Мусіць, яшчэ раз: год дзеліцца на дзве паловы — падчас першай мы чакаем Каляд, падчас другой — лета. У сярэдзіне красавіка, калі выйшаў чарговы конкурсны здымак (гл. нумар «Звязды» за 17.04.) [5] да яго, здавалася, яшчэ далёка было, але ж... Калі
Уладальнікі машын
«Носяцца» з заменай шын,
Ці з гумовікаў на кеды
Пераходзяць непаседы,
Гэта — добрыя прыкметы:
Аджываем! Заўтра лета!
«Абяцаў» яго спадар Валерый Гаўрыш з Чавус і, вядома ж, не без падстаў — меў рацыю. Як, дарэчы, і многія нашы чытачы: і ў кадры, і па-за кадрам чаго яны толькі не ўбачылі! Апроч (можна яшчэ раз глянуць на здымак)... чалавека. Яго і сапраўды там няма.
Куды падзеўся, здагадак шмат. Паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч:
Каля лесу, каля саду
Ясь сустрэў такую бабу,
Што... «забіў» на канюшыну —
Кінуў боты і машыну...
Дзе Яніна?
Ясь той дзе?
Прачытаеце ў «Звяздзе».
З «падачы» спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:
У працоўны час Мікіта
На прыроду вывез «світу»:
Нехта смажыць шашлычкі,
Нехта з вудай ля ракі,
Хтось падаўся у грыбы,
Хто — удваіх — яшчэ куды...
А ў Мікіты — нуль турботаў:
Спіць хлапец
і сушыць боты.
Навідавоку яны, а вось сам «сушыльшчык»? Можа, у кусты дзе залёг? Ці за аўтобус?
А можа, і зусім не лёг — не спіць? Можа, пайшоў прыгоды шукаць — на сваю галаву (сёння, на жаль, гэта як бы «ў модзе»):
Месцы ёсць —
з дурною славай,
Ды «разумным» —
абы сплаваць...
Ну, а вы — шукайце потым
Па машыне ці па ботах.
Піша так спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска. Ад яе ж — праўдзівая гісторыя. Гадоў з 25 таму адзін з яе знаёмых уладкаваўся працаваць на прыватніка — прадукты па вёсках развозіць: нешта трохі таннейшае, свяжэйшае, смачнейшае... А таму ўсім добра было: і вяскоўцам, і прыватніку, і шафёру-прадаўцу... Аж пакуль не разнеслася чутка, што прапаў ён — разам з машынай, з таварам.
Часы тады ліхія былі, неспакойныя. Людзі думалі, што аграбілі чалавека і самога альбо забілі, альбо ўтапілі... Можна ўявіць, што сям'я перажыла... Але ж недзе праз тыдзень новыя чуткі з'явіліся — ужо вясёлыя: жывы-здаровенькі той чалавеча! Проста заехаў з таварам да адной хутаранкі і галаву там згубіў...
Што, вядома ж, здараецца (калі на шчасце, калі на бяду), а таму не дзіва, што знаходзіць адлюстраванне — у прозе, у вершах... Паводле спадарыні Чыгрынавай,
Каб хоць ночку
Прабавіць з табой,
Хлопец гатовы —
У вір галавой...
Трапяць у сэрца
Стрэлы Амура —
У пекла, здаецца,
Скочыў бы здуру.
Што праўда, тое праўда, бо з пекла не вяртаюцца, а вось з віру — кіроўца вынырнуў. Маці, жонцы і сыну такая радасць была... Хоць і з лыжкай дзёгцю, бо работадаўца не дараваў: папрасіў кампенсацыі за сапсаваныя прадукты, прастой машыны, страчаны прыбытак...
Во які доўгі расказ! Ёсць у спадарыні Чыгрынавай і кароткая версія:
На сем ночак Янка
Збочыў да каханкі.
(А сям'я ж — адразу —
Выклік вадалазам...)
Ля ракі-палонкі
Галасіла жонка...
Ды й затым нудзіцца —
Штраф — не разлічыцца!
То-бок праўду кажуць, што калі б у чалавека была мажлівасць надаваць па вядомым месцы таму, хто вінаваты ў большасці яго памылак, то сядзець — дакладна — з тыдзень не змог бы...
«І няхай!» — упэўнена спадарыня Наталля Шкут з вёскі Прудок Светлагорскага раёна, бо заслужыў:
«Бус» нічыйны,
цёмны лес...
І такія ж боты...
Валанцёрам, МНС
Шмат было работы.
