Калі летась сезон клубніц у Лунінецкім раёне распачаўся 20 мая, а скончыўся 20 чэрвеня, дык сёлета нарыхтоўкі тут стартавалі 4 чэрвеня, а больш-менш стабільныя аб'ёмы — па 10 тон на дзень — пайшлі фактычна толькі ў гэтыя выхадныя.
— Па апошняй аператыўнай інфармацыі, мы закупілі 40 тон ягады. Летась, дзеля параўнання, на тую ж дату было нарыхтавана 179 тон, — расказаў журналісту «Звязды» галоўны эканаміст Лунінецкага раённага спажывецкага таварыства Дзмітрый Леснік. — Зараз клубніцы для вінаробства прымаем ад насельніцтва па 30 капеек за кілаграм, для кансервавання — па 50 капеек. Першую партыю так званай таварнай ягады ў колькасці 700 кілаграмаў паставілі ў гандлёвыя арганізацыі сталіцы. Гатовы і далей рабіць гэта пад замовы.
Але пакуль асаблівай цікаўнасці з боку апошніх не назіраецца. Можа, справа ў тым, што Мінск завалілі клубніцамі: апроч беларускіх, прадаюць украінскія, грэчаскія, польскія ягады? Ды і цэны досыць прымальныя: у канцы мінулага тыдня на Камароўцы айчынныя ягады прадавалі па 2,5-4 рублі за кілаграм, у пачатку гэтага тыдня ў спальных мікрараёнах прапанова з латкоў была на ўзроўні 3,5-4 рублёў. На дзіва, пакуль не вельмі цікавяцца ягадай з Лунінецкага раёна і перапрацоўчыя прадпрыемствы (тут, праўда, трэба рабіць папраўку на тое, што нарыхтоўкай арганізацыі могуць займацца і самастойна). Прычыны тут могуць быць зусім іншыя, напрыклад банкруцтва... Калі казаць увогуле пра закупачныя цэны на клубніцы ў раёне, напачатку ягада ішла ад 2,5 рубля за кілаграм, зараз па 70 капеек, максімум бывае 1,1-2 рублі. Вядома, усё дыктуе рынак, сітуацыя мяняецца кожны дзень. І, як заўсёды, надвор'е, нябесная канцылярыя.
— Удзень спёка, а ночы — халодныя. Клубніцы выспелі, але ягады выйшлі не вельмі буйныя, — заўважыў Дзмітрый Леснік.
Як бы там ні было, ягадны сезон працягваецца!
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/klubnicy-0