У выхадныя ў нашай краіне месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Як адзначылі ў Белгідрамеце, колькасць ападкаў у большасці рэгіёнаў у маі адпавядала сярэднім шматгадовым значэнням, але ёсць раёны на поўдні краіны, дзе выпалі амаль тры месячныя нормы ападкаў. У рэкардсменах Лунінецкі раён. Апошні майскі дзень, па звестках сіноптыкаў, у асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе, толькі ў крайніх паўднёва-ўсходніх раёнах краіны захаваецца ўплыў атмасфернага фронту. Там, па паўднёвым усходзе Гомельскай і Магілёўскай абласцей, прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы.
У першы дзень каляндарнага лета надвор'е ўначы ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, раніцай і ўдзень адаб'ецца ўплыў малаактыўнага франтальнага падзелу, які насоўваецца з боку Балтыкі. Таму ўжо ў суботу чакаецца пераменная воблачнасць, а ўначы ў паўночных раёнах, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 8 да плюс 14 градусаў, удзень — 19—25 цяпла, па паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да плюс 27 градусаў. У нядзелю адаб'ецца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту, які перамяшчаецца ва ўсходнім кірунку. Таму месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень у некаторых раёнах з навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы складзе 9—15 цяпла, удзень — ад плюс 20 да плюс 27 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня ў нашай краіне захаваецца цёплае надвор'е, у многіх рэгіёнах ападкаў не будзе. У панядзелак уначы тэмпература паветра складзе 7—14 цяпла, удзень — ад плюс 20 да плюс 26 градусаў, па поўдні краіны паветра прагрэецца да 28 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore