Такое меркаванне выказаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на прэзентацыі тэматычных выданняў да спартыўнага форуму. Мерапрыемства адбылося ў абноўленым Доме кнігі «Светач».
«Хацелася, каб спаборніцтвы такога велізарнага маштабу, як ІІ Еўрапейскія гульні, паказалі яшчэ тую высокую планку, на якую трэба раўняцца ў тым ліку і ў кнігавыданні, і ў асветніцкім, культурным аспекце», — так Аляксандр Карлюкевіч патлумачыў, чаму гэтыя выданні прэзентуюцца напярэдадні адкрыцця спартыўнага форуму.
Што паказалі гасцям прэзентацыі? Календары, даведнік па Мінску і турыстычныя карты сталіцы. Усё гэта выпусціла выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Яшчэ была прэзентаваная кніга «Спорт найвышэйшай пробы. Еўрапейскія і Алімпійскія гульні» з серыі «Беларусь спартыўная».
Дарэчы, на мерапрыемстве прысутнічалі замежныя журналісты, акрэдытаваныя на надыходзячыя спаборніцтвы. У гэты дзень супрацоўнікі замежных СМІ наведалі пяць аб'ектаў, у тым ліку стадыён «Дынама», стралковы цір імя Цімашэнкі і «Мінск-Арэну».
«Еўрапейскія гульні для нашай краіны — гэта магчымасць паказаць усё», — адзначыў міністр, тлумачачы, чаму замежных журналістаў прывезлі яшчэ і ў «Светач». Ён дадаў, што падчас спаборніцтваў у нас ёсць магчымасць расказаць замежным гасцям, як уладкавана наша краіна, які горад Мінск, паказаць нашы турыстычныя маршруты і, вядома, нашых людзей.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-karlyukevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/drukavanyya-vydanni
[6] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019