Студэнты факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сталі пераможцамі конкурсу HERE Community Challenge. У іх ліку чацвёртакурсніца Валерыя Жыгаліна, трэцякурсніца Вольга Папко і другакурснік Анатоль Чабатароў.
На працягу трох з паловай месяцаў у картаграфічным вэб-рэдактары Map Creator студэнты ў анлайн-рэжыме выконвалі карэкціроўку навігацыйных карт Беларусі: ацэньвалі іх змест, дапаўнялі новымі элементамі і абнаўлялі ўжо існуючыя дадзеныя. Пры экспертным заключэнні студэнцкіх работ улічвалася колькасць унесеных аб'ектаў, правак і аб'ём ахопленай тэрыторыі.
Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел студэнты з больш чым 25 універсітэтаў Расіі, Беларусі, Украіны, Кіргізстана і Казахстана. Нашу краіну прадстаўлялі БДУ і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Па выніках спаборніцтва студэнты з дзевяці ВНУ атрымалі запрашэнні ў летні картаграфічны лагер HERE у горадзе Сочы. Там будучыя географы пройдуць навучанне праграмаванню, наведаюць лекцыі і майстар-класы па геаінфармацыйнаму картаграфаванню, даведаюцца пра дасягненні сучаснай навігацыі, інтэрнэту, разумных рэчаў і гарадоў, а таксама SMM-маркетынгу.
Даведка:
HERE Community Challenge — міжнародны конкурс сярод студэнтаў у галіне лічбавай картаграфіі. Ён праводзіцца сусветным лідарам картаграфічных сэрвісаў HERE Technologies. Гэта кампанія займаецца распрацоўкай картаграфічнага кантэнту і прадастаўляе звесткі прыватным асобам і прадпрыемствам.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/geografy
[3] https://zviazda.by/be/tags/geagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/student
[5] https://zviazda.by/be/tags/kartagrafiya