Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч. Аляксей Ільіч нарадзіўся ў гэтай вёсцы, тут жылі яго дзед і прадзед. Адсюль у вайну яго з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі вывозілі ў Германію. Сюды ён вярнуўся ў 1947 годзе.
Бацькавы гены
Чаму можна пазайздросціць, дык гэта памяці Аляксея Ільіча. Здароўе ў такія гады, зразумела, не вельмі. Ходзіць ужо з кіёчкам, голас стаў слабаваты, але слых, зрок, галава — нібы ў маладога. Расказвае ён вельмі цікава, у памяці захоўваюцца эпізоды, дэталі, уражанні 70—80-гадовай даўніны. Відаць, бацькавы гены. З вялікай цеплынёй гэты старэнькі дзядуля згадвае свайго бацьку, успамінае, як той вучыў сына быць спагадлівым да людзей, нікога не крыўдзіць, асабліва жанчыну.
Нарадзіўся адзін з двух апошніх жыхароў Вясневіч у 1923 годзе. У бацькі быў свой кавалак зямлі і гаспадарка. Як і многія беларусы, Ілья Юркевіч некалі выязджаў на заработкі ў Амерыку. Сям'я ў Аляксеевага дзеда была бедная, але сына свайго за блізкі свет ён адпускаць не хацеў. Плакаў, калі ад'язджаў за пазычаныя на білет грошы. Працаваў там сем гадоў. А тут якраз ішлі войны, людзі падаліся ў эвакуацыю, сталі бежанцамі. Вярталіся потым не ўсе. Адзін бацькаў брат асеў у Маскве, другі — у Казахстане. Калі Ілья вярнуўся ў вёску, застаў аднаго толькі бацьку, якому абяцаў вярнуцца, хоць яго і агітавалі застацца за акіянам.
Паслухаўшы параду добрых людзей, ажаніўся з працавітай дзяўчынай Вольгай. Бацька яе ад радасці, што аддаў адну з пяці дачок, дапамог наваспечанаму зяцю з насеннем для сяўбы. А зяць купіў кавалак зямлі, каня, карову і адчуў сябе гаспадаром. Аляксей стаў першынцам у бацькавай сям'і, потым адно за адным нарадзіліся шэсць сясцёр і брат.
— Мая Валянціна стала восьмай, калі прыйшла ў нашу сям'ю, — кажа Аляксей Ільіч. — Усе жылі ў адной хаце, і жылі дружна.
Вайна
Але гэта будзе потым, пасля вайны. А калі ў 41-м прыйшлі немцы, Аляксею споўнілася 18 гадоў. Ужо ў пачатку наступнага года выйшла распараджэнне — ад кожнай сям'і хлопца ці дзяўчыну падрыхтаваць да ад'езду ў Германію. Ён быў старэйшы ў сям'і, яму і выпадала ехаць. Прывезлі іх далёка, аж у Гановер. Працаваць трэба было на жалезных рудніках. «Пастроілі нас у шарэнгу, — успамінае Аляксей Ільіч. — Сталі выбіраць дужых, высокіх. Я адразу ўнутрана сцяўся, прыгнуўся. Мяне абмінулі. Потым стала зразумела: першую партыю адпраўлялі ў шахты. Астатніх пакінулі для работы на паверхні. Мы працавалі на пагрузцы-разгрузцы. Жылі ў лагеры кіламетры за чатыры ад шахты, кожную раніцу немец-ахоўнік вадзіў на работу, увечары гэтак жа адводзіў у барак».
Кожнаму выдалі бірку з асабістым нумарам. У Юркевіча быў нумар 1550. У адпаведнасці з нумарам вялася асабістая справа, змяшчаліся звесткі пра сям'ю, заносіліся заахвочванні і пакаранні, налічвалася, хоць і мізэрная, зарплата.
Далейшы працоўны лёс вырашыла прыродная цікаўнасць беларускага хлопца. Хоць і працаваў на пагрузцы, яго прывабліваў суседні цэх, дзе ўсё бразгала, ляскатала, грымела. І як толькі выпадала свабодная хвіліна, імкнуўся туды зазірнуць. Аднойчы яго цікаўны погляд заўважыў майстар-немец і паклікаў прайсці. Гэта была майстэрня па рамонце ваганетак з мноствам станкоў, механізмаў, прыстасаванняў. Убачыўшы, як у юнака загарэліся вочы, майстар узяў яго да сябе. Аднойчы сказаў: «Алекс, калі вернешся дадому, будзеш майстрам». Потым у жыцці не раз успамінаў Аляксей Ільіч тыя словы, і навука пажылога рамонтніка неаднойчы выручала яго ў жыцці. Несумненна, работа ў цэху была лягчэйшая і больш цікавая, чым перакідванне шуфлем руды.
Там разам працавалі беларусы, рускія, палякі. У 45-м сталі даходзіць чуткі, што фронт блізка. Стары майстар ім пра гэта казаў адкрыта: «Германіі — капут». У той дзень іх на работу не павялі, а чамусьці вывезлі ў лес. Аляксей Ільіч думае, што баяліся, каб працаўнікі-вязні не выступілі супраць гаспадароў, калі пачнецца бой. Гукі бою яны чулі нават са свайго лесу, а потым пачулі іншую мову, не нямецкую. Гэта былі амерыканцы. Яны вельмі прыязна паставіліся да маладых саюзнікаў — раскватаравалі, забяспечылі харчаваннем. Так працягвалася тыдні са два. Потым іх сабралі, сказалі, што прыехалі прадстаўнікі савецкага камандавання. Упершыню яны ўбачылі савецкага афіцэра ў пагонах — на пачатку вайны, як вядома, у Чырвонай Арміі былі пятліцы. Ён прыгожа і ўзнёсла казаў пра тое, як чакаюць юнакоў і дзяўчат на радзіме. Большасць працаўнікоў выказалі жаданне ехаць дадому.
Доўгае вяртанне
Тады амерыканцы раздалі чамаданы, запрасілі ўзяць для родных падарункі. Аляксей набраў кашуль сабе і бацьку, сукенак для жаночай часткі сям'і. А самае каштоўнае — гадзіннік і пярсцёнкі, якія купіў за зарплату, а таксама малітоўнік, які быў з ім увесь час, схаваў у кашалёк.
Калі маладых людзей перавезлі ў зону размяшчэння савецкай часці, чамаданы ў іх забралі. Праўда, Аляксей паспеў апрануць на сябе дзве кашулі — вельмі ж прыгожымі яны падаліся хлопцу, які хадзіў дома ў палатняных уборах. А потым яму і іншым юнакам аб'явілі, што яны прызываюцца ў войска. Тыя фірмовыя кашулі згубіліся на стадыі пераапранання ў ваенную форму. Праз нейкі час навабранцаў прывезлі ў часць пад Віцебскам. Тут у службе нашаму герою дапамаглі ўменні цесляра, а таксама бацькавы ўрокі асабістай гаспадаркі. Вясковага хлопца накіравалі ў падсобную гаспадарку часці. Ён даглядаў кароў. Не змог стрымаць слёз, калі расказваў, як гаравалі нашы людзі адразу пасля вайны. Дамы стаялі спаленыя і разбітыя, многія жылі ў зямлянках, галадалі. Дзеці прыходзілі і прасілі: «Салдацік, можа ёсць кавалачак хлеба?» І як радаваўся, калі, падаіўшы карову, даваў мясцовым маладзіцам збанок малака для дзяцей! Так праслужыў наш герой два гады, потым выйшаў загад — 1923 і 1924 гады нараджэння дэмабілізаваць. Трэба было ўздымаць краіну.
Абярэг усяго жыцця
Малітоўнік Аляксею прыслаў у Нямеччыну сябар у 1942 годзе. Пошта тады працавала, з акупаванай тэрыторыі можна было пісаць у Гановер. Родныя яму пісалі, каб маліўся кожны дзень, прасіў Бога пра здароўе і хутчэйшае вызваленне, і што яны моляцца пра гэта дома. Так і рабіў, вывучаў малітвы па гэтай кніжачцы кішэннага фармату. І калі прызвалі ў армію, малітоўнік хаваў у кашальку, кашалёк заўсёды быў у кішэні гімнасцёркі. А гімнасцёрку па тагачасных правілах трэба было складваць і нанач класці пад падушку. Так заўсёды з салдатам быў яго скарб — гадзіннік, пярсцёнкі для дзяўчыны і маці і малітоўнік. Не раз заўважаў, як таварыш па службе касавурыўся на яго кішэню, але ўвагі не звяртаў. І вось аднойчы ноччу адлучыўся з ложка ў канец казармы, дзе быў туалет, а калі прыйшоў, убачыў адкінутую падушку. Кашалька на прывычным месцы не было. Усе ціха спалі. Гаварыць нікому аб прапажы салдат не стаў. Крыўдна было да слёз. А потым прыйшла думка, што злодзею не патрэбная кніжачка, ён забярэ гадзіннік і ўпрыгажэнні, а малітоўнік выкіне. Тады Аляксей стаў абследаваць сметніцы і нарэшце знайшоў свой галоўны скарб у прыбіральні, у гурбе папер і акуркаў. Якое шчасце было!
— Я вам зараз пакажу гэты малітоўнік, які мне там дапамагаў, — гаворыць стары і прыносіць з бакоўкі свой рарытэт. Гэтая кніжка, выдадзеная ў Варшаве ў 1941 годзе на рускай мове, вельмі добра захавалася, калі ўлічыць яе пакручасты лёс.
З той пары ўсё жыццё па вечарах ён прачытвае адсюль малітву. І калі ў войску служыў, і калі ў калгасе працаваў, і калі, выйшаўшы на пенсію, быў царкоўным старастам на працягу дваццаці гадоў. І цяпер.
Гісторыя кахання
— З Валянцінай жылі па-суседску, бегалі адно да аднаго з самых малых дзён. Спачатку сябравалі, як усе дзеці, — згадвае Аляксей Ільіч. — А потым стала падабацца, гэта ўжо крыху пазней зразумеў. Калі быў зусім зялёным падлеткам, хлеба ёй насіў. У іх сям'я была бедная, хлеб быў далёка не заўсёды на стале. А ў нас хлеба было ўволю. Маці, як спячэ бохан, кожнаму па кавалку адрэжа, мне першаму, як старэйшаму. А я за свой кавалак — і да Валі. Яна саромеецца браць, тады я пакладу куды-небудзь і сыходжу. Маці здзіўляецца, як гэта я так хутка з'еў. А бацька здагадваўся і не выдаваў, казаў, каб давала яшчэ адзін кавалак — хлопец расце, яму есці трэба.
Потым Аляксея ў Германію вывезлі, Валянціну, дарэчы, таксама. Яна працавала ў гаспадара, прыехала адразу пасля вызвалення. А ён трапіў дадому пасля арміі. Кажа: «Як сёння помню, прыехаў, маці адразу за стол пасадзіла, нехта са сваякоў зайшоў. А тут Валя забягае выпадкова — яна не ведала, што прыехаў. І засаромелася. А я глянуў, аж у сэрцы кальнула: яшчэ прыгажэйшая стала! У той год мы і пажаніліся».
Спачатку бакавы пакойчык сабе адрамантавалі, потым стаў хату ўласную ўзводзіць. Усё да дошкі, да цвіка сваімі рукамі зрабіў, нават печы сам складваў, вокны рабіў — спатрэбілася навука таго майстра-немца. Аляксея Юркевіча ад калгаса накіравалі на курсы трактарыстаў. Але трактары тады былі зусім не такія, як цяпер. Прыходзіў вечна брудны, у пыле і мазуце. Вельмі не любіла гэтага Валя, і праз колькі гадоў Аляксей падаўся ў жывёлаводы, так і працаваў на ферме да пенсіі.
Пражылі яны ў згодзе больш за пяцьдзясят гадоў. Выгадавалі траіх дзяцей. Усе дзеці атрымалі адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці. Адзін сын служыў у міліцыі ў Санкт-Пецярбургу, цяпер на пенсіі. Другі сын інжынер, займаецца наладкай медыцынскага абсталявання. Дачка таксама жыла і працавала да пенсіі ў Мінску, цяпер пераехала да бацькі ў вёску. Тры гады таму яго любая Валянціна пакінула яго аднаго. А дзецям ён сказаў: «Пражыў у сваёй хаце і паміраць у сваёй хаце буду». Яно і зразумела: амаль за семдзесят гадоў прывык да сваёй хаты, цяжка змяніць гэтую звычку. Часам збіраюцца ў дзедавай хаце ўсе: і ўнукі, і праўнукі.
А гасцей Аляксей Ільіч любіць і ўмее прымаць. Мы — гэта старшыня сельскага Савета Людміла Саламянюк, спецыяліст райсавета Людміла Барушка і аўтар гэтых радкоў — ужо сабраліся ехаць, выйшлі на вуліцу, а ён нас даганяе і частуе цукеркамі: «Да мяне дзяўчаты прыехалі, хіба ж можна іх так адпусціць?!» Ну што ты зробіш з гэтым 96-гадовым джэнтльменам? Узялі пачастункі. А старшыня сельвыканкама сказала, што даўно ведае Аляксея Ільіча, чалавек ён добры, душэўны, пагаворыш з такім — нібы з гаючай крыніцы пап'еш.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/aposhniya-zhyhary