Бадай кожны населены пункт у Веткаўскім раёне дае падставу для вывучэння культурнай спадчыны. Больш за 30 гадоў акумулюе народную спадчыну Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Штогод з яго ўнікальнымі калекцыямі знаёмяцца да васьмі тысяч чалавек, якія прыязжаюць не толькі з Беларусі — з усяго свету.
Нездарма сюды завіталі і ўдзельнікі Гомельскага абласнога семінара-нарады, прысвечанага ўзаемадзеянню мясцовых органаў улады ў пытаннях захавання культурнай спадчыны і народных традыцый, добраўпарадкавання тэрыторый і навядзення парадку на зямлі.
Пасля чарнобыльскай катастрофы Веткаўскі раён страціў амаль 60 вёсак і разам з імі пэўную частку гістарычнай спадчыны. Але тут захавалі традыцыі, якія на працягу стагоддзяў уласцівыя менавіта згаданаму рэгіёну. Дарэчы, гэта яшчэ адна падстава для развіцця турызму.
Прыцягвае паломнікаў на Веткаўшчыну і ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Жалезнікі. Ён быў пабудаваны 155 гадоў таму. У 1930-м царкву закрылі — працяглы час тут знаходзіліся сельскагаспадарчыя склады. У 2006-м, пасля завяршэння капітальнага рамонту, храм зноў адчыніў дзверы.
Бытавыя танцы, народныя абрады, старажытныя іконы і ручнікі... У Ветцы, Свяцілавічах, Стаўбуне і Неглюбцы дэпутаты Гомельскага абласнога, раённых, сельскіх Саветаў пазнаёміліся з цэлым пластом самабытнай культуры і вырашылі, што вопыт па захаванні народных традыцый варты для распаўсюджвання.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/vetkauski-rayon-1