Карэнны пінчук Руслан Макарэвіч усё жыццё працуе на малой радзіме. І хоць у свой час ён атрымаў тэхнічную адукацыю і цяпер выкладае ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, музыка назаўжды ўвайшла ў яго жыццё. Бо, перш чым паступіць у ВНУ, Руслан атрымаў пасведчанне аб заканчэнні дзіцячай музычнай школы па класе фартэпіяна з дадатковым інструментам — балалайкай.
А калі іграў у аркестры рускіх народных інструментаў у сваім горадзе, пазней у інстытуцкай самадзейнасці, балалайку палюбіў асабліва. Ды так, што ў 1993 годзе вырабіў інструмент сваімі рукамі. Таму што майстроў такіх у Беларусі па сутнасці тады не было. Давялося пачынаць з азоў і асвойваць навуку вырабу. І ў яго атрымалася.
З той пары майстар стварыў ужо сотню музычных інструментаў — балалайкі-прымы і малыя домры. У якасці індывідуальнага прадпрымальніка Руслан Алегавіч разам з памочнікамі займаецца рэстаўрацыяй, рэканструкцыяй, складанымі рамонтамі струнных народных інструментаў, а таксама скрыпак, віяланчэляў, кантрабасаў, мандалін, гітар. Ён не раз браў удзел у розных выстаўках музычных інструментаў. На адной з такіх прэзентацый у верасні мінулага года Макарэвіча і заўважыў кіраўнік дзяржавы, пагаварыў з майстрам і даў даручэнне дапамагчы з памяшканнем для майстэрні.
Раней майстэрня Макарэвіча мела сваё памяшканне ў ДК. Потым узніклі праблемы з арэндай, давялося перайсці ва ўласнае жыллё. Вядома, у адным пакоі кватэры не асабліва развернешся. Каб нармальна размясціць станкі, інструменты, матэрыялы, загатоўкі інструментаў патрабуецца плошча. І яе знайшла культурная сталіца краіны.
На ўмовах бязвыплатнага карыстання нерухомай маёмасцю майстру выдзелілі памяшканне былой майстэрні ва ўстанове адукацыі «Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў» па вуліцы Брэсцкай. Гэта даволі прасторны пакой з рамонтам. Вытворцам музычных інструментаў давядзецца аплачваць толькі камунальныя паслугі.
— Работы хопіць, — кажа Руслан Макарэвіч, — заяўкі на выраб музычных інструментаў паступаюць з многіх рэгіёнаў краіны. Асабліва актыўна замаўляюць іх установы адукацыі, ёсць заяўкі і ад прыватных асоб. Цяпер у вытворчасці чатыры домры і адна балалайка, таксама вядзецца рамонт двух інструментаў. У лісце чакання 10 заявак на набыццё інструментаў і рамонт 14 інструментаў. За тыдзень-другі плануем усё расставіць, навесці поўны парадак і пачнём работу.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/pinsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzyka