Сёння ў Палацы незалежнасці Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам па пытаннях аднаўлення Японіі, міністрам па каардынацыі комплекснай палітыкі па пераадоленні наступстваў аварыі на АЭС у Фукусіме Хіраміці Ватанабэ.
«Мы рады прысутнасці ў Мінску высакапастаўленага члена ўрада Японіі. Ужо нам час наладжваць добрыя, цёплыя, сяброўскія адносіны паміж Беларуссю і Японіяй», — вітаў госця кіраўнік Беларусі.
У тым, што Японія — вельмі развітая, высокатэхналагічная краіна, Аляксандр Лукашэнка ўпэўніўся асабіста падчас візіту ў 1998 годзе.
«Ды не толькі гэта наведванне. Я сур’ёзна цікаўлюся развіццём Японіі і японскага грамадства. Радуемся за вашы поспехі і перажываем, калі ў вас ёсць нейкія праблемы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён упэўнены, што, негледзячы на геаграфчную адлегласць, у Беларусі з Японіяй павінны быць наладжаны вельмі цесныя зносіны, асабліва ў галіне інвестыцыйнай супрацоўніцтва.
«Калі ўрад Японіі гатовы на гэта, то мы зробім гэта вельмі хутка», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка і запрасіў карыстацца патэнцыялам Беларусі для рэалізацыі зацікаўленасці ў еўрапейскай частцы планеты.
Прэзідэнт лічыць, што карысна было б пачаць з некалькіх сумесных інвестыцыйных праектаў у Беларусі, каб бліжэй пазнаёміцца, стварыць фундамент адносінаў. Кіраўнік Беларусі адзначыў і сур’ёзны досвед супрацоўніцтва ў пераадоленні наступстваў катастроф і трагедый: па яго словах, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Японія першай працягнула руку дапамогі. Акрамя таго, праводзіліся сумесныя навуковыя распрацоўкі, і атрымалася так, што яны спатрэбіліся Японіі пасля Фукусімы.
Узаемадзеянне з краінай узыходзячага сонца па праблематыцы мінімізацыі наступстваў тэхнагенных і прыродных катастроф пачалося ў пачатку 1990-х гадоў і асабліва пасля аварыі на «Фукусіме-1». У рамках японскай урадавай праграмы «Карані травы» беларускія медыцынскія ўстановы ў раёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, атрымліваюць неабходнае абсталяванне. З 2012 года рэалізуецца праграма аздараўлення ў нашай краіне дзяцей з прэфектур, пацярпелых у выніку аварыі на «Фукусіме-1». Створаны Сумесны камітэт па рэалізацыі Пагаднення памім Урадамі Беларусі і Японіі аб супрацоўніцтве ў галіне пераадолення наступстваў аварыі на атамных электрастанцыях.
«Мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Калі добрая воля урада Японіі на гэта будзе, — давайце пачынаць», — падвёў вынік Прэзідэнт.
Хіраміці Ватанабэ выказаў Аляксандру Лукашэнку ўдзячнасць за каштоўную дапамагу пасля разбуральнага землятруса на паўночным усходзе Японіі ў 2011 годзе і падзякаваў за запрашэнне на цырымонію закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў.
«Гэта спрыяльная падзея, падчас якой шмат краін і народаў цесна пасябравалі праз спорт», — адзначыў міністр. Ён паведаміў, што бачыць перспектывы беларуска-японскага супрацоўніцтва таксама ў паглыбленні адносін у культуры, спорце.
«Для ўмацавання сувязяў паміж нашымі краінамі неабходна стварыць спрыяльны інвестыцыйны клімат. Трэба старацца сумесна», — падчас размовы з журналістамі выказаў упэненасць Хіраміці Ватанабэ.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministr-pa-pytannyah-adnaulennya-yaponii
[6] https://zviazda.by/be/tags/hiramici-vatanabe