі. За гэты час узнагароджана 7827 партызан. Безумоўна, на амаль чатырохсоттысячную армію партызан гэта лічба вельмі малая. У чым жа справа?
З першых дзён вайны беларускія партызаны праяўлялі мужнасць і гераізм, здзяйснялі подзвігі, ішлі на смерць у імя перамогі. Можа, у Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) не прыходзілі прадстаўленні на ўзнагароджанне партызан? Наадварот, камандзіры партызанскіх фарміраванняў не скупіліся на заахвочванні і засыпалі БШПР прадстаўленнямі на ўзнагароджанне — ад партызанскага медаля да звання Героя Савецкага Саюза. Так, напрыклад, камандзір партызанскага злучэння былой Баранавіцкай вобласці В. Е. Чарнышоў толькі ў снежні 1943 года накіраваў у БШПР 13 прадстаўленняў да прысваення званняў Героя Савецкага Саюза і 8 прадстаўленняў да ўзнагароджання ордэнам Леніна партызан, якія вызначыліся. Нагадаем чытачам, што ў 1944 годзе выйшла толькі два Указы аб узнагароджанні беларускіх партызан. Наступны быў толькі праз чатыры з паловай гады — 30 снежня 1948 года.
А цяпер паспрабуем высветліць прычыны невялікай колькасці менавіта ўзнагароджаных і працяглага часу праходжання ўзнагародных дакументаў.
Вось як тлумачыў сітуацыю з узнагародамі беларускіх партызан сакратар ЦК КП(б) Беларусі П. К. Панамарэнка ў лісце на імя І. В. Сталіна ад 17 снежня 1946 года. Прычынай затрымкі праходжання ўзнагародных лістоў і прадстаўлення іх у Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР ён называў «адсутнасць пасадачных пляцовак у значнай частцы брыгад, частковую гібель самалётаў і сувязных, якія дастаўлялі дакументы з тылу праціўніка. Магчымасць аформіць узнагародны матэрыял на партызан, якія вызначыліся, з'явілася толькі пасля злучэння брыгад і атрадаў з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі...»
Далей Панамарэнка паведамляе Сталіну: «Для найбольш правільнага вырашэння пытання ўзнагароджання партызан бюро ЦК КП(б) Беларусі абавязала абласныя камітэты партыі разгледзець усе ўзнагародныя матэрыялы, якія паступілі. У сувязі з гэтым прадстаўленне ўзнагародных дакументаў крыху затрымалася».
Але сакратар ЦК КП(б)Б не ўдакладніў у гэтым пісьме, што рашэнне бюро Кампартыі Беларусі аб перадачы ўзнагародных лістоў было прынята абкамам партыі яшчэ 2 кастрычніка 1944 года, і па ім з БШПР было перададзена 42 020 узнагародных лістоў. Так што гэтае «крыху» зацягнулася роўна на два гады.
Не зусім аб'ектыўнай уяўляецца версія Панцеляймона Кандратавіча і ў дачыненні да недахопу пасадачных пляцовак, крушэння самалётаў і гібелі сувязных, якія дастаўлялі ўзнагародны матэрыял у Маскву. Згодна са звесткамі энцыклапедычнага выдання «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне» (Мінск, 1990), на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў 41 партызанскі аэрадром. Першыя палёты савецкіх самалётаў у тыл ворага пачаліся ўжо летам 1942 года. На партызанскія аэрадромы дастаўлялася ўзбраенне, боепрыпасы, медыкаменты, літаратура. У савецкі тыл адпраўляліся параненыя партызаны, дакументы са справаздачамі аб баявой дзейнасці брыгад і атрадаў, разведданыя, атэстацыйны і ўзнагародны матэрыялы, грошы і каштоўнасці, сабраныя партызанамі ў мясцовых жыхароў у фонд абароны краіны.
На шчасце, паветраныя катастрофы здараліся рэдка, ды і не ў кожным самалёце адпраўляліся ў Маскву ўзнагародныя дакументы. Не ўлічыў у сваім тлумачэнні Панамарэнка і той факт, што многія адказныя работнікі ЦК КП(б)Б, ЛКСМБ, іншых ведамстваў часта знаходзіліся ў тыле ворага і таксама дастаўлялі ў БШПР прадстаўленні да ўзнагароджання партызан.
Адной з прычын нясвоечасовай падрыхтоўкі ўзнагародных дакументаў для прадстаўлення іх у Вярхоўны Савет СССР можна лічыць адсутнасць у штатнай структуры БШПР узнагароднага аддзела. Таму ўся работа па падрыхтоўцы ўзнагародных дакументаў была ўскладзена на аддзел кадраў. (Відаць, першапачаткова ніхто не меркаваў, што з цягам часу гэтая работа ператворыцца ў праблему ў пытаннях узнагароджання партызан.)
Ваеннаслужачыя (усе работнікі БШПР мелі воінскія званні. — Аўт.) аддзела кадраў рыхтавалі загады па прызначэнні і перамяшчэнні каманднага складу партызанскіх брыгад і атрадаў. Пастаянна абнаўлялі спісачны склад фарміраванняў, вялі ўлік загінулых і параненых партызан. У іх абавязкі ўваходзіла камплектаванне слухачоў у спецшколы па падрыхтоўцы партызанскіх спецыялістаў. Работа аддзела кадраў пастаянна павялічвалася з утварэннем новых атрадаў і брыгад.
Безумоўна, усе прадстаўленні і ўзнагародныя лісты, якія паступалі ад партызанскіх брыгад, неабходна было падвергнуць «чыстцы»: адсеяць неаб'ектыўныя, надуманыя, якія проста не заслугоўвалі прадстаўлення. На гэта патрэбен быў час, якога ў работнікаў аддзела кадраў БШПР было недастаткова.
Былыя партызаны Беларусі, якія так і не атрымалі заслужаныя ўзнагароды, сталі звяртацца з лістамі ва ўсе вышэйшыя інстанцыі, пачынаючы ад камандавання брыгад і да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна. Канешне ж, усе гэтыя пісьмы перапраўляліся ў БШПР, адкуль прыходзіў стандартны адказ: «Пытанне аб вашым узнагароджанні знаходзіцца на рашэнні ўрада», або часцей за ўсё: «У ліку ўзнагароджаных і прадстаўленых да ўзнагароды Вы не значыцеся».
Інвалід Айчыннай вайны першай групы, былы партызан брыгады «Жалязняк» Гомельскай вобласці Я. І. Берднікаў у лісце ад 16 ліпеня 1945 года на імя начальніка БШПР з болем і крыўдай выказваў сутнасць пытання аб сваім узнагароджанні: «Чамусьці цяпер вы дрэнна клапоціцеся аб былых партызанах. Мінула два гады. Мне давялося застацца без левай нагі і рук, а жыць трэба, і жыць хочацца».
Шукаў сваю ўзнагароду — медаль «Партызану Айчыннай вайны» — і былы партызан брыгады імя Я. М. Свярдлова Брэсцкай вобласці Васіль Бушкевіч, які ў ліпені 1946 года напісаў ліст у ЦК КП(б)Б: «Прашу Вас, каб высветлілі, чаму я не атрымаў медаля, прычым быў прадстаўлены на атрыманне, бо добра біўся з фашыстамі».
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца аб'ёмныя справы з тысячамі падобных лістоў, у якіх выказаны боль, крыўда і спадзяванне на атрыманне сваіх узнагарод.
Тым часам ужо не Беларускі штаб партызанскага руху, а абласныя камітэты КП(б)Б з кастрычніка 1944-га да снежня 1946-га займаліся пытаннямі ўзнагароджання. Узнагародныя лісты, якія паступілі ад БШПР, па сканчэнні працяглага часу, безумоўна, падлягалі аналізу і перагляду. Была складзена спецыяльная форма спісаў партызан, якія прадстаўляліся да ўзнагароджання. Так, у графе «Кампраметуючыя звесткі» прыводзілася прычына выключэння са спісаў тых, хто прадстаўлены да ўзнагароджання. Напрыклад: «асуджаны за хуліганства», «марадзёрства», «дэзерцір Савецкай Арміі», «у вышуку» і г. д. Але былі і суб'ектыўныя прычыны. У спісе партызан Брэсцкай вобласці, адхіленых ад узнагароджання абкамам КП(б)Б, супраць прозвішча вядомага гераічнага камандзіра партызанскай брыгады І. В. Жохава, прадстаўленага да звання Героя Савецкага Саюза, рукой нейкага чыноўніка зроблена паметка: «Хопіць, што ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Арміі і партызанскім медалём». А па кандыдатуры партызана брыгады імя П. К. Панамарэнкі І. А. Ягорава, які прадстаўляўся да ордэна Чырвонага Сцяга, быў вынесены вердыкт: «Няма за што ўзнагароджваць».
Такім чынам, пасля праведзенай «чысткі» больш чым сарака тысяч узнагародных лістоў, атрыманых ад БШПР, рэальна прадстаўленых да ўзнагароджання засталася роўна палова.
Нельга сказаць, што з боку кіраўніцтва рэспублікі не прымаліся меры па ўзнагароджанні партызан. Так, 25 ліпеня 1945 года на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б разглядалася пісьмо былога камандзіра Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы І. З. Ізоха, у якім ён скардзіўся на затрымку ўзнагароджання партызан. Пастановай бюро Бабруйскаму абкаму КП(б)Б было даручана ў двухтыднёвы тэрмін разгледзець усе прадстаўленні да ўрадавых узнагарод партызан. Пры гэтым у пастанове адзначалася, што не кожны ўзнагародны ліст прадугледжвае абавязковасць узнагароджання або поўнага захавання ступені прадстаўлення.
Пра неабходнасць паскорыць падрыхтоўку ўзнагародных дакументаў для прадстаўлення іх у ЦК ВКП(б) пісаў у запісцы на імя П. К. Панамарэнкі і загадчык групы па вядзенні спраў БШПР пры ЦК КП(б)Б Шамецька: «У цяперашні час, у сувязі з апублікаваннем указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні партызан Украінскай ССР, Курскай і Арлоўскай абласцей, скаргі ад беларускіх партызан, якія прадстаўлены да ўзнагарод, значна выраслі. Таварышы пішуць нам, а тыя, хто прыехаў, патрабуюць тлумачэння, калі ж яны будуць узнагароджаны?»
Як гаварылася вышэй, у снежні 1946 года спіс і ўзнагародныя лісты на 22 тысячы былых партызан разам з тлумачальнай запіскай на імя Сталіна былі накіраваны ў Маскву.
Мінула яшчэ два гады, і нарэшце 30 снежня 1948 года выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні партызан Беларусі. Усяго рознымі ўзнагародамі было адзначана 21 170 чалавек. З іх 132 — ордэнам Леніна, 2235 — ордэнам Чырвонага Сцяга, 6780 — ордэнам Чырвонай зоркі, 3021 — медалём «За адвагу» і г. д.
З прадстаўленага спісу на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза ў колькасці 33 чалавек, на жаль, ніводны беларускі партызан гэтага высокага звання ўдастоены не быў.
Праз дваццаць гадоў пасля Перамогі, у 1965 годзе, па ініцыятыве першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава двума ўказамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі больш за 24 тысячы былых беларускіх партызан і падпольшчыкаў. Але гэта былі ўжо ўзнагароды «за ўдзел», якія не мелі той значнасці, і не неслі таго пад'ёму, як гэта было б у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Як той казаў, усё добра ў пару.
Генадзь БАРКУН, гісторык
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi
[3] https://zviazda.by/be/tags/partyzany
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-nezalezhnasci