Трыстан і Нюра — жыхары сталічнага заапарка — пэўна, яшчэ ніколі не віталі столькі гасцей запар. 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, да іх прыйшлі сотні малых са сваімі цацачнымі сябрамі памерам ад далоні да двухгадовага немаўляці.
Чэргамі з бацькоў і падлеткаў да 14 гадоў, якія маглі бясплатна трапіць у заапарк дзякуючы плюшаваму мядзведзіку, можна было “абгарнуць” увесь перыметр сталічнага жылля для звяроў. Такога натоўпу, здаецца, не чакалі нават самі супрацоўнікі. Імправізаваная “паркоўка” для самакатаў, з якімі на тэрыторыю не пускалі, была перапоўнена. Перад экзатарыумам стварылася свая паркоўка з дзіцячых вазкоў, а ўнутры памяшканняў тэрарыума і экзатарыума перасоўвацца можна было толькі ланцужком.
Пабачыць, як кормяць сталічных мядзведзяў, сабаралася столькі народу, што клетак было не відаць, не тое што іх жыхароў. Трыстану прынеслі цэлы цабэрак яблыкаў, морквы і гуркоў, якія ён тут ж раскідаў па падлозе і пасля са смакам схрумскаў. Нюра ж, зусім як дзяўчынка, акуратна мыла ежу ў ванне і ласавалася галінкамі з маладзенькім лісцем.
Неўзабаве мядзведзі, паабедаўшы, сышлі адпачываць, а дзеці пабеглі шукаць, каго б яшчэ пакарміць і пагладзіць. Таму навокал шпацыравалі натоўпы. Тут былі забаўкі, танцы ды гульні з аніматарамі-клоунамі Ірыскай і Лулай. Здымкі і абдымкі з мядзведзем Балу і вялізным трохмятровым белым мядзведзем. Аквагрым з малюнкамі на любы густ, конкурсы, дэгустацыя марозіва, надзіманыя горкі, плаванне на каноэ, катанне на конях…
Напрыканцы свята дзеці пакінулі свае ўражанні ў малюнках на асфальце.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci