Падазраваны ў замаху на забойства егера [1] ў Крупскім раёне знойдзены загінулым, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал СК [2].
Па факце замаху на забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці была заведзена крымінальная справа (ч.1 арт.14 п.10 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса). Цела падазраванага, 59-гадовага жыхара Барысаўскага раёна, выяўлена з агнястрэльным раненнем. "Абставіны смерці высвятляюцца. У следства ёсць падставы меркаваць, што меў месца суіцыд. Следчыя і працэсуальныя дзеянні па крымінальнай справе працягваюцца", - праінфармавалі ў СК.
Як паведамляла раней следства, вечарам 26 мая інспектар Барысаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і егер Крупскага падраздзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў сустрэлі ў лесе паблізу вёскі Вялікія Жаберычы мужчыну з паляўнічай стрэльбай у руках. На просьбу прад'явіць дакументы на зброю мужчына адзін раз стрэліў з паляўнічай стрэльбы ў галаву егера і ўцёк у невядомым кірунку. Неадкладна былі выкліканыя экстранныя службы. Пацярпелы знаходзіцца ў рэанімацыі.
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20190527/1558943338-u-krupskim-rayone-adbyusya-zamah-na-zaboystva-egera
[2] https://t.me/skgovby
[3] https://zviazda.by/be/tags/krupski-rayon-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne