На тэрыторыі Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ўжо не першы год вядуцца актыўныя археалагічныя даследаванні. Сярод знаходак — нямала сенсацый. Адна з іх — падземны храм. Так не хавалі ні ў кога з нашых суседзяў. Да таго ж маюцца ўсе падставы меркаваць, што гэта пахаванне... князя! Пра ўнікальныя фрэскі, пра шлем Ізяслава, пра тое, што можа і чаго пакуль не можа сабе дазволіць сучасная беларуская археалогія, карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з магістрам гістарычных навук, археолагам, старшым выкладчыкам кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксеем КОЦАМ (на фота), які з'яўляецца адным з кіраўнікоў у гэтых знакавых раскопках.
— Не так даўно ў Полацку было зроблена ўнікальнае адкрыццё — падземны храм. Думаю, варта расказаць нашым чытачам пра яго больш падрабязна.
— Падземны храм — гэта сапраўды ўнікальнае архітэктурнае збудаванне, якое не мае аналагаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Ім падкрэсліваецца індывідуальнасць ідэі прападобнай Ефрасінні Полацкай у будаўніцтве Спаса-Праабражэнскага храма. Мы пакуль не змаглі знайсці нейкіх прамых аналогій нават у візантыйскай архітэктуры, таму не можам сказаць, адкуль гэта прыйшло да нас. Памяшканне падземнага храма было адносна невялікім: яго памер 4,5 метра на 1,5 метра, — зверху перакрытае зводам. Ва ўсходняй частцы захаваўся прастол у алтары. Вяла ў падземны храм спецыяльная лесвіца, часткова ўбудаваная ў зямлю. Цікава тое, што шырыня гэтай лесвіцы прыблізна супадае з шырынёй лесвіцы, якая вяла на хоры ў асноўным храме. Таму можна казаць, што абедзве лесвіцы рабілі адны і тыя ж майстры. Мы аднадумна схіляемся да меркавання, што архітэктурнае рашэнне будынка праектаваў вядомы нам дойлід Іаан. Зверху падземны храм быў перакрыты столлю, знізу зроблена падлога з плінфы. Але ў пэўны момант, верагодна, з-за вільгаці, гэта падлога з плінфы была перакрыта зверху драўлянымі дошкамі. Вядома, самы цікавы момант — аркасолі: гэта такая ніша ў сцяне для таго, каб у ёй было зроблена пахаванне. Адну такую нішу мы якраз знайшлі ў падземным храме. Мяркую, што гэта індывідуальны храм для аднаго чалавека і аднаго пахавання.
— Ці быў хтосьці ў ім пахаваны?
— Мы ўскрылі гэтую аркасоль, але яна ўжо была разрабаваная. Дакладней, не разрабаваная, а ўскрытая да нас. Так, да гэтага часу яна была закладзена — значыць, пахаванне зрабілі. Аднак у момант пашкоджання храма гэтую аркасоль разбурылі, парэшткі вынялі для перазахавання. Бо калі б гэта было вандальскае разбурэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці, засталіся б пэўныя рэчы, косткі. Тут жа ўсё цалкам чыстае, нічога няма. Таму, хутчэй за ўсё, адбылося мэтанакіраванае выманне парэштаў для таго, каб можна было іх перапахаваць.
— Калі магло адбывацца перапахаванне?
— Дакладна сказаць па археалагічным матэрыяле мы, на жаль, не можам. Адзінае, можна меркаваць, што да канца ХVІІ стагоддзя падземнага храма і галерэй ужо не існавала. Прычым відавочна, што канструкцыя самога падземнага храма і таго, што было над ім (памяшканне, багата распісанае фрэскамі) — усё загінула падчас моцнага разбурэння ў пажары. Рэшткі пажарышча, аплаўленыя лісты свінца (іх выкарыстоўвалі для пакрыцця даху) зафіксаваны як цэлыя зліткі: знойдзены адзін злітак вагой амаль 38 кілаграмаў. Відавочна, што быў пажар, аднак сказаць дакладна, калі ён здарыўся, складана — да канца ХVІІ стагоддзя.
— Ці вядома, для каго было адведзена такое адмысловае месца?
— Мы лічым, што там быў пахаваны бацька прападобнай Ефрасінні — князь Святаслаў-Георгій. Пра гэта сведчаць знойдзеныя два фрагменты абраза Святога Георгія. Гэта ўжо чацвёртая знаходка падобных абразоў у Полацку. Яна знаходзілася ў алтарнай частцы храма. Для каго Ефрасіння магла будаваць такую грандыёзную падземную канструкцыю, якая не мае аналогій, як не для свайго бацькі? Ён быў спонсарам, падтрымліваў яе ў будаўніцтве і іншых справах. А яна шанавала памяць аб ім такім чынам. Гэта наша меркаванне, іншыя даследчыкі могуць з ім не згаджацца, паколькі мы не знайшлі парэшткаў. Аднак пра тое сведчыць кантэкст.
— Ці маюцца нейкія звесткі пра тое, што бацька падтрымліваў духоўную дзейнасць Ефрасінні? Бо з жыція святой паўстае іншая карціна — родныя былі супраць яе сыходу ў манастыр...
— Так, бацька вельмі балюча ўспрыняў яе сыход у манастыр. Але потым ён з гэтым пагадзіўся, бо Ефрасіння не проста сышла ў манастыр і стала манахіняй. Яна засталася актыўным палітычным дзеячам — выконвала пэўныя палітычныя функцыі ў Полацкім княстве — яе аўтарытэт быў надзвычай вялікі. Гэта пацвярджае той факт, што яна мела сваю пячатку.
— Раскажыце пра знойдзены тып пахавання, бо я чую пра такі ўпершыню — каб побач быў алтар і адтуліна для памерлага...
— Так рабіліся вельмі багатыя пахаванні — або епіскапаў, або манахаў, або князёў. Радавым гараджанам быць пахаванымі такім спосабам наўрад ці давялося б. Калі памерлага туды клалі, сцяна фактычна замуроўвалася, часам яе нават замалёўвалі фрэскамі. Але было вядома, што тут пахаваны такі і такі чалавек.
— Калі гэта сцяна замуроўвалася, ці працягвалі весці службы ў маленькім храме?
— Што датычыцца гэтага храма, сам па сабе ён невялікі — накшталт умоўнай хатняй царквы. Не кожны дзень ішла служба, а толькі па нейкіх выключных святах. Магло сабрацца пяць манахінь і разам са святаром яны паміналі спачылага. Такім чынам, гэта не агульны вялікі храм. Хутчэй за ўсё гэта было месца пахавання і ўшанавання памяці.
— Сённяшнім турыстам трапіць туды не ўдасца?
— Гэты падземны храм у вельмі дрэнным стане. Можна сказаць, што мы адшукалі руіны. Улічваючы, што яму ўжо 800—900 гадоў, калі мы яго раскапалі, ён быў у вільгаці. Таму, каб пазбегнуць далейшага разбурэння, было вырашана яго закансерваваць як мага хутчэй і зрабіць гэта шляхам зваротнай засыпкі той жа глебы, якую мы вынулі. Такім чынам была зроблена кансервацыя: усталяваныя спецыяльныя падпоркі пад рэшткі скляпенняў, каб яны не абрынуліся да канца, і гэта ўсё засыпана зямлёй. Былі ідэі ўзяць храм пад шкло ці выкарыстаць іншы падобны спосаб. Але гэта надзвычай складана, трэба было б прыстасаваць цэлы паверх, атрымаць вельмі вялікае фінансаванне, каб стварыць спецыяльныя ўмовы для гідраізаляцыі, падтрымання ўзроўню вільгаці, тэмпературнага рэжыму і іншага. Гэта вельмі складана — таму сёння ці ў хуткім часе выканаць не атрымаецца. Каб храм зімой не замярзаў, летам не перасыхаў, было вырашана яго засыпаць. Праз 20—30 гадоў мы сюды зноў вернемся на новы этап рэстаўрацыі храма — такія аб'екты патрабуюць пастаяннай падтрымкі. А зрабіць работу на 100—200 гадоў у нас не атрымаецца. Магчыма, на новым этапе рэстаўрацыі будуць прыняты новыя рашэнні, мы зможам ускрыць храм і зрабіць так, каб ён быў навідавоку.
— Зразумела, што гэта ўнікальная знаходка. Ці паспелі даць ёй грунтоўную гістарычную ацэнку?
— Пакуль няма прамых аналогій, адкуль прыйшла такая традыцыя, з якога храма. Гэта будзе асноўнае адкрыццё для нас — мы зможам сказаць пра сувязь пэўнага рэгіёна і Полацка. Унікальнасць знаходкі ў тым, што мы ўпершыню ў Полацку знайшлі падземны храм і месца пахавання князя — досыць пэўна пра гэта кажам. Такі выключны выпадак. Бо мы ведаем пра пахаванне літоўскіх князёў, рускіх цароў, польскага караля. А тут выявілася, дзе пахавана значная асоба ў беларускай гісторыі.
— Раскажыце, якія яшчэ знаходкі былі зроблены?
