Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» падрыхтавала і выпусціла ў свет кнігу на беларускай і англійскай мовах «Спорт вышэйшых дасягненняў. ІІ Еўрапейскія гульні — свята міру, спорту, дружбы народаў Еўропы» ў серыі «Беларусь спартыўная». Кніга атрымалася не проста цікавая, а ў многіх адносінах пазнавальная, з адмысловым высокамастацкім афармленнем.
З чатырох раздзелаў выдання чытач даведаецца пра гасціннасць беларусаў, пра ролю спорту ў жыцці нашай краіны, пра гісторыю выбару яе месцам правядзення Гульняў, пра выбар талісмана. Цікава, з яркімі ілюстрацыямі расказваецца пра эстафету агню «Полымя міру», пра абрысы медалёў, віртуальны даведнік, размяшчэнне гасцей у «Студэцкай вёсцы», пра валанцёраў, якія будуць задзейнічаны ў 20 розных кірунках. Асобна прадстаўлены ўсе спартыўныя арэны, на якіх пройдуць спаборніцтвы.
Знаёміць кніга і з гісторыяй — у ёй падрабязна прааналізаваны вынікі першых Гульняў, што адбыліся ў горадзе Баку ў 2015 годзе. Пры гэтым асноўная ўвага аддаецца менавіта дасягненням беларускіх спартсменаў. Дадзены падрабязны экскурс і ў гісторыю алімпійскага руху ў Беларусі — на старонках выдання можна пабачыць фатаграфіі вядомых у мінулым спартсменаў, даведацца пра іх дасягненні, пазнаёміцца з сучаснымі алімпійцамі, якія заваявалі ў гісторыі незалежнай Беларусі 96 медалёў, у тым ліку 20 залатых, 32 сярэбраныя, 44 бронзавыя.
Завяршае кнігу алімпійскі слоўнік на беларускай і англійскай мовах, а агністае лісяня Лесік шчыра запрашае ўсіх адкрыць для сябе Беларусь.
Міхаіл БЕРДНІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[4] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019