З першых дзён лета на нашай тэрыторыі ўсталявалася анамальна гарачае (для пачатку чэрвеня) надвор'е з тэмпературным фонам, які на 6—8 градусаў вышэй за кліматычную норму, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Чакаецца, што ў першай палове тыдня на фоне павышанага атмасфернага ціску будзе пераважна без ападкаў, а ў далейшым месцамі не абыдзецца без кароткачасовых навальнічных дажджоў. У аўторак будзе пераважна без ападкаў, удзень у сераду месцамі па паўднёва-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Прагназуецца, што ўначы паветра прагрэецца да 11—18 цяпла, а ўдзень будзе да 23—29 градусаў вышэй за нуль.
У чацвер у асобных раёнах краіны чакаюцца кароткачасовыя навальнічныя дажджы. У гэтыя дні не пасвяжэе нават уначы, калі тэмпература паветра ў цёмны час сутак не будзе апускацца ніжэй плюс 13 — 19 градусаў, а ўдзень — 24—29 цяпла. У пятніцу месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. У апошні рабочы дзень гэтага тыдня ўначы будзе яшчэ цяплей: ад плюс 14 градусаў да плюс 20 градусаў, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да рэкордных плюс 24—31 градуса. Пара ў адпачынак, хоць... не факт. У ліпені будзе яшчэ цяплей.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pragnoz-nadvorya