Але ж, згадзіцеся, добра ўсё, што добра канчаецца, бо (як лічыць сямікласніца СШ № 3
г. Вілейкі Карына Цануніна) магло б і значна горш:
Кіроўца, едучы з работы,
Пад прыдарожныя кусты
Адкінуў гумавыя боты,
А мог — крый Божа — капыты.
Ад чаго? Рытарычнае пытанне, але ж... Ад цяжкай працы, ад дрэннага надвор'я (не трэба наракаць на сіноптыкаў: яны не памыляюцца... Проста блытаюць даты і месцы), ад хвароб, ад...
«Многае ў нашым жыцці можна растлумачыць з дапамогай хімічных формул, — нагадвае спадар Мікалай Старых з Гомеля, — з іх жа дапамогай напісаць... якую-небудзь гісторыю і нават зрыфмаваць:
Боты, што купіў Пятро,
Прапускаюць «аш два о».
А калі прамочыш ногі,
Няма лепшай дапамогі,
Чым «цэ два аш пяць о аш».
Ды кіроўца — не алкаш.
І ДАІ «пасе» дарогі...
Значыць, трэба церці ногі.
Усе чытачы і яшчэ са школы, — на ўсякі выпадак нагадвае шаноўны Мікалай Валянцінавіч, — пэўна ж, помняць: «аш два о» — вада, а «цэ два аш пяць о аш» — этанол, асноўны кампанент алкагольных напояў».
На здымку іх, праўда, няма — нават паху...
Абвостранае чуццё ў спадарыні Чыгрынавай:
— Ты, вятрыска, раскажы,
Дзе і з кім нашы мужы?
— Ды пілі гарэлку, піва...
Як заўсёды не хапіла...
Па дабаўку
па Віллі ́
Дружна ў краму паплылі,
І занесла малайцоў
Проста ў лапы пагранцоў.
А магло, згадзіцеся, і да эколагаў, бо
Дужа гожы бераг Сожа!
Вочы радаваў лужок...
І навошта ж ты, нябожа,
«Бус» да рэчкі «прывалок»?
Лепш да мыйні б падагнаў —
Бяды-горачка не знаў:
За рублі аўто памыў —
Штраф нікому б не плаціў.
Пра яго ж анекдот: да дзяжурнага даішніка дзеці падбеглі — пацягнулі на суседнюю вуліцу, бо там, маўляў, такое... «Аварыя? Наезд? «Хуткую» выклікаць? — на хаду пытаецца даішнік. — «Не, — адказваюць малыя. — Там наш фізік машыну няправільна прыпаркаваў!»
Тутэйшыя дзеткі...
Пра іх жа спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:
Са сталіцы
ўнукі ў госці
Завіталі да бабулі.
Захацелася чагосьці,
Хоць... мядзведжае цыбулі.
Доўга ў лесе пры балоце
Чарамшы шукалі:
Не было смакоцця ў роце
Й боты пагублялі.
Добра, што хоць самі дадому прыйшлі — трэба разумець, жывыя-здаровыя, бо (паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска) — дасведчаныя. І не толькі ў правілах паркоўкі:
Недзе ў лесе ля шашы
Хлопцы сталі адпачыць,
І сушыцца нехта ўдумаў,
Бо «адпарыў» ногі ў гуме.
...Калі ўперадзе дарогі,
Беражыце свае ногі!
І, вядома ж, сябе — любіменькіх:
Цягне часам апынуцца
Летам на прыродзе.
Трэба толькі апрануцца
Па адметнай модзе:
Каб пабыць у лесе зноў
І не мець турботы
Ад гадзюк і ад кляшчоў,
Абувайце боты!
Дарэчы, вось гэтыя, са здымка, сужэнцам Астроўскім нагадалі мінулае, прычым — вельмі даўняе:
У 45-м, шмат пазней
Выручала гума,
І хадзіў сярод людзей
Чарнаваты гумар:
Многа маючы «шчадрот»
Людзі так спявалі:
За гумовік, зручны бот,
Дзякуй, бацька Сталін!
За адзін (напрыклад, правы) дзякуй з Мінска, за другі...
(Анекдот дарэчы. Мужчына забірае боты з рамонту. «З вас 10 рублёў», — просяць у майстэрні. «А чаму? — не разумее кліент. — Вы ж казалі, што 20...» — «А мы адзін бот згубілі»...)
Спадар Іван Сіманёнак з Пастаў свае гумовыя ў рамонт не здаваў, а таму насіў іх парамі. І ваду выліваў не аднойчы. Так што сюжэт са здымка яму да болю знаёмы. «Адзінае, як прызнаецца, — балоты бываюць розныя: калі на верхавым, разгарнуўшы сфагнум, можна смагу наталіць-напіцца, то на нізінным няйначай чэрці водзяцца. А калі да іх яшчэ і бабры...