— У нас ёсць рэдкая знаходка абразка Святога Георгія — такіх абразкоў існавала няшмат. У Полацку ўпершыню было знойдзена некалькі дэталяў хораса. (Хорас — гэта старажытны падсвечнік, які вывешваўся ў храме, для таго каб ставіць у яго свечкі). Упершыню ў Беларусі знойдзена пакрыццё даху ХІІ стагоддзя — адшукалі цэлы ліст. У нас ёсць унікальны збор фрагментаў фрэсак, якія з'яўляліся роспісам унутры галерэй. Знойдзены фрагмент тынкоўкі з тэкставым роспісам. Усе кавалкі мы збіраем, апрацоўваем — рыхтуем для захавання. Ужо падсумаваны знаходкі 2017 года — там сабрана каля 10 000 фрагментаў з фрэсак. За перыяд раскопак 2018 года іх будзе значна больш. Гэткім падрабязным зборам фрэсак на тэрыторыі Беларусі раней ніхто не займаўся. Такім чынам мы зможам убачыць карціны — толькі трэба правільна скласці ўсе фрагменты.
— Па сутнасці, гэта кавалкі фрэскі?
— Кавалкі вапнавай тынкоўкі, якая звонку была распісана фрэскамі. Калі зараз зазірнём у вялікі храм, то ўбачым такія фрэскі на сценах. А калі сцены разбураюцца, тынкоўка асыпаецца. Гэтыя кавалкі былі ў зямлі — у галерэі, прыбудаванай да царквы. Мы капалі пасярод муроў і адшукалі такія фрагменты.
— Ці ёсць цэльная фрэска, якую ўжо можна ўбачыць, ці хоць бы яе частка?
— Не, пакуль што пра такое мы сказаць не можам. Для такой справы патрэбен спецыяліст-рэстаўратар, які б гэтым займаўся. У нас такога спецыяліста пакуль няма. Аднак мы часам бачым часткі агульнай кампазіцыі, выявы твараў і нават унікальныя надпісы. Ёсць відавочна рознакаляровыя фрэскі з яркімі сюжэтамі. Наша задача як археолагаў найперш адшукаць і захаваць. А ўжо задача рэстаўратараў — працаваць над склейваннем, фактычна зборкай вялікага пазла.
— Мабыць, вам патрэбен штатны рэстаўратар?
— Так, мы над гэтым працуем. Было б вельмі добра, каб у нас быў свой рэстаўратар, які б займаўся менавіта гэтым пытаннем.
— Вяртаючыся да знойдзенага храма: калі пакуль што не знойдзена аналогій, можа, гэта наша, выключна беларуская прыдумка?
— Наўрад ці. Бо будаўніцтва ў Старажытнай Русі — Вялікім Ноўгарадзе, Полацку — сягае каранямі ў Візантыю, Балгарыю, Грэцыю.
— Не так даўно ў сродках масавай інфармацыі паведамлялася пра адшуканы ў рацэ шлем Ізяслава. Як вы пракаментуеце такую знаходку?
— Гэта сапраўды найунікальнейшая знаходка на тэрыторыі Беларусі, шмат пра яе пісалі. Я б скептычна адносіўся да таго, што яна з'яўляецца шлемам менавіта Ізяслава. Можна сказаць дакладна, што падобны шлем мог насіць і Ізяслаў, і любы полацкі князь. Шлем вельмі багатага, знатнага чалавека. Але знаходка досыць выпадковая, без культурнага слоя, зробленая не ў помніку, не ў пахаванні. Таму сцвярджаць пра рэч Ізяслава я б не браўся. Адзінае, што даследчыкі, якія гэтым займаліся, зрабілі такую выснову — атрымалася іх версія, іх канцэпцыя, яны яе абгрунтоўваюць — знешне гэта таксама пахвальна. Для нас — нацыянальны брэнд, яго піяр. Агулам жа для Усходняй Еўропы такі шлем — унікальная рэч. У вывучэнні гісторыі Беларусі ён знойдзе сваё годнае месца. Хацелася б, вядома, каб больш такіх рэчаў было адшукана на тэрыторыі нашай краіны — але гэта ўжо пытанне аб'ёму саміх раскопак, якіх у нас праходзіць не так шмат. Але перспектыва ёсць, можна знайсці шмат цікавага.
— Раскажыце пра новы археалагічны сезон. Што капаеце і што спадзеяцеся ўбачыць?
— Сёлета ў нас работы вядуцца на двух участках. Першы — на ўсходнім фасадзе пры алтары храма. Работы там часова завершаны. Пакуль сказаць, што мы знайшлі, дакладна нельга. Другі ўчастак — на заходнім фасадзе пры ўваходзе. Мы выйшлі на сцяну экзанартэкса — прыбудовы да храма. Да канца чэрвеня першыя вынікі па гэтым участку будуць вядомыя. Даследаванні вядуцца не толькі Полацкім дзяржаўным універсітэтам. Далучыўся Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, а таксама Санкт-Пецярбургскі Эрмітаж. Агулам працуем актыўна — якія будуць адкрыцці, хутка даведаемся.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[5] https://zviazda.by/be/tags/efrasinnya-polackaya
[6] https://zviazda.by/be/tags/religiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/polack