Палата прадстаўнікоў прыняла сёння ў другім чытанні папраўкі ў арт.328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Навацыі прадугледжваюць памяншэнне ніжняй мяжы пакарання з пяці да трох гадоў пазбаўлення волі па ч.2 і з васьмі да шасці гадоў пазбаўлення волі па ч.3, перадае БЕЛТА [1].
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы папраўкі ў антынаркатычнае заканадаўства дадаткова старанна вывучаліся усімі зацікаўленымі з улікам важнасці гэтай тэмы для грамадства. У цэлым дэталёвы аналіз законапраектаў, якія закранаюць лёсы людзей, - традыцыйная практыка ў Беларусі, якая дазваляе прымаць узважаныя рашэнні. Пасля абмеркавання засталіся папраўкі, якія прадугледжваюць змяншэнне ніжняй мяжы пакарання па ч.2 і па ч.3 арт. 328 на два гады.
"Гэта не з'яўляецца прыніжэннем для наркадылераў і збытчыкаў наркотыкаў, - падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. - Такі падыход дазволіць судам прымяняць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі па наркатычных артыкулах больш дыферэнцыравана - з улікам асобы вінаватага, яго ўзросту, характару і ступені грамадскай небяспекі дзеі , а таксама ўсіх абставінаў яго здзяйснення".
Пры гэтым дзяржава ні ў якім разе не ідзе на тое, каб знізіць адказнасць для тых, хто мэтанакіравана займаецца незаконным абаротам наркотыкаў. Верхняя мяжа да 8 гадоў па ч.2 і да 15 гадоў па ч.3 застаецца без зменаў.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/deputaty-prinjali-vo-vtorom-chtenii-popravki-v-st328-uk-350911-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/narkotyki