Працэнтаў на дзесяць нашы лясы падтоплены менавіта гэтымі браканьерамі, — сцвярджае спадар Іван. — Яны перакрываюць сваімі плацінамі ўсе магчымыя каналы і ручаіны, а ў берагах выкопваюць столькі падземных хадоў і нор...»
Зноў жа даслоўна: «Уваліцца туды (а ўжо ў холад і знянацку...) — не пажадаю нікому, бо тады не толькі ў боты набярэш, але і порткі змочыш. А калі дадаць, што ў баброў іх вадаём — іх жа прыбіральня, то можна ўявіць і «водар».
Адкуль:
У нізінах «пастак» шмат —
Вязкіх, нечаканых,
Але ж горай, брат, няма
За бабровы ямы.
Як правалішся туды,
Як зачэрпнеш ботам,
Дык запомніш назаўжды
Цяжкі дух балота, —
сцвярджае, заўважым, той, хто гэта ведае. Хто пакуль што не...
«Шмат што робіцца сёння для развіцця турызму, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавус. — Адкрываюцца пункты пракату спартыўнага інвентару, распрацоўваюцца новыя маршруты — і пешыя, і вела-, і аўтамабільныя, карыстаюцца попытам паслугі аграсядзіб».
Гаспадар вось гэтай, са здымка (яна, паводле спадара Гаўрыша, проста «не ў кадры») даўно прымае турыстаў:
Для аматараў вандроўкі
У лесе зладжаны пракат:
Малады і вельмі лоўкі —
Калі ласка — самакат.
Не праходзяць сёння міма
І аматары экстрыму:
Да паслуг — анучы, боты...
І з жардзінай... У балоты...
Ну чаму б і не, калі хочаш вострых адчуванняў, а гор паблізу няма: хлопца ў багну цягні — рызыкні, тым больш зараз, калі (на думку спадарыні Гудачковай)
Горад цісне, аж нудзіць?
Дык гайда на волю:
Шчасце босым пахадзіць
Па лужку, па полю!
А калі да гэтага яшчэ і дома ўсё пароблена, калі там, як у спадара Сабалеўскага, іншых клопатаў няма... Ну сапраўды:
Абагнаўшы бульбу,
Пасадзіўшы грады,
Несумненна буду
Адпачынку рады!
У лясную зону
Уцяку па шчасце,
Стану рабінзонам
Пятніцу шукаці!
Шанцаў знайсці — больш чым дастаткова: усё лета, можна сказаць, наперадзе!
Дарэчы. У аднаго іспанца, які ў Мінск пераехаў, спыталі, што яму тут не падабаецца. Коратка сказаў: «Клімат». — «Але ж у нас таксама бывае лета», — запярэчыла яму жанчына. «Я не заўважыў», — прызнаўся замежнік.
Адкуль пажаданне: калі ласка, не паўтарайце яго памылкі, пастарайцеся атрымаць асалоду — ад спеваў салаўя, ад кветак і красак, ягад-грыбоў, першых яблыкаў-груш, цёплага ветру, вады... Бо лета, як пяецца ў вядомай песні, «это маленькая жизнь». (Яно ж, паводле анекдота, не тады, калі цёпла, а тады, калі водпуск і грошы.)
Зрэшты, з кропкай у гэтым аглядзе, мы, здаецца, паспяшаліся: не назвалі аўтараў найлепшых радкоў да папярэдняга здымка. На ім, нагадаем, быў малады чалавек з дзвюма чорнымі свінкамі.
Дык вось найлепшыя радкі пра іх, на думку вялікага чытацкага журы, склалі спадары Мікалай Старых з Гомеля, Іван Сіманёнак з Пастаў, Валерый Гаўрыш з Чавус, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, спадарыні Гудачкова з Жыткавіч, Карына Цануніна з Вілейкі і Іна Алісевіч...
Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае, таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года накіроўваецца на Уздзеншчыну. Вы таксама хацелі б пяць разоў на тыдзень атрымліваць «родную газету на роднай мове»? Тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць кароткі (не больш за восем радкоў) подпіс (а можна — некалькі) і даслаць у рэдакцыю. Шанс на выйгрыш мае кожны. Пішыце!
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору — гэтым разам...
Будзем чакаць наступнага
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[5] http://zviazda.by/be/news/20190416/1555426048-lyubic-pecya-shashlychki-palyandvicu-kumpyachki
[6] https://zviazda.by/be/hto-kago