На Алімпіядзе ў Пекіне ў жніўні 2008 года Мурад Гайдараў стаў бронзавым прызёрам у барацьбе ў катэгорыі да 74 кілаграмаў. Аднак у 2016 годзе пасля пераправеркі допінг-проб вынік сярэбранага прызёра з Узбекістана Саслана Цігіева быў ануляваны, і «серабро» перайшло прадстаўніку Беларусі. Уручыў узнагароду кіраўнік Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч.
«Сёння мы сутыкнуліся з неардынарнай сітуацыяй. На нарадзе ў Лазане Томас Бах папрасіў мяне ўручыць медаль. МАК прытрымліваецца чыстага спорту. Калі мы сутыкаемся са станоўчымі допінг-пробамі, мы пераглядаем вынікі. Лічу, вы вартыя сярэбранага медаля Пекіна-2008, і асабліва прыемна ўручаць яго тут, у Беларусі», — адзначыў Янез Качыянчыч.
«Так вырашыў Міжнародны алімпійскі камітэт, з чым было немагчыма не пагадзіцца. Прыемна, што ўручэнне прайшло дома, на радзіме. Яшчэ нядаўна я перамог на чэмпіянаце Беларусі і рыхтаваўся да чэмпіянату Еўропы, але траўмаваў калена. Пасля гэтага давялося ўзяць паўзу. Але я ўжо вярнуўся да трэніровак і выступленняў. Хачу выступіць на хуткім чэмпіянаце ў Казахстане», — адзначыў Мурад Гайдараў.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019