У сталіцы ўстанавілі скульптуру работы ўраджэнца Віцебска Восіпа Цадкіна.
У першы чацвер чэрвеня ў сталіцы ў новым скверы па вуліцы Прытыцкага, 60/2 адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя скульптуры аднаго з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя, ураджэнца Віцебска Восіпа Цадкіна. Манументальная бронзавая работа «Навігатар» ужо ўстаноўлена ў Парыжы каля выхада з Моста інвалідаў. Такім чынам, Мінск стаў другой еўрапейскай сталіцай, якая будзе ўпрыгожана скульптурай вялікага майстра.
Восіп Цадкін — адзін з яркіх прадстаўнікоў Парыжскай школы, ураджэнцаў Беларусі. Выбітны скульптар ХХ стагоддзя нарадзіўся 28 студзеня (9 лютага) 1888 года ў Віцебску. Творы Цадкіна прадстаўлены ў вядомых музейных і прыватных сходах розных краін свету. Па ініцыятыве аднаго камерцыйнага банка краіны работу Цадкіна было вырашана ўстанавіць у скверы каля галоўнага офіса Белгазпрамбанка.
— Гэта па-сапраўднаму знакавая падзея для нашай краіны, — падкрэсліў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. — Бо праект «Арт-Беларусь» першапачаткова задумваўся намі як наглядная ілюстрацыя ўкладу ўраджэнцаў нашай краіны ў агульнасусветнае мастацтва. На працягу ўжо многіх гадоў Белгазпрамбанк займаецца вяртаннем культурных каштоўнасцяў у Беларусь, і нам вельмі прыемна падзяліцца гэтай выдатнай работай Цадкіна з Мінскам і мінчанамі. Мы хацелі не проста ўстанавіць скульптуру, але стварыць новую культурную прастору, якая вартая сталіцы еўрапейскай дзяржавы.
«Навігатар» — манументальная скульптура Восіпа Цадкіна. Першапачаткова створана з дрэва ў 1937 годзе. У цэнтры кампазіцыі — чалавек, у руках якога карабель — адзін з галоўных сімвалаў твора, адсылка да радзімы аўтара, да фамільнай справы яго сям'і — суднабудавання. У 1993 годзе гэтая ж статуя, але ўжо адлітая ў бронзе, была ўсталяваная ў 7-й акрузе Парыжа каля выхада з Моста інвалідаў. Белгазпрамбанк набыў адзін з асобнікаў «Навігатара» на нью-ёркскіх таргах аўкцыённага дома «Сhrіstіе's», каб устанавіць яго каля будынка свайго галаўнога офіса.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/skulptura
[5] https://zviazda.by/be/tags/viktar-babaryka
[6] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[7] https://zviazda.by/be/tags/minsk