Верхняя палата беларускага парламента сістэматычна праводзіць маніторынг практыкі прымянення заканадаўства для своечасовай карэкціроўкі законаў, ліквідацыі прававых прабелаў і залішняй зарэгуляванасці. Падчас аналізу Закона «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» ад 2008 года парламентарыі выявілі праблему, з-за якой людзі, якія пабудавалі індывідуальнае жыллё, часта вымушаны двойчы праходзіць адну і тую ж працэдуру, каб яго зарэгістраваць.
— Чалавек, які завяршыў будаўніцтва ўласнага жылога дома, згодна з Указам Прэзідэнта № 200 ад 2010 года, звяртаецца ў выканкам з пакетам дакументаў па акт прыёмкі дома ў эксплуатацыю, — патлумачыў «Звяздзе» намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктар ЧАЙЧЫЦ. — Работнік выканкама абмервае дом, каб вызначыць яго фактычную плошчу, якую ўказвае ў акце. Наступны этап — атрыманне тэхнічнага пашпарта і рэгістрацыя правоў на дом. Арганізацыя па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці таксама праводзіць абмеры жылога дома для складання ведамасці тэхнічных характарыстык. Калі выяўляецца неадпаведнасць з плошчай, указанай у акце прыёмкі, права на дом не рэгіструецца, пакуль не будуць унесены змяненні ў рашэнне выканкама. Пры гэтым памылка ў вымярэнні можа быць нязначнай — дзясятыя долі сантыметра.
Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве абмяркоўвала вопыт прымянення адміністрацыйных працэдур на выязным круглым стале ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Падчас гэтага мерапрыемства высветлілася, што значная частка зваротаў у выканкам датычыцца якраз унясення змяненняў у рашэнне аб зацвярджэнні акта прыёмкі пабудаваных жылых аднакватэрных дамоў.
Савет Рэспублікі звярнуўся ва ўрад з прапановай замацаваць права арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці не браць пад увагу мінімальныя разыходжанні паміж вынікамі абмераў, указанымі ў акце прыёмкі і ў ведамасці тэхнічных характарыстык. Як альтэрнатыву сенатары прапанавалі ўключаць ведамасць тэхнічных характарыстык у пералік дакументаў, якія падаюцца ў выканкам для атрымання акта прыёмкі дома ў эксплуатацыю. Савет Міністраў паведаміў парламентарыям, што апошняя прапанова ўжо ўключаная ў праект комплекснай карэкціроўкі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 200 ад 26 красавіка 2010 года. Адпаведны дакумент накіраваны на разгляд кіраўніку дзяржавы.